Меню
Курс $  3.05 | €  3.53 | ₽100  3.8 |
Погода 13 °C

Малітва, пранесеная праз стагоддзі

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Пост опубликован: 04.05.2023

Настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Лань іерэй Васілій Кісель належыць да кагорты тых святароў, для якіх значнасць веры і храма стала зразумелай яшчэ ў дзяцінстве. Айцец Васілій нарадзіўся ў вёсцы Лука на Століншчыне. Ён — прадстаўнік святарскай дынастыі. Неяк ён і матушка Раіса налічылі сярод сваіх сваякоў больш за шаснац- цаць святароў. Стрыечны брат айца Васілія айцец Іаан Кісель служыў у адным з храмаў горада Дзятлава Гродненскай вобласці. Сярод родных матушкі — айцец Віталій, служыць у Петрапаўлаўскім храме ў аграгарадку Галынка Клецкага раёна, айцец Анатолій — у Свята-Троіцкім храме вёскі Балотца Гомельскай вобласці. Спіс можна працягваць яшчэ доўга.



Самога ж айца Васілія жыццё вяло рознымі шляхамі, калі нават і замінала здзяйсненню некаторых жыццёвых мараў, ды ў рэшце рэшт паставіла перад выбарам, у выніку якога асвоеныя раней прафесіі і захапленні сталі другаснымі, а самым галоўным у жыцці стала святарскае служэнне.

Не так даўно айцец Васілій падзяліўся сваім духоўным вопытам і жыццёвай мудрасцю з удзельнікамі сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, раённай газеты “Нясвіжскія навіны” і СШ № 4 г. Нясвіжа, наведвальнікамі гуртка “Юны журналіст” гэтай навучальнай установы.
Рабяты пацікавіліся, як выхоўвалі будучага святара яго бацькі. Айцец Васілій расказаў, што яго тата, Васілій Макаравіч, рана пайшоў з жыцця, не дажыўшы і да трыццаці гадоў, у сакавіку 1961 года. А ён нарадзіўся увосень таго ж года.

Падрастаючы, Васілій заўсёды стараўся дапамагаць маці. Усе летнія канікулы працаваў у калгасе. Разам са старэйшымі братам і сястрой даглядаў уласную гаспадарку. І асноўнай задачай будучага святара ў школьныя гады было нават не асваенне школьных прадметаў, а рэальная дапамога сваёй сям’і, бо без бацькі ўсім было нялёгка.
Мама Надзея Фёдараўна была вельмі веруючым чалавекам. Сваіх трох дзяцей яна выхоўвала ў строгасці. Кожную нядзелю ўсе разам ездзілі на аўтобусе ў Свята-Троіцкі храм, які знаходзіўся за дзесяць кіламетраў ад вёскі. У той час у храм хадзіць забаранялі.

— Мне асабліва падабалася бываць на начной літургіі на Вялікдзень, — успамінае святар.
Мама айца Васілія амаль трыццаць гадоў адпрацавала прыбіральшчыцай у школе, па выхадных дапамагала ў храме. Надзея Фёдараўна загінула, калі яе малодшаму сыну было сямнаццаць гадоў.

Васілій Васільевіч марыў стаць аграномам, але пасля трагедыі вырашыў не пакідаць сястру. Старэйшы брат да таго быў ужо жанатым чалавекам, меў сям’ю і дзяцей. Хутка сястра выйшла замуж, а наш суразмоўца адправіўся ў армію. Затым ездзіў у Расію на заробкі, тры гады працаваў на Пінскім заво- дзе ліцейнага абсталявання. Калі сам стаў сямейным чалавекам, яны разам з жонкай Раісай Іллінічнай часта хадзілі ў храм. Васілій Кісель заўсёды любіў царкоўную службу, а цяпер ён стаў яшчэ і назіраць, як служаць святары і яму таксама захацелася пайці па гэтым шляху. Калі мара стала рэальнасцю, айцу Васілію было трыццаць гадоў. Пасля рукапалажэння ён служыў на Навагрудчыне. А ў 1992 годзе стаў настаяцелем храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Лань, дзе і служыць па сённяшні дзень.

Рабяты спыталі, ці сустракаліся цяжкасці на шляху святара і як ён іх пераадольваў, на што айцец Васілій адказаў:
— Цяжкасці сустракаюцца ў жыцці кожнага чалавека і кожнай сям’і. Калі гэта датычыцца мяне асабіста, то я, калі мне цяжка, чытаю Евангелле. І ўсё паступова становіцца на свае месцы.
Але звяртацца да слова Божага патрэбна не толькі тады, калі табе дрэнна. Кожны дзень неабходна пачынаць з малітвы і чытання Евангелля. Без гэтага ніяк.

З кніг, прачытаных у юнацкія гады, айцу Васілію асабліва запомнілася кніга “Брэсцкая крэпасць”:
— Я яе амаль на памяць вывучыў. Спачатку мне яе чытаў дзед, гэта была яго кніга, а пасля мне перадаў, — успамінае святар. — Яна захоўваецца да гэтага часу ў мяне на радзіме, у сям’і сястры. Паеду ў родныя мясціны, прывязу, падару мясцовай бібліятэцы. І вам раю прачыць. Вельмі многа там цікавых момантаў.
Пацікавіліся юныя журналісты і тым, як адносіцца айцец Васілій да народных прымхаў і забабонаў.

