У тым і заключаецца згубнасць дурнога ўчынку, што ён тоіць у сабе зародак новай брыдоты.
Фрыдрых Шылер.
Прыгожае і новае заўсёды ва- біць вока. У прыватнасці, несвіжане бачаць і захапляюцца добрымі пераўтварэннямі ў горадзе, які рыхтуецца дастойна сустрэць сваё 800-годдзе. Добраўпарадкоўваюцца дамы і скверы, укладваецца новы асфальт і г.д. Пастаўлены новыя альтанкі на прыпынках гарадскога аўтобуса, што заўважылі і ацанілі многія. На жаль, знаходзяцца і такія асобіны, якім не дадзена ўспрымаць прыгожае і радавацца яму. Аматары так званага графіці паспелі распісацца на прыпынку ў канцы вуліцы Ленінскай, накрэйзаўшы нейкія кручкі, ды яшчэ быццам замежнымі літарамі.
Што кіравала гэтымі вандаламі, цяжка сказаць. Ці то рукі свярбелі ад гультайства, ці то дурасць не маглі ў сабе ўтаймаваць. Мазгоў хапіла толькі на тое, каб наўмысна сапсаваць дзяржаўную маёмасць, за што, між іншым, прадугледжаны штраф згодна з Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь. І мне дзіўна: няўжо яны адчулі радасць ад таго, што пашкодзілі неабходнае для ўсіх (у тым ліку і для сябе)? Хутчэй за ўсё, ім не хапае элементарнай культуры, сумлення, не мо- гуць яны ганарыцца сваім горадам, у якім жывуць. І, мабыць, сказваецца недастатковае выхаванне ў сям’і: калі бацькі не навучылі дзіця берагчы і шанаваць месца, дзе яно жыве, то некаму збоку навучыць яго гэтаму будзе вельмі цяжка.
Нездарма людзі кажуць: дурная справа няхітрая, мыслення не патрабуе. А шкада, бо заўсёды трэба падумаць перш, чым штосьці зрабіць. Асабліва — хуліганскія выхадкі, бо яны, як правіла, прыводзяць да сумных наступстваў для тых, хто іх учыняе.
Яшчэ хачу спыніцца на іншым непрыемным моманце. Гарадскія ўлады дазволілі аўтастаянку ля магазіна “Ласунак” СПК “Агракамбінат Сноў”, што ў цэнтры горада. Некаторыя вадзіцелі таксама не цэняць такой зручнасці: яны кураць ля сваіх машын і кідаюць акуркі на зямлю. Асабліва шмат іх каля дэкаратыўнага кустарніка, што знаходзіцца злева. Хаця скрынка для смецця стаіць літаральна за 10 крокаў. Атрымліваецца, што і ў пэўнай катэгорыі дарослых бракуе сумлення, калі яны засмечваюць тратуар. Тая ж нявыхаванасць, лянота, раўнадушша да чужой працы. Добра, каб знайшоўся чалавек, які прымусіў бы іх прыбраць за сабой. Дарэчы, падобны сюжэт бачыла ў інтэрнэце. Мужчына з машыны выкінуў на праезджую частку смецце. Тут падышоў другі чалавек, сабраў тое смецце ў пакет і закінуў назад у машыну. Вось так, мабыць, і трэба абыходзіцца з тымі, хто ігнаруе культуру і парадак.
Раіса ХВІР,
г. Нясвіж.