Ганна Біялт — таленавітая маленькая скрыпачка — сапраўдная “зорачка” Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў. Калі мы ўбачылі дзяўчынку ўпершыню, так і захацелася назваць яе ласкава — Ганначкай. Зусім яна яшчэ маленькая. Але так здаецца толькі на першы погляд. Насамрэч гэта дзіця здольнае здзіўляць сваёй напорыстасцю, зацікаўленнасцю і чэпкім розумам.
Ганна даігрывае свой музычны твор, які прадэманструе зусім хутка на выніковым экзамене ў канцы мая.
— Гэта “Санта Лючыя” — неапалітанская народная песенка, — кажа выканаўца. — Мне яна падабаецца больш за іншыя, што іграю. Яна вясёлая, таму і мне адразу весела.
Дзяўчынка займаецца ў падрыхтоўчай групе па класе скрыпкі ў педагога Святланы Іванаўны Ярмак.
— Аня прыйшла да мяне ва ўзросце 5,5 гадкоў. Яна з бацькамі пераехала на Нясвіжчыну з Гродзеншчыны, дзе некаторы час ужо асвойвала ігру на гэтым інструменце. Я, вядома, паслухала яе і адразу заўважыла хватку ў дзіцяці. Залічылі Ганнушку ў падрыхтоўчую групу і займаемся вось ужо другі год, — распавядае настаўніца. — Яна вельмі дапытлівая, зацікаўленная любым працэсам. І ўпартая. У добрым сэнсе слова, безумоўна. Заняткі ў дзяўчынкі два разы на тыдзень — адна гадзіна спецыяльнасці і адна — музычнай граматы.
Аднак, і дадаткова сустрэцца і пазаймацца дзяўчынка не супраць, асабліва, калі ёй гэта падабаецца.
— Я люблю хадзіць на заняткі. І дома займаюся амаль кожны дзень. Дапамагае мне мама. Яна таксама калі-некалі грае на сваёй домры. І мяне потым навучыць, — дзеліцца Ганна.
І такія намаганні даюць свае вынікі. З апошніх перамог, што атрымала дзяўчынка, Дыплом Лаўрэата І ступені ў ХХVІІІ адкрытым абласным свяце-конкурсе юных музыкантаў “Сымон-музыка” (г. Стоўбцы), які адбыўся 21 красавіка — менш за месяц назад, таксама пермога (Лаўрэат І ступені) у V Міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцячай творчасці “ПАЛІТРА ЗОРАК” у намінацыі “інструментальная музыка (сола) без фанаграмы, струнна-смычковыя інструменты”. Рыхтавала маленькую скрыпачку яе настаўнік — Святлана Іванаўна, а канцэртмайстарам выступіла педагог Нясвіжскай ДШМ Алена Віктараўна Бандуш.
Такіх зацікаўленых вучняў сустрэць зараз, на жаль, вялікая рэдкасць.
— Ганне цікава ўсё. Мы нават калі праслухваем розныя праграмы, музычную класіку, яна з вялікім захапленнем пагружаецца ў працэс. Ёй важная кожная дэталь. Калі нечага не разумее, заўсёды спытае, чаму так, адкуль гэта ўзялося, навошта і гэдак далей. І мне адно задавальненне займацца з такім дзіцем, — удакладняе Святлана Іванаўна. — Тым больш, што яна з упэўненнасцю, свабодна іграе праграму першага-другога класа. Такое не можа не радаваць.
Але важна і не перабраць у стараннасці, не перанагрузіць дзіця. Каб гэты запал і зацікаўленнасць захаваць і кожна раз даваць яшчэ большыя імпульсы для распальвання жадання займацца, — упэўнена настаўнік.
У бліжэйшы час Ганну Біялт чакае экзамен па спецыяльнасці, а ў наступным навучальным годзе дзяўчынка стане паўнавартаснай навучэнкай класа скрыпкі.
— Я думаю, у мяне ўсё атрымаецца. Буду іграць “Санта Лючыя”, вальс Брамса і Гавот. Спадзяюся на добрыя адзнакі, — адзначае маленькая скрыпачка, усміхаючыся сваёй настаўніцы.
І сумневу ў тым, што ўзаемадзеянне паміж педагогам і вучаніцай добра наладжана, зусім няма. Святлана Іванаўна, дарэчы, настаўнік з шматгадовым вопытам: у Нясвіжскай школе мастацтваў яна працуе ўжо 18 гадоў. І падыход знаходзіць да кожнага свайго вучня.
— Гэта важна, — тлумачыць Святлана Іванаўна, — бо, самі разумееце, дзеці — розныя. Будуць тыя, у каго раз-два — і атрымліваецца, а ёсць дзеткі, хто вучыць, стараецца, крок за крокам ідзе да выніку — і для іх гэта сапраўды вялікія намаганні. Тут адным пэўным чынам не атрымаецца папрацаваць. Проста не выйдзе. Ды і не ў маім гэта прыярытэце.
Пасля такіх слоў хочацца пажадаць, каб плённая праца музыкантаў заўсёды прыносіла ім асалоду, абавязкова задавальняючыя вынікі і, вядома, знаходзіла водгук у сэрцах слухачоў.
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.
Фота Карыны АНТАНОВІЧ.