— У забабоны я ніколі не верыў і вам не раю. Жыць трэба па Евангеллі. І шчасце чалавека залежыць ад яго стаўлення да людзей, да веры і храма, выканання запаведзяў. Трэба памятаць, што над усімі намі Бог, і ён вышэй за дзеянні супраць чалавека тых людзей, што служаць ворагу рода чалавечага, займаюцца вядзьмарствам. Неабходна ісці ў храм, спавядацца і прычашчацца, і нішто дрэннае да вас не прычэпіцца, — запэўніў святар.

Рабятам было цікава, як рэагуе айцец Васілій на тое, што некаторыя маладыя людзі заходзяць у храм у неадпаведным выглядзе, на што святар адказаў, што ў храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы ёсць рэкамендацыі, якія датычацца знешняга выгляду прыхаджан. А сам бацюшка стараецца тлумачыць пачаткоўцам, як паводзіць сябе ў храме, як апранацца, да чаго моладзь ставіцца з разуменнем.

На пытанне, што галоўнае чалавек павінен зрабіць у жыцці, іерэй Васілій Кісель адказаў:
— Галоўнае ў жыцці дапамагаць людзям, клапаціцца аб сваёй сям’і.

Я пра гэта гавару вернікам у храме. І храм не трэба абыходзіць, трэба маліцца Богу. Калі ты прыходзіш у храм, то пасля ты пад Богам ідзеш у сваю кватэру, дом і прыносіш з сабой Ісуса Хрыста.
Людзям, якія толькі задумваюцца над пытаннямі веры, айцец Васілій параіў:
— Да веры трэба прыходзіць паступова. Таму што чалавек не можа адразу прыйсці. Сярод нашых прыхаджан ёсць цэлыя сем’і. І гэта добра, калі бацькі з самага ранняга дзяцінства прывучаюць дзяцей да храма. А калі бацькі самі ў царкву ніколі не ходзяць, чаго чакаць ад дзяцей? Калі вы пачнеце наведваць храм хаця б два разы ў месяц, то пасля вас будзе туды цягнуць. Па маіх назіраннях Мінская і Брэсцкая вобласць — гэта зусім розныя станы па пытаннях веры. У маёй роднай вёсцы зачынілі школу і лю- дзі зрабілі ў яе памяшканні каплічку. Мясцовыя жыхары самі запрашаюць святара паслужыць у дні памяці таго ці іншага святога. Чалавек семдзесят яшчэ і з другіх вёсак прыязджаюць. У свята-Троіцкім храме, што ў роднай вёсцы маёй матушкі, у святы на багаслужэнне збіраюцца ад трохсот да чатырохсот чалавек. У савецкі час храм хацелі зачыніць, але лю- дзі не далі. Храм да гэтага часу захаваўся. Цяпер ніхто нікому не перашкаджае. Таму гавару вам, а вы перадайце сваім бацькам, што дарога да храма заўсёды адкрыта.
Пасля інтэрв’ю, якое праходзіла ў Ланскай сельскай інтэграванай бібліятэцы, айцец Васілій адказаў і на асабістыя пытанні ўдзельнікаў праекта. Бібліятэкар Алена Жук прапанавала для прачытання кнігі духоўнай тэматыкі, іншую мастацкую літаратуру, дзе закранаюцца пытанні маралі.

Скончылася падарожжа экскурсіяй у царкву Пакрова Прасвятой Багародзіцы, дзе настаяцель іерэй Васілій Кісель падрабязна расказаў аб гісторыі даверанай яму святыні. Святар адзначыў, што ў храме, які быў пабудаваны ў 1844 годзе, да сённяшняга дня здзяйсняецца малітвеннае прашэнне за кожнага чалавека, які хоць аднойчы ступіў пад яго скляпенні. А жадаючыя, дарэчы, не пераводзяцца. Сюды спяшаюцца не толькі пастаянныя прыхаджане, але і ўраджэнцы Лані, калі прыязджаюць у родныя мясціны. Часта парог храма пераступаюць зусім невядомыя людзі, якія пра яго існаванне даведаліся з інтэрнета або ад сяброў і знаёмых. Бацюшка не раз вянчаў такіх гасцей, а пасля хрысціў іх дзяцей.

А нам, шаноўныя, не трэба імчаць за свет, шукаючы благадаці Божай для сваёй душы. Нават з Нясвіжа да Лані рукой падаць, не кажучы пра навакольныя вёскі. Крыху намаганняў — і вось ты ўжо ў намоленым стагоддзямі месцы, і твая малітва далучаецца да агульнага хору вернікаў, каб найхутчэй падняцца да Бога. Не прамінуць бы і не спазніцца!

Валянціна ШЧАРБАКОВА,
кіраўнік праекта
“Парады з вуснаў несвіжан”.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!