Аляксандр Карпач нарадзіўся і вырас у Друцкаўшчызне. Адслужыўшы ў арміі, вярнуўся ў родныя мясціны, дзе кожнае дрэўца, кожнае поле было знаёмым з дзяцінства. Тут вырашыў і заснавацца, каб прадоўжыць справу дзеда і бацькі, якія працавалі механізатарамі ў сельскай гаспадарцы.
З тэхнікай быў на “ты”. Першыя трывалыя веды набыў яшчэ ў школе, у час заняткаў у вучэбна-вытворчым камбінаце. Там і пасведчанне вадзіцельскае атрымаў.
Тое, што праца механізатара няпростая, ён ведаў з дзяцінства, але, як сам зазначае, не можа без ”гэтых жалезак”. З часам прыйшоў добры вопыт. У сельскагаспадарчым прадпрыемстве яму давяраюць адказныя справы.
У гэтыя дні трактарыст-машыніст СВК “Агракамбінат Сноў” задзейнічаны на хімапрацоўцы пшаніцы. Яго самаходны апрысквальнік з 24-метровай штангай пакідае за сабой гектар за гектарам. Працоўны графік ладзіцца ў