18 мая музейныя работнікі ўсяго свету адзначаюць прафесійнае свята — Міжнародны дзень музеяў. У календары яно з’явілася ў 1977 годзе. З тых пор кожны год усе музеі, ад сусветнавядомых да мясцовых, невялікіх, адзначаюць гэты незвычайны дзень, а іх супрацоўнікі радуюць сваіх наведвальнікаў разнастайнымі культурнымі праграмамі. Нельга ўявіць сабе горад ці раённы цэнтр без гісторыка-краязнаўчага музея — сапраўднай скарбніцы набыткаў культуры нашіх продкаў.
Гісторыя Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея бярэ свае вытокі ад 14 студзеня 1995 года, менавіта ў гэты дзень адбылося ўрачыстае адкрыццё ўстановы. Аднак, збор этнаграфічных і гістарычных матэрыялаў, экспанатаў пачаўся яшчэ ў 1986 годзе. З 2005 года ў структуру музея ўвайшлі таксама кватэра-музей мастака М.К.Сеўрука, ганчарная майстэрня і музейны аб’ект “Кузня”. Сёння асноўны фонд установы налічвае 13687 прадметаў, ўсе яны змешчаны ў 18 калекцыях.
Значную частку музейнай прасторы займае этнаграфічная экспазіцыя “Зберагаючы самабытнасць”, менавіта яна адкрывае наведвальнікам таямніцы сялянскага побыту, знёміць з інтэр’ерам і прадметамі паўсядзённага абіходу нашых продкаў. Умоўна раздзяліць экспазіцыю можна на дзве часткі — непасрэдна хату і сені. Погляду паўстаюць простыя і звыклыя для сялян канца 19 – пачатку 20 стагоддзя рэчы. Сёння яны, безумоўна, прадстаўляюць найвялікшцую цікавасць. Народныя касцюмы капыльска-клецкага строю, мэбля, ткацкія вырабы, гліняны посуд — кожная рэч мае сваю гісторыю. Селянін і праца — паняцці нераздзельныя, таму экспазіцыя прэзентуе інструменты, прызначаныя для апрацоўкі зямлі — сошка, барана, плуг… Сучаснаму чалавеку складана нават уявіць сябе ў абставінах тагачаснага побыту, а экспазіцыя дазваляе не проста бліжэй пазнаёміцца з ім, але і адчуць незвычайную атмасферу тагачаснага жыцця, са ўсімі цяжкасцямі і радасцямі.
Паступова адна зала змяняе другую — і ад інтэр’еру сялянскай хаты мы пераходзім да экспазіцыі “Гандль і рамёствы”. Не дзіўна, што менавіта Нясвіж быў рэгіянальным гандлёвым цэнтрам, а са ўсёй акругі, з вёсак і бліжэйшых гарадоў, сцякаліся гандляры і пакупнікі. На Ратушнай плошчы ладзіўся кірмаш — сапраўднае сэрца тагачаснага горада. У гісторыка-краязнаўчым музеі ўсё гэта і адлюстравана ў поўнай адпаведнасці з архіўнымі дакументамі. Ёсць тут імітацыі шавецкай майстэрні і гандлёвых радоў — “Лаўка ганчара”, “Лаўка медніка”, “Мануфактурная лаўка”. У вокнах лавак можна пабачыць шкляны посуд, бочкі, кадушкі, адзенне — адным словам, ўсё, што прадавалася і куплялася ў тагачасным Нясвіжы.
Наступная экспазіцыя — “Нясвіж на перакрыжаваннях эпох” — умоўна падзелена на некалькі частак, аб’яднаных агульнай тэматыкай гістарычнага развіцця Нясвіжа з 15 да 30-х гадоў 20 стагоддзя. Раздзел “Нясвіж і Радзівілы” змяшчае копіі сусветнавядомых гравюр, у тым ліку і знакамітую гравюру картографа Т. Макоўскага з выявай горада на пачатку 17 стагоддзя. Ёсць тут і архіўныя дакументы, якія маюць дачыненне да вядомага магнацкага роду, і фотаздымкі, і партрэты Радзівілаў, прадметы побыту, посуд, гістарычная рэканструкцыя шляхецкага адзення. Асобна падаецца раздзел “Адукацыя ў Нясвіжы”. Безумоўна, акцэнт зроблены на дзейнасці Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі — адной з важнейшых устаноў адукацыі. Супрацоўнікі музея сабралі багаты матэрыял аб пісьменніках, чыё жыццё цесна звязана з семінарыяй. Нашчасце, захаваліся і падручнікі, пісьмовыя прыналежнасці, дакументы ўстановы адукацыі.
Нездарма кажуць, што Беларусь знаходзіцца на перакрыжаванні ўсіх дарог. Безумоўна, у гэтым факце ёсть шмат плюсаў, але ёсць і мінусы. Не адна кровапралітная вайна пракацілася пажарышчам па нашай краіне, закранулі яны і Нясвіж. Менавіта дадзенай тэматыцы і прысвечана экспазіцыя “Вайна. Трагедыя. Подзвіг”. Прадстаўленыя тут экспанаты прызваны зберагчы памяць аб Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнах. У музейнай зале можна пабачыць узнагароды нашых землякоў, іх лісты з фронту, артэфакты, прысвечаныя партызанскаму руху на тэрыторыі Нясвіжскага раёна, вайсковую амуніцыю і асабістыя рэчы жыхароў горада, якія мужна змагаліся з ворагамі. Асобна варта сказаць аб новым раздзеле, прысвечаным ушанаванню памяці ахвяр генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Адна з самых цікавых і незвычайных экспазіцый – “Выратаваныя каштоўнасці”. У ёй змешчаны экспанаты з незвычайнай гісторыяй. Амаль усе яны былі перададзены ў фонд музея Брэсцкай і Гродзенскай мытнямі. У асноўным, гэта прадметы рэлігійнага культу — іконы, складзені, настольныя крыжы.
Плённая праца супрацоўнікаў і кіраўніцтва Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея дае магчымасць арганізаваць больш за 15 часовых экспазіцый штогод. Жыхары і госці горада могуць пазнаёміцца з творчасцю беларускіх мастакоў, народных майстроў, набыткамі культуры іншых народаў. Асаблівай увагі заслугоўвае магчымасць пабываль на віртуальнай экскурсіі і пабачыць усе апісаныя экспазіцыі не пакідаючы ўласнага дому.
У сваё прафесійнае свята супрацоўнікі музея не збіраюцца адпачываць. Яны запрашаюць усіх паўдзельнічаць у святочнай праграме, прысвечанай Міжнароднаму дню музеяў. Гасцей чакае цікавы квест “У пошуках музейнага артэфакта”, фотаквэст “На спатканне з мінулым”. У выставачных залах музея будуць арганізаваны фотазоны, адбудзецца майстар-клас па лепцы сувеніраў з гліны. Часовая экспазыцыя “Лісты герояў” дасць магчымасць дакрануцца да гісторыі ваеннай пошты з сапраўднымі франтавымі пісьмамі. Прыняўшы ўдел у віктарыне “Свая гульня”, можна будзе праверыць свае веды па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, каб прыняць усіх гасцей, Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей будзе працаваць з 9.00 да 21.00.
Ірына Ефішова