У самых розных кутках нашай планеты 15 мая адзначаецца Сусветны дзень сям’i. У гэты дзень увага ўсяго грамадства звяртаецца да важнасці традыцыйнай сямейнай мадэлі і яе ролі ў фарміраванні здаровага грамадства. Пра адну з такіх сямей, якія з’яўляюцца добрым прыкладам станоўчых здаровых зносін, прыкладам павагі адзін
да аднаго, пранесенай праз дзесяцігоддзі сумеснага жыцця, мы і раскажам вам сёння.
Марыя Зіноўеўна і Аляксандр Фёдаравіч Селівёрставы разам крочаць па жыцці з 1976 года. З таго самага моманту, як пазналі адзін у адным сваю будучую другую палову і вырашылі ўзяць шлюб.
— Я тады па размеркаванні пасля заканчэння Інстытута народнай гаспадаркі патрапіла на Віцебшчыну галоўным эканамістам на сельгаспрадпрыемства, — расказвае Марыя Зіноўеўна. — У той жа гаспадарцы мой будучы муж працаваў начальнікам вытворчага ўчастка. Так і пазнаёміліся.
Усё, вядома, пачыналася з пачуцця закаханасці. Добрым стаўленнем, надзейнасцю і цёплымі словамі Аляксандр закрануў сэрца дзяўчыны. І з цягам часу каханне выспела ў новыя пачуцці — еднасці і ўзаемаразумення.
— Моцныя пачуцці, гэта, безумоўна, цудоўна, — кажа Марыя Зіноўеўна. — Без іх жыццё было б не такім. Але ўсё ж падмурак доўгага і шчаслівага сумеснага жыцця — гэта цярпенне. Важна паважаць адзін аднаго, умець саступаць. Часам, нават калі ведаеш, што маеш рацыю, лепш прамаўчаць і не правакаваць спрэчку.
У любых пытаннях сям’я Селівёрставых прымае рашэнні разам. Гэта — адзін з іх галоўных прынцыпаў. А калі з’яўляюцца непаразуменні — хутка іх вырашаюць. Але часам на гэта трэба крыху жыццёвай хітрынкі і мудрасці.
— Важна размаўляць адзін з адным, — працягвае жанчына. — Парада для маладых сем’яў: ніколі не адгароджвайцеся ад блізкага чалавека. Шукайце паразумення па магчымасці без сварак, каб не сказаць нічога абразлівага, за што потым будзеш сябе дакараць. Я ўдзячна, што мой муж нават падчас рэдкіх спрэчак думае пра мяне і лепш вый- дзе на вуліцу, каб не лаяцца і не працягваць эмацыйную размову. А потым, калі абодва гатовы чуць адзін аднаго, мы абмяркоўваем, што нас турбуе.
Сапраўды, нават у самай шчаслівай пары здараюцца складаныя моманты, і добра, калі выйсце знаходзіцца такое, што задавальняе абодвух.
За 46 гадоў шлюбу героі гэтага аповеду прайшлі вялікі шлях, выгадавалі траіх дзяцей, цяпер радуюцца, гледзячы, як падрастаюць іх унукі і маленькая праўнучка, якой споўнілася 7 месяцаў.
Пра сваіх дзяцей і ўнукаў Марыя Зіноўеўна гаворыць з гонарам і любоўю:
— У нас вялікая дружная сям’я. У дзяцей ва ўсіх па двое дзетак. Наша ўнучка скончыла Віцебскі медуніверсітэт і працуе лекарам агульнай практыкі, а яе муж — хірургам. Можа, яны распачнуць сямейную дынастыю ўрачоў. Але гэта будзе бачна пазней. Сын нашай дачкі вучыцца на другім курсе БНТУ. Унукі ад старэйшага сына — адзін вучыцца ў машынабудаўнічым каледжы ў Мінску, а другі — толькі ў 2-м класе школы.
Хлопчыкі, якія нарадзіліся ў сям’і нашага малодшага сына, яшчэ абодва маленькія — старэйшы ў 5-м класе, меншы — ходзіць у дзіцячы садок. Вельмі прыемна бачыць, што ўнукі растуць разумнымі і стараннымі. Добра вучацца, любяць спорт радуюць нас з бацькамі адказным стаўленнем да сваіх абавязкаў. Ёсць дзеля каго жыць. Душа за ўсіх радуецца.
Асабліва значэнне мае тое, што ў сям’і Селівёрставых заўсёды кіпіць жыццё. “Дзеці і ўнукі прыязджаюць па першым клічы. Калі што патрэбна — яны заўсёды дапамогуць, — расказвае Марыя Зіноўеўна. — А летам у нашай вёсцы, у Лявонавічах, становіцца шумна ад дзіцячых галасоў — шмат да каго таксама прыязджаюць унукі”.
Але ў адрозненні ад большасці бабуль і дзядуль Марыя і Аляксандр сваіх унукаў не толькі песцяць, але і перадаюць ім свае веды:
— Дзяцей з маленства патрэбна прыву- чаць да парадку, да працы, прывіваць дысцыпліну. Каб яны былі гатовыя для любых паваротаў жыцця і ўсё ўмелі. Акрамя таго, важна, каб любілі і паважалі бацькоў і нас, старых.
Нягледзячы на тое, што значна весялей, калі ўсе родныя блізка, Селівёрставы не сумуюць, калі застаюцца сам-насам. Днём хапае працы па хатняй гаспадарцы, а ўвечары прыемна паглядзець тэлевізар ці проста пасядзець разам.
Галоўнае для пажылых людзей, каб усе былі здаровыя. Каб у сем’ях іх дзяцей панавала згода, а навокал — былі мір і спакой.
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.