“Любоў і павага людзей, што акружаюць мяне, — гэта маё самае вялікае шчасце”.
Г.Ф. Воранава, заслужаны настаўнік Беларусі.
Заметку пра Ганну Фёдараўну Воранаву я пачала словамі з пісьма, што яна даслала ў раённую кнігу “Памяць” у канцы 1990-х гадоў. Яна і была такой — пазітыўнай, узнёслай, адкрытай. І ўспаміны пра яе — светлыя, чыстыя, добрыя. Вось яна апавядае мне, журналісту, як пазнаёмілася са сваім будучым мужам, франтавіком, Сцяпанам Акіндзінавічам Воранавым, калі абое вучыліся ў Мінскім педінстытуце імя Горкага. А вось выступае з трыбуны на ўрачыстасці ў РДК: гаворыць хораша, пранікнёна, падмацоўваючы вершаванымі радкамі паэтаў уласныя думкі. Патрыётка. Інтэлігентка. Педагог. Яскравы прыклад сапраўднага грама- дзяніна Беларусі.
Праўда, Ганна Фёдараўна па нацыя- нальнасці — руская. Нарадзілася ў вёсцы Сарокіна Калінінскай (цяпер — Цвярской) вобласці ў 1923 годзе. Сёлета 21 жніўня споўніцца сто гадоў з дня яе нараджэння. Пражыла на гэтай зямлі 91 год, шмат якія нягоды перанесла і многа-многа добрых спраў зрабіла.
Ужо ў восем гадоў яна засталася без маці. Гадаваў яе з братам бацька, удзельнік Першай сусветнай вайны. Брат стаў афіцэрам, Аня ж выбрала прафесію настаўніка. Яна заканчвала Новатаржокскае педагагічнае вучылішча, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Камсамолка разам са сваім курсам пайшла ў ваенкамат. Папрасіла, каб яе мабілізавалі ў армію сандружынніцай. Але дзяўчыне не было яшчэ 18-і, і просьбу не задаволілі. Ды яна не разгубілася. Патрыятычны ўздым, жаданне дапамагаць Радзіме ў барацьбе з захопнікамі былі вельмі высокімі. Аня пачала працаваць у эвакашпіталі ў г. Калініне, дзе іх сям’я жыла. Праляцела паўгода. Шпіталь эвакуіравалі ў тыл. А Ганну Фёдараўну накіравалі на работу ў школу. Вучыла дзяцей да 1943 года.
А ў 43-м настойлівая дзяўчына дабілася, каб яе мабілізавалі ў армію. Служыла спачатку на Паўночна-Заходнім фронце, у 21-м матарызаваным тапаграфічным атрадзе. “Служба была вельмі адказная, работы хапала ўсім, — успамінала Ганна Фёдараўна. — Мы забяспечвалі картамі войскі, якія заўтра павінны былі ісці ў бой. Таму свае абавязкі трэба было выкон- ваць якасна і своечасова”. Затым яе часць перакінулі на ІІ Беларускі фронт. Ганна Фёдараўна ўдзельнічала ў вызваленні Беларусі, дайшла да Польшчы. За ўдзел іх атрада ў вызваленні польскага горада Шчэціна яму было прысвоена ганаровае званне Шчэцінскага.
У 1944 г. у вызваленым Мінску аднавіў работу педагагічны інстытут. У яго Ганна Фёдараўна па накіраванні часці была залічана без экзаменаў, нават са спазненнем на два месяцы. Вучылася з задавальненнем. Але даводзілася няпроста жыць на адну стыпендыю. Каб расплаціцца, напрыклад, у сталовай за абед, яна здавала кроў. Толькі маладосць брала сваё: і цяжкасці пераадольвала, і сесіі здавала, і ў грамадскім жыцці ўдзельнічала, і каханню час прыйшоў. Аня пазнаёмілася са старшакурснікам, сакратаром партарганізацыі інстытута Сцяпанам Воранавым, ураджэнцам Магілёўскай вобласці. Яму спадабалася гэтая сціплая, прыгожая дзяўчына. Яны пачалі сустракацца. І калі Сцяпан Акіндзінавіч даведаўся, што Аня здае кроў, каб мець нейкія грошы, ён прапанаваў пажаніцца. Афіцэр у адстаўцы, інвалід Вялікай Айчыннай вайны, малады чалавек атрымліваў пенсію і прадуктовы паёк, і ўдваіх лягчэй было пражыць. Так у Мінску нарадзілася сям’я былых франтавікоў Воранавых.
Сцяпан Акіндзінавіч ваяваў пад Смаленскам. Трапіў на фронт маладым афіцэрам, адразу пасля ваеннага вучылішча. У адным з баёў, пад Ельняй, атрымаў моцнае раненне, страціў руку. Лячыўся ў шпіталі ва Узбекістане, пасля там жа працаваў у ЦК камсамола. Калі Беларусь вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прыехаў у Мінск, стаў студэнтам педінстытута. Кавалер ордэнаў Вялікай Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеняў, чалавек валявы і мэтанакіраваны, ён карыстаўся ў інстытуце аўтарытэтам.
Ганна Фёдараўна падчас вучобы ў Мінску мела вялікае захапленне: яна прайшла конкурс і была залічана ў студыю тэатра імя Янкі Купалы. Яе называлі там другой Ярмолавай. І пасля заняткаў па педагогіцы пачынаючая артыстка спяшалася на ўрокі сцэнічнай мовы і акцёрскага майстэрства. Толькі Сцяпан Акіндзінавіч пераканаў, што прафесію ў жыцці трэба мець больш грунтоўную, надзейную, і Ганна Фёдараўна выбрала педагагічную сцяжыну. Але яна заставалася ў душы артысткай. Лічыла, што работа настаўніка патрабуе крыху артыстызму, каб захапіць, зацікавіць вучняў. Для яе кожны ўрок быў, як выхад на сцэну. Такі ж адказны.
Вучобу ў інстытуце Сцяпан Акіндзінавіч скончыў раней за маладую жонку. Атрымаў накіраванне ў Нясвіжскае педвучылішча. Выкладаў гісторыю і грамадазнаўства. Затым, у 1948-м, і Ганна Фёдараўна звязала свой лёс з нашым горадам, працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў Нясвіжскай беларускай сярэдняй школе. У 1952-м яе перавялі ў педвучылішча. Калі яго закрылі, стварыўшы школу-інтэрнат, Ганна Фёдараўна працавала ў ёй завучам, потым — з 1956 да 1978 гг. — дырэктарам. У той час яна была адзіным у рэспубліцы кіраўніком-жанчынай, якая ўзначальвала ўстанову такога тыпу, і ганарылася, апраўдвала давер. З дзецьмі, што жылі і вучыліся ў школе-інтэрнаце, у яе склаўся добры кантакт. Ганна Фёдараўна іх вельмі любіла, і яны адказвалі тым жа. Педагог лічыла: “У настаўніка асноўнай якасцю павінна быць любоў да вучняў. Тады яны разумеюць цябе і аддзяч- ваюць яшчэ большай любоўю. Гэтым я і жыла ўсе гады, што працавала ў інтэрнаце”. Нясвіжская школа-інтэрнат была адна з лепшых у рэспубліцы, і ў тым велізарная заслуга яе дырэктара Ганны Фёдараўны Воранавай.
“Мая сціплая праца дастойна ўзнагароджана, — расказвала Ганна Фёдараўна. — З фронта я вярнулася з ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, сямю медалямі. За работу на ніве народнай асветы ўдастоена ганаровага звання заслужанага настаўніка Беларусі, узнагароджана ордэнам кастрычніцкай Рэвалюцыі, двумя медалямі”.