Напярэдадні Дня Перамогі з асаб-лівай удзячнасцю мы ўспамінаем тых, хто падарыў нам мірнае неба і свабоду. На жаль, жывых людзей, якія прайшлі праз жудасныя дні Вялікай Айчыннай вайны, ахвяруючы сабой, каб наблі- зіць момант перамогі, засталося няшмат. Але кожны з іх сваім прыкладам нагадвае моладзі аб тым, што магчыма ўсё, калі ў гэта верыць.
Адна з іх — працаўнік тылу, несвіжанка Антаніна Міхайлаўна Лук’янава. Трэцяга сакавіка нашай паважанай суайчынніцы споўнілася 99 гадоў, і нягледзячы на жыццёвы шлях амаль у стагоддзе, яна і сёння ветліва сустракае гасцей і не скардзіцца на праблемы са здароўем, якія ёсць у кожнага сталага чалавека.
У Нясвіжскі раён Антаніна Міхайлаўна прыехала ўжо пасля вайны, калі выйшла замуж за несвіжаніна. А нарадзілася будучы працаўнік тылу ў вёсцы Меленка Першамайскага раёна Яраслаўскай вобласці, што знаходзіцца ў Расійскай Федэрацыі. Да вайны Антаніна Міхайлаўна скончыла 10 класаў школы і ўжо ў 17-гадовым узросце сустрэлася з цяжарам ваеннага часу. У гады Вялікай Айчыннай вайны яна працавала ўлікоўцам трактарнай брыгады саўгаса “Чырвоны Кастрычнік” Барысаглебскага раёна Яраслаўскай вобласці, а затым сакратаром-машыністкай Кіраўскага раённага аддзела ўпраўлення дзяржбяспекі па Калужскай вобласці.
Пасля 1945-га працавала ў Нясвіжскім дзяржбанку, планава-эканамічным аддзеле райвыканкама. А потым на некаторы час вярнулася ў Расію, да выхаду на заслужаны адпачынак працавала на кандытарскай фабрыцы г. Каменск-Уральскі Свярдлоўскай вобласці, але ізноў пры- ехала ў Нясвіж, які стаў для яе сапраўднай другой радзімай.
Жыццёвы лёс склаўся так, што ў гераіні гэтага аповеду няма працягу ў дзецях, але дзякуючы клопату дзяржавы яна не застаецца адна. Яе даглядаюць сацыяльны работнік Алена Ляшкевіч і сядзелка Вольга Прышчэп, якія робяць усё магчымае, каб падтрымліваць сваю падапечную ў бадзёрым настроі і добрым стане.
За добрасумленны ўклад у набліжэнне Перамогі Антаніна Міхайлаўна ўзнагароджана медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 —1945 гг.”, многімі юбілейнымі медалямі.
Марыя АЛЯКСЕЕВА.
Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.