Меню
Курс $  3.07 | €  3.53 | ₽100  3.8 |
Погода 8 °C

Выдатны юбілей самаадданай працы

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 4

Пост опубликован: 12.05.2023

У бягучым годзе сістэме аховы здароўя нашага раёна споўніцца паўстагоддзя. Такую ж юбілейную дату свайго працоўнага стажу адзначыць і медыцынская сястра міжраённага ўралагічнага аддзялення Нясвіжскай ЦРБ Ала Мікалаеўна Сідарава. Аб прафесіянале медыцынскай справы, а таксама аб чалавеку шырокай душы з нагоды святкавання Міжнароднага Дня медыцынскай сястры — наш матэрыял вашай увазе.



—  Я заўсёды магла і ўмела знайсці з людзьмі агульную мову, — расказвае пра выбар прафесіі Ала Мікалаеўна. — Сказаць правільнае, патрэбнае слова, падбадзёрыць у неабходны момант, альбо проста даць параду ў мяне атрымлівалася ўсё жыццё.

І зараз гераіня гэтага аповеду сціпла, але з поўнай упэўненнасцю кажа, што шлях медыцынскага працаўніка — гуманны шлях — гэта “яе”, што яна некалі не памылілася з выбарам і дагэтуль аддана яму служыць, любіць тое, чаму прысвяціла шмат гадоў жыцця.

Гісторыя Алы Мікалаеўны, пад простай назвай “Як я стала медыцынскай сястрой?” пачалася ў 1970-м годзе, калі маладая дзяўчына скончыла двухгадовыя курсы на базе нашага раёна (яны прыраўноўваліся да ведаў спецыяльнай адукацыі). А ў лістападзе 1973-га, пры адкрыцці ўралагічнага аддзялення бальніцы, уладкавалася там медсястрой.

— Самі разумееце, тады было няпроста арганізаваць работу, на пачатковых этапах. У асноўным тады праводзілі паласныя аперацыі, шмат увагі надавалі выходжванню пацыентаў пасля ўмяшальніцтваў. Перыяд вастанаўлення хворых быў значна даўжэйшы. Зараз жа медыцына, як кажуць, не стаіць на месцы. Цяпер у нашай практыцы — аптычныя аперацыі, без сур’ёзных пашкоджвання скуравых тканяў. І вылечваюцца пацыенты хутка, — адзначае медсястра.

Умець выслухаць, праявіць павагу, цярпенне, а часам і проста суцешыць, супакоіць добрым словам, каб у чалавека, які знаходзіцца ў няпростай, а нярэдка і адчайнай сітуацыі, — стала галоўным за ўвесь пройдзены працоўны шлях для Алы Мікалаеўны.

— У гэтым і ёсць сэнс маёй работы. Я яе вельмі люблю. Люблю людзей, і дапамагаць ім — тое, дзеля чаго я ўсё яшчэ тут. Міласэрнасць і лагоднасць — менавіта гэтыя якасці, я лічу, перш за ўсё павінны належыць чалавеку маёй прафесіі, — дзеліцца думкамі медыцынскі работнік і дадае: — Мне вельмі хочацца падзякаваць і былому, і цяперашняму кіраўніцтву, усім сваім калегам і пацыентам за іх добрую адзнаку маёй працы, за тыя стасункі, якія заўсёды застаюцца ветлівымі, добразычлівымі і ладзяцца на ўзаемапаразуменні! Гэта вялікага каштуе!

Такое стаўленне да справы, якую робіш, і робіш, дарэчы, не толькі для сябе, Ала Мікалеўна стараецца перадаваць маладому пакаленню спецыялістаў. Расказвае, што і зараз навучае, паказвае “што да чаго” маладым дзяўчатам, якія не так даўно прыйшлі працаваць у аддзяленне. Правільны, належны дагляд за хворымі, выкананне ўсіх прызначэнняў урача, назіранне за станам пацыентаў — да ўсяго свой падыход.

І сумневу ў тым, што Ала Мікалаеўна — прыклад для пераймання, няма.  Гледзячы на гэтую далікатную жанчыну з адкрытай усмешкай і добрымі вачыма, разумееш, што медыцынскі работнік вылечвае не толькі лекамі і ін’екцыямі, але і сваім добрымі словамі, чуласцю і ўвагай, якія так неабходны для выздараўлення.

Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.

Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.

 

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!