7 мая споўніцца 100 гадоў з дня нараджэння героя Сацыялістычнай Працы М.М. Германа
Высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы ў нашым раёне першым у 1971 годзе атрымаў слесар Нясвіжскай райсельгастэхнікі Мікалай Мікалаевіч Герман.
Авалодваць спецыяльнасцю Мікалай Герман пачаў у 15-гадовым узросце — вучыўся кавальскай справе ў бацькі, Мікалая Іосіфавіча. Стаў яго падручным у кузні Капыльскай МТС. Там жа закончыў курсы трактарыстаў і ў маі 1941 г. самастойна выехаў на калгаснае поле.
Усё перавярнула Вялікая Айчынная вайна. Жыццё пад акупантамі расставіла іншыя прыярытэты. Германы пачалі дапамагаць партызанам. Мікалай-малодшы збіраў па лясах зброю, употайкі прыносіў у кузню. Бацька рамантаваў яе, і пасля перадавалі народным мсціўцам. 19-гадовы Мікалай стаў партызанскім сувязным. Атрымліваючы ад беларусаў адпор, фашысты звя- рэлі, праводзілі акцыі ўстрашэння мірнага насельніцтва. Так, 5 лютага 1943 г. была знішчана родная вёска Мікалая Мікалаевіча — Жавалкі. Загінулі яе 512 жыхароў — каго расстралялі, каго спалілі. Гарэла ўсё падчыстую. Загінулі маці, два малодшыя браты і сястра Мікалая Германа. Ён сам, брат Міхаіл і бацька засталіся жывымі. Пазней Мікалай Іосіфавіч пахаваў на вясковых могілках тое, што засталося на папялішчы ад жонкі і дзяцей.
Усе ўтраіх яны засталіся ў партызанскім атрадзе. Помсцілі ворагу за загубленыя душы. Мікалай з Міхаілам помсцілі і на фронце, мабілізаваныя ў Чырвоную Армію пасля вызвалення Беларусі. Мікалай служыў разведчыкам першай батарэі 115-га знішчальнага процітанкавага артылерыйскага палка на II Украінскім фронце. Вызваляў ад фашыстаў Чэхаславакію. 25-26 красавіка 1945 г. вызначыўся ў баях за горад Брно. Умела правёў разведку, абнаружыў дзве варожыя кулямётныя кропкі і танк, якія былі знішчаны яго таварышамі. У баі з асабістай зброі застрэліў дзевяць гітлераўцаў. За бой пад Брно і быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Перамогу Мікалай Мікалаевіч сустрэў пад Прагай.
Дэмабілізаваўшыся ў 1947 г., ён вярнуўся на малую радзіму, працаваў у калгасе. Праз год прыехаў у наш раён, уладкаваўся на работу ў МТС. Працаваў механізатарам, узначальваў трактарную брыгаду. Сам дысцыплінаваны і акуратны, ён, умелы спецыяліст і арганізатар, таго ж патрабаваў ад калег. За ім замацавалася слава таленавітага рацыяналізатара.
У 1961 годзе Нясвіжская МТС стала райсельгастэхнікай, і тады ж Мікалай Герман пачаў працаваць у ёй слесарам-рамонтнікам сельскагаспадарчай тэхнікі. Выконваў усе аперацыі якасна, без затрымак, пастаянна ўдасканальваў сваё майстэрства.
Не аднойчы выходзіў пераможцам сацыялістычнага спаборніц- тва. За поспехі ў выкананні планаў восьмай пяцігодкі быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. На рахунку Мікалая Мікалаевіча было шмат рацпрапаноў. Напрыклад, ён прапанаваў зрабіць штампы і выраб- ляць патрэбныя новыя дэталі для рамонту бульбаўборачнай тэхнікі — пальцы лемеха КТН-2 хутка зношваліся, заводскіх узамен не хапала, як не хапала і шайб да бульбакапалак. Укараненне навінак забяспечыла цэх запчасткамі, значна павысіла прадукцыйнасць працы рабочых. За дасягнутыя ў сельгасвытворчасці краіны поспехі, выкананне чарговага пяцігадовага плана продажу дзяржаве прадукцыі земляробства і жывёлагадоўлі М.М. Герману прысвоілі ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР выйшаў 8 красавіка 1971 г. Дарэчы, у тым жа годзе калектыў Нясвіжскай райсельгас- тэхнікі быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Мікалай Мікалаевіч Герман некалькі разоў удзельнічаў у ВДНГ СССР, меў бронзавы медаль і дыпломы. З’яўляўся ўдарнікам камуністычнай працы. Ён шмат гадоў “лячыў” паліўную сістэму трактараў і меў у гэтай справе глыбокія веды і багаты вопыт. У раённай газеце “Чырвоны сцяг” за 1972 год я прачытала пра трэці раённы конкурс на лепшага па прафесіі, што прахо- дзіў у райсельгастэхніцы. Змагаліся рабочыя шасці спецыяльнасцей. Сярод слесараў першае месца заняў Герой Сацыялістычнай Працы Мікалай Мікалаевіч Герман. Ён даў поўныя і дакладныя адказы на ўсе пытанні білета. А пытанні аказаліся не з лёгкіх: пра жалезавугляродныя сплавы, пра зборку шліцавых злучэнняў, пра тэхніку бяспекі.
Герман не толькі сам умела рамантаваў машыны. Ён вучыў сваёй справе моладзь. Пра яго і сёння з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінае лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, слесар ААТ “Нясвіжскі райаграсэр- віс” Міхаіл Міхайлавіч Чырко: “Я вучыўся ў яго тры ці чатыры месяцы. Мой настаўнік быў чалавекам творчым, усё нешта прапаноўваў. Расказваў сваім вучням зразумела, даходліва. Матор — сэрца трактара, і рамонт паліўнай апаратуры — вельмі адказная справа. Мікалай Мікалаевіч вучыў гэтай адказнасці”.
Вучыў ён сваёй справе і старэйшага сына Уладзіміра. Вось што расказвае Ула- дзімір Мікалаевіч, які пасля інстытута працаваў інжынерам у ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” і жыве зараз у Аношках:
— Пасля Рудаўскай пачатковай школы я ў 5 — 8 класах займаўся ў Нясвіжскай СШ №1. Планавалася экскурсія ў Маскву і Ульянаўск, я на канікулах падпрацоўваў у бацькі, зарабляў грошы на паездку. Бацька паказаў, як разбіраць паліўную апаратуру, і я хуценька з ёй спраўляўся, а ён ужо праводзіў дэфектоўку. І справа ішла хутчэй, і заробак у мяне быў уласны. І экскурсія вельмі спадабалася. Вядома, я ганарыўся бацькам, і ў памяці аб ім толькі добрае. Пасля службы ў арміі і заканчэння інстытута я год адпрацаваў з ім.
Са школьных гадоў яшчэ памятаю такі выпадак. Неяк атрымаў я тройку ў дзённік. Мама, Вікторыя Аляксандраўна, кажа бацьку: “Гля-дзі, тройку прынёс”. А ён адказаў: “Не адзнакі патрэбны, патрэбны веды”. Сапраўды, можна зазубрыць тэму, а ведаў няма.
Мікалай Герман нарадзіўся 7 мая 1923 года ў в. Жавалкі Капыльскага раёна. Скончыў курсы трактарыстаў, працаваў у мясцовай МТС. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскага атрада. З 1944 года ваяваў з ворагам на фронце, удзельнічаў у вызваленні Прагі. Пасля вайны працягваў працаваць у Капыльскай МТС, а з 1948 г. шчыраваў на Нясвіжчыне. Быў брыгадзірам трактарнай брыгады. У 1953 г. уступіў у КПСС. У 1961 годзе стаў слесарам райсельгастэхнікі.
Мікалай Мікалаевіч Герман узнагаро- джаны ордэнам Леніна і залатым медалём Героя Сацыялістычнай працы, ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені і Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём “За адвагу” і бронзавым медалём ВДНГ СССР.
М.М. Герман пайшоў з жыцця ў 1991 годзе.
— Як журналіст 1970-х, я памятаю Мікалая Мікалаевіча сціплым, негаваркім чалавекам. А якім ён быў у сям’і?
— Такім і быў. І яшчэ — разважлівым. Зноў жа прывяду прыклад. У мяне быў малодшы брацік, які памёр маленькім. І я прасіў бацькоў яшчэ нарадзіць мне брата. Хлопчык з’явіўся на свет 15 красавіка 1961 года. Толькі што адбыўся першы палёт чалавека ў космас, і тата хацеў назваць сына Юрам у гонар Гагарына. А я — Генам, так, як звалі першага браціка. І бацька ўступіў маёй просьбе.
Пра вайну Мікалай Мікалаевіч не любіў гаварыць, не расказваў. Мусіць, боль велізарнай страты родных не даваў. На фронце ў 1944-м загінуў і яго брат Міхаіл, з якім выратаваліся ад карнікаў у 43-м. Ён застаўся адзін са шматдзетнай сям’і. Ён і бацька — толькі яны двое засталіся жыць на гэтай зямлі з вялікай сям’і Германаў у сем чалавек. Тут ужо нават не кожны трэці загінуў, і нават не кожны другі. Варожыя кулі ляцелі часцей…
— Дзядуля, Мікалай Іосіфавіч, — вось ён шмат расказваў, — працягвае свой аповед мой суразмоўца. — Ён і вучыў мяне шмат чаму. Мы з бацькам да яго часта ездзілі, дапамагалі. Жавалкі пасля вайны адбудаваліся. У дзядулі з часам з’явілася новая сям’я. У 1967 го- дзе мы прысутнічалі там на адкрыцці помніка загінуўшым мірным жыхарам — нашым родным і землякам.
Сапраўды, цяжка ўсё гэта. Ула-дзіміру Мікалаевічу — успамінаць, што перажыў яго бацька, мне — слухаць. І гэты боль, відаць, Мікалай Мікалаевіч Герман пранёс у сэрцы праз усё жыццё.
Ён жыў у прыгараднай вёсцы Рудаўка. Жонка Вікторыя Аляксандраўна некаторы час таксама працавала ў райсельгастэхніцы. Пазнаёміліся яны цікава. Перабраўшыся на Нясвіжчыну, Мікалай Герман зняў у Рудаўцы прыватную кватэру. А ў гаспадыні аказалася дачка Віка. Прывабная дзяўчына. Так і нарадзілася іх сям’я. Мікалай Мікалаевіч стаў паўнапраўным жыхаром Рудаўкі, гаспадаром. Сам пабудаваў новую хату. Адсюль праводзілі сыноў служыць у Савецкую Армію. Далі ім пуцёўку ў самастойнае жыццё. Дарэчы, сын Генадзь таксама выбраў тэхнічную спецыяльнасць. Скончыў тэхнікум і працуе загадчыкам майстэрняў у адным з прадпрыемстваў Пухавіцкага раёна. Адзін з сыноў Генадзя названы ў гонар знакамітага дзядулі — Мікалаем.
Герой гэтага аповеду з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Нясвіжа. Вуліца ў новым мікрараёне носіць імя Мікалая Мікалаевіча Германа.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
г. Нясвіж.