Меню
Курс $  3.07 | €  3.48 | ₽100  3.86 |
Погода 21 °C

Сустрэча з пісьменнікам

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 4

Пост опубликован: 10.05.2023

У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы адбылася сустрэча з пісьменнікам Уладзімірам Бруем, вядомым аўтарам кніг, большасць якіх прысвечана раскрыццю хрысціянскіх каштоўнасцей. Характэрна тое, што яго аповеды і раманы на такую сур’ёзную тэму напісаны ў вельмі жывой і захапляльнай форме. Яны заўжды — ад  першай да апошняй старонкі — поўныя нечаканых паваротаў лёсу, складаных канфліктаў і глыбокіх душэўных перажыванняў.



На працягу апошніх гадоў аўтар такіх папулярных кніг, як “Нябесны банк”, “Трэцяя Бярэзіна”, “Приключения сирийца в СССР” (на рускай мове ён піша таксама, толькі падпісвае такія творы псеўданімам Игнась Адамский) праводзіць дзясяткі сустрэч з чытачамі не толькі ў Нясвіжы, але і ў Мінску, Салігорску, Пінску, Бабруйску, Баранавічах, Івацэвічах, Жыткавічах. У гэтым спісе ёсць і такія мала каму вядомыя вёскі, як Чудзін, Гоцк, Рэчкі. А першая імпрэза чарговай кнігі абавязкова праходзіць ў Брэсце, дзе аўтар атрымлівае дабраславенне ад свайго сябра Васіля Крэйдзіча, пастара царквы “Збавенне”.

З Брэстам Уладзіміра Бруя звязваюць і вельмі дарагія сэрцу ўспаміны пра яго сябра Уладзіміра Ясковіча. Ужо мінула 7 гадоў, як яго няма ў жывых, але ён, па мілаце Божай паспеў, натхніць свайго цёзку на літаратурную працу, даць шмат карысных парад, дапамагчы з пабудовай сюжэтаў, рэдагаваннем і карэктурай тэкстаў.

Асабістае жыццё Уладзіміра Бруя, нягледзячы на тое, што апошнія паўстагоддзя ён пражыў у вёсцы Карцэвічы, напоўнена неардынарнымі падзеямі, падарожжамі па розных краінах свету, сустрэчамі з вельмі цікавымі людзьмі. Сярод іх — дзяржаўныя дзеячы, пісьменнікі, сусветна вядомыя спартсмены і іх трэнеры.

Што даволі нечакана — сярод яго персанажаў большасць складаюць не яны, а простыя, на першы погляд, нічым не прыкметныя вясковыя людзі. Гэта — трактарысты і кіроўцы, даяркі і аграномы, працаўнікі рыбгаса, настаўнікі. І падзеі адбываюцца не ў наведаных у свой час Парыжы ці Лондане, Берліне ці Венецыі, Дамаску ці Канакры, а ў малесенькіх вёсачках, якія хаваюцца пад прыдуманымі аўтарам назвамі. Можна раскрыць некаторыя з іх: Карцэвічы — Дубкаўцы, Малева — Сінява. Ад Надзеі не засталося ніводнай хаты, а Спадзея паўстае на старонках поўнага гумару “Аб’езда кукурузных палёў”, як жывая…

Дарэчы, гэты твор на пачатку 90-х гадоў гучаў на беларускім радыё ў выкананні беларускага Левітана, цудоўнага дыктара Іллі Кургана.

Зразумела, што без настаўнікаў сярод персанажаў кнігі абысціся было б проста немагчыма па той простай прычыне, што сам Уладзімір Дзмітрыевіч амаль трыццаць гадоў, па яго словах, карміўся цяжкім настаўніцкім хлебам. Былі, безумоўна, і радасныя моманты, калі яго вучні перамагалі на раённых, абласных і нават рэспубліканскіх алімпіядах па англійскай і французскай мовах. Яго выхаванцы за рэдкім выключэннем перамагалі і на раённых спаборніцтвах па настольным тэнісе. А педагог не пераставаў марыць пра працу згодна са сваім дыпломам выпускніка перакладчыцкага факультэта Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта.Сустрэча з пісьменнікам

Зыходзячы з усяго сказанага вышэй, кіраўніцтва бібліятэкі не сумнявалася, што сустрэча з такім чалавекам будзе цікавай, а яго кніга “Сердце новое” — карыснай для старшакласнікаў нясвіжскіх школ. І яны не памыліліся. Мерапрыемства, якое наведалі вучні СШ №1 і гімназіі са сваімі класнымі кіраўнікамі, прайшло на адным дыханні. На пачатку Уладзімір Дзмітрыевіч павіншаваў гасцей са святам, коратка і змястоўна расказаў пра біблійны змест Пасхі як найвялікшай падзеі ў гісторыі чалавецтва

Пасля гэтага прагучала песня, прысвечаная Ісусу Хрысту, якую выканаў Дзмітрый Багдзевіч — прыгожы малады чалавек, які не так даўно вярнуўся з войска. Слухачы былі аднолькава ўражаны і яго моцным прыгожым тэнарам, і тым, што ён вырас у сям’і, дзе акрамя яго ёсць яшчэ дванаццаць дзяцей.

Потым пісьменнік папрасіў сваіх гасцей, якія, дарэчы, амаль цалкам запоўнілі самую ёмістую залу бібліятэкі, дапамагчы яму не весці ў “гульню ў адну браму”, а пабудаваць сустрэчу на пытаннях аўдыторыі.

Аўтар вельмі сцісла прыгадаў асноўныя моманты біяграфіі галоўнага героя “Сердца нового” — хлопчыка Сяргея, круглага сіраты, якога выхоўвала яго бабуля. Найперш, гэта быў яго нязбыўны душэўны боль і няспыннае жаданне знайсці родных тату і маму. Потым на фоне крыўды і безнадзейнасці пачалася “вайна з грамадствам” з яе галаваломнымі калізіямі, якая не магла не скончыцца дзіцячай калоніяй, а потым і турмой. Самае ж галоўнае і неверагоднае адбылося тады, калі Сяргей сустрэўся з  вернікамі і звярнуўся да Бога ў малітве пакаяння, выйшаў на волю і пачаў нармальнае і бясконца шчаслівае жыццё.

Пры завяршэнні сустрэчы бібліёграф аддзела абслугоўвання і   інфармацыі бібліятэкі Вольга Жук падзякавала ўсім прысутным за ўдзел ў мерапрыемстве, а Уладзімір Бруй падараваў кнігу са сваім аўтографам за самае лепшае, на яго думку, пытанне вучаніцы 8 “в” класа першай Нясвіжскай школы Ксеніі Бяганскай. У выніку пасля сустрэчы ў бібліятэцы не засталося ніводнай кнігі пісьменніка — усіх іх разабралі чытачы.

Лілія ІВАНЕНКА.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!