Свята дзяржаўных сімвалаў У другую нядзелю мая, а сёлета гэта 14-га, мы ўпершыню будзем адзначаць свята дзяржаўных сімвалаў з трошкі змененай назвай. Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Дапаўненне пра гімн у назве свята Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўнёс указам № 105 ад 12 красавіка 2023 года ва ўказ № 157 ад 26 сакавіка 1998 года. Усе тры дзяржаўныя сімвалы сінявокай Беларусі ў гэтыя дні асабліва ўшаноўваюцца, бо яны — самыя лепшыя, у іх — душа і сэрца беларусаў, іх думы, радасці і спадзяванні, іх ідэалы, патрыятызм і гонар, вера і традыцыі, іх вечныя ісціны. Яны — компас ва ўмацаванні беларускай дзяржаўнасці,
дынамічнага развіцця краіны. Вучоныя, палітычныя эксперты называюць іх сакральнымі знакамі кода нацыі.
Пытанне аб тым, якімі быць у незалежнай Беларусі Дзяржаўнаму сцягу і Дзяржаўнаму гербу, было вырашана падчас рэспубліканскага рэферэндуму 14 мая 1995 года. У галасаванні ўдзельнічалі 4830582 чалавекі. З іх 3622851 чалавек, або 75,1%, былі “за” прапанаваную новую сімволіку. “Супраць” прагаласавалі 988839 чалавек, або 9,39%. 211792 бюлетэні па гэтым пытанні былі прызнаны несапраўднымі.
Інфармацыю аб тым, якімі былі вынікі па Нясвіжчыне, знаходжу ў раённай газеце “Чырвоны сцяг”. Галасавалі 29835 чалавек. “За” выказаліся 20027 (62,2 %), “супраць” новай сімволікі — 8040 чалавек (26,9 %), несапраўдных бюлетэняў было 1768 (5,9 %).
Мне, проста жыхарцы Беларусі, падабаюцца нашы дзяржаўныя сімвалы. Яны — мае. Па духу. Хораша ўспрымаюцца маёй свядомасцю. Яны блізкія з тымі, што былі ў БССР, калі мы жылі ў савецкай рэспубліцы.
Па больш грунтоўныя, навукова, гістарычна і палітычна вывераныя досведы давайце звернемся да меркаванняў спецыялістаў. Вось што гаварыў кандыдат філасофскіх навук Мікалай Шчокін: “Беларусь — адна з нямногіх краін у свеце, якая, па-першае, зацвердзіла свае дзяржаўныя сімвалы на рэферэндуме, па-другое, вызначыла тыя дзяржаўныя сімвалы, якія натхняюць і ўвасабляюць гістарычны этап адзінай рэалізаванай магчымасці самастойнага ў сваім выбары дзяржбудаўніцтва, а значыць, суверэннасці і незалежнасці. Гісторыя нашай краіны шматгранная і няпростая ў яе прачытанні. Але іменна пад сённяшнімі дзяржаўнымі сімваламі беларускі народ аб’яднаўся і дэманструе сілу свайго духу, шануе хрысціянскія традыцыі, праяўляе гераізм і працаві- тасць. Яны ў сабе ўвасобілі як тайну паходжання беларускага народа, так і вялікі подзвіг у час Вялікай Айчыннай вайны, як невычэрпнае імкненне “беларусамі звацца”, так і ажыццяўленне сваіх самых запаветных мараў з думкамі аб справядлівасці лёсу”.
Арнамент на беларускім сцягу — найбольш старажытны элемент геральдыкі калі не ў сусветным маштабе, то ў еўрапейскім дакладна, — упэўнены палітычны аналітык Пётр Пятроўскі. Арнамент ілюструе сутнасць складанага лёсу беларускага народа, які стагоддзямі выступаў як “пан сахі і касы”. Спалучаюцца чырвоны і зялёны колеры. Першы — сімвал пераможнасці, які бярэ пачатак у старажытныя часы. Другі адлюстроўвае партызанскую сутнасць беларусаў, якія не толькі перажылі акупацыю, але і змагаліся за сваё вызваленне — для народных мсціўцаў лес быў домам, прытулкам, “партызанскімі сёстрамі” назваў паэт Адам Русак беларускія бярозы ды сосны.
На гербе Рэспублікі Беларусь — калоссе збажыны, кветкі льну і канюшыны, зямны шар, асветлены промнямі ўзыходзячага сонца. На іх нанесены контур Беларусі. І над усім зіхаціць пяцікутная зорка. Гэта — сімвал багацця і працавітасці беларусаў, прыроды і грамадскай салідарнасці. Рэспубліка Беларусь заняла свой “пачэсны пасад між народамі” і ўносіць уклад у развіццё чалавецтва.
Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь
Словы М.Клімковіча, У.Карызны
Музыка Н.Сакалоўскага
Мы, беларусы — мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям’і.Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!Разам з братамі мужна вякамі
Мы баранілі родны парог,
У бітвах за волю, бітвах за долю
Свой здабывалі сцяг перамог!Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!Дружба народаў — сіла народаў —
Наш запаветны, сонечны шлях.
Горда ж узвіся ў ясныя высі,
Сцяг пераможны — радасці сцяг!Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!
А наш Дзяржаўны гімн, напісаны паэтамі Міхаілам Клімковічам і Уладзімірам Карыз-нам, а верш пакладзены на музыку кампазітарам Нестарам Сакалоўскім?! Гэта ж — апафеоз усіх памкненняў беларусаў, нашых ідэалаў і ідэалогіі. Ён падкрэслівае, што мы — мірныя людзі, ні з кім не хочам ваяваць, як ужо не раз падкрэсліваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Мы і далей хочам жыць у братэрскім саюзе з іншымі народамі. Калі сябруем, то — шчыра. Калі сілы гартуем, то — у працавітай сям’і. Наша маці-Радзіма — самая любімая. І няхай яна вечна жыве і квітнее! І няхай над Беларуссю горда ўзвіваецца ўвысь наш пераможны сцяг!
Наш сцяг у 1995 годзе праз меркаванне больш за 3,6 мільёна беларусаў прыйшоў на змену бела-чырвона-беламу, як і наш сённяшні герб — на змену “Пагоні”. Тыя сімвалы былі зацверджаны Вярхоўным Саветам БССР у 1991-м, пасля таго, як у жніўні нечарговая сесія надала Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі статус закона. У першую чаргу на парадак дня было вынесена пытанне аб новай назве краіны, пра сцяг і герб, а прадстаўнікі БНФ яшчэ хацелі вярнуць нашай сталіцы старажытную назву — Менск.
У той час я жыла далёка ад Беларусі, у Сібіры, і была, шчыра скажу, не ў тэме палітычнай барацьбы і розных пературбацый на яе тэрыторыі. Мой “сярпасты, малаткасты” савецкі пашпарт быў яшчэ ўсюды сапраўдны.
Толькі, прылятаючы сюды ў водпуск, здзіўлялася. Вакол — разруха, эканоміка развалена, ледзь купіш што паесці, тавары — па талонах, дзіцячыя пялёнкі-распашонкі — па беларускім пасведчанні аб нараджэнні (я сваё немаўля для гэтага знарок у Нясвіжы рэгістравала, а не ў Лангепасе). Усюды — чэргі, натоўпы разгубленых, раззлаваных людзей, што засталіся без працы, бо прадпрыемствы зачыняюцца, салігорскія шахцёры ідуць у Мінск, патрабуюць зарплату, бо няма чым карміць сем’і. Рабочыя лёгкай прамысловасці атрымліваюць зарплату сваёй прадукцыяй і самі ўсюды возяць яе прада- ваць. Каб выжыць, усе гандлююць усім — на вуліцах. Працвітаюць рэкет і бандыцкія разборкі. “І толькі для вузкай праслойкі насельніцтва (назавём яе для зручнасці “тры працэнты”) 1990-я сталі часам неабмежаваных магчымасцей. Магчымасці гэтыя заключаліся ў крадзяжах на дзяржаўных закупках і дзяржаўных крэдытах, спекуляцыях на курсе рубля і рээкспарце”, — заўважаюць эксперты. Так падымаліся пасля развалу Саюза, лавілі рыбку ў мутнай вадзе новыя гаспадары жыцця, буржуазная і карупцыйная праслойка грамадства. А ў гэты час кіраўніцтва суверэннай, але такой няшчаснай Беларусі, у асобе парламента спрачаецца, як перайначыць назву Мінска і г.д. Хіба ж гэта было самым галоўным на той час, а не пошук новых эканамічных сувязей — з Усходам, з Захадам, каб нала- дзіць хоць крыху прыстойнае жыццё народа?!
Вельмі цікавым, але мала прыемным было маё знаёмства з апісаннем тых абставін, пры якіх у 1991-м наша Беларусь займела новыя сімвалы. Як успамінаў дацэнт кафедры гісторыі Беларусі Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы кандыдат гістарычных навук Уладзімір Ягорычаў, у прызнанні бчб-палотнішча ў якасці дзяржаўнага з самага пачатку быў закладзены падман. 12 верасня 1991 г. на пасяджэнні вучонага савета Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР была прынята пастанова “Аб назве, дзяржаўным гербе, дзяржаўным сцягу, дзяржаўным гімне Беларускай ССР і назве яе сталіцы”. Пастанову прынялі як адказ на запыт дэпутатаў. Рыхтавалі тэкст актывісты БНФ з Інстытута гісторыі загадчыкі аддзелаў Штыхаў (у яго аддзеле працаваў лідар апазіцыі ў парламенце і старшыня сойма БНФ Пазняк) і Лойка (у яго аддзеле працаваў апазіцыйны дэпутат Голубеў). Але прапанова вучонага савета Інстытута гісторыі зацвердзіць у якасці дзяржаўнага бчб-сцяг была адхілена пры яе разглядзе ў бюро Аддзялення грамадскіх навук АН БССР. Бюро складалася з 14 чалавек, “за” прагаласавалі толькі 4. Аб гэтым паведаміла газета “Навіны Беларускай акадэміі” за 27 верасня 1991 г. Толькі дэпутат-апазіцыянер Голубеў, выступаючы на пасяджэнні Вярхоўнага Савета 19 верасня, падмануў калег, сказаўшы, што бюро Аддзялення падтрымала прапанову Інстытута гісторыі. Пастанова паслужыла для дэпутатаў аўтарытэтнай крыніцай, спасылкай на традыцыі некалькіх стагоддзяў.
За “Менск” у парламенце, чытаю ў публіцыста Андрэя Мукавозчыка, прагалавалі 142 чалавекі, а трэба было 173. Праціўнікі новай сімволікі падзяліліся. Адны лічылі, што сімвалы звязаны з супрацоўніцтвам з фашыстамі ў вайну. Другія прапаноўвалі вынесці пытанне на рэферэндум. Трэція, на чале з Аляксандрам Лукашэнкам, лічылі, што пытанне нельга вырашаць наскокам, што трэба адкласці на год-два, да прыняцця новай канстытуцыі. Каб змяніць дзяржаўную сімволіку, патрэбна была канстытуцыйная большасць — 231 голас. За новы сцяг прагаласаваў 201 чалавек, за герб — 204. Тады старшыня Вярхоўнага Савета Шушкевіч прапанаваў прагаласаваць за папраўкі ў Канстытуцыю, каб новыя сімвалы зацвярджаліся асобным законам, для чаго дастаткова было б проста большасці — 173 галасы. Але і для ўнясення такой папраўкі не хапіла 10 галасоў. Тады Шушкевіч паўторна вынес законапраект на галасаванне. Даканаў, даціснуў. З 263 дэпутатаў 231 выказаўся “за” змену сімвалаў.
Андрэй Мукавозчык прыводзіць усе досведы, чытаючы “новыя медыя” (СМІ, сайты, асобных блогераў), у т.л. удзельнікаў тых падзей 91-га. Вось ён цытуе аднаго з лідараў БНФ, Навумчыка, які атрымаў палітычны прытулак у ЗША: “Прымаць “Пагоню” і бел-чыр- вона-белы сцяг трэба было іхнімі галасамі, галасамі апанентаў. Нашых галасоў дзеля гэтага не ставала. Прасіць, пераконваць, але рабіць гэта максімальна лагодна, каб на- браць належную колькасць галасоў. Мы разу- мелі: вырашаць не аргументы, не гістарычныя факты, не палітычная логіка, а псіхалагічны настрой”. Навумчык і не хаваў: малая група бнфаўцаў зламала псіхалагічна боль- шасць іншых. Праўда, не ўсіх. 4 парламентарыі ўстрымаліся, 27 не галасавалі наогул, 1 быў супраць — гэта наш сённяшні Прэзідэнт, а тады — малады палітык.
Бела-чырвона-белы сцяг над Домам урада вывесілі ўпотайкі, ноччу. Праціўнікі такой сімволікі завалілі Вярхоўны Савет абуранымі лістамі. У народа пра бчб і “Пагоню” народныя выбраннікі не пыталіся.
Параўнайце: 3 622 851 голас беларусаў — за сённяшнюю сімволіку ў 1995-м і 231 голас за бчб-сцяг і “Пагоню” — у 1991-м.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
г. Нясвіж.
(Заканчэнне будзе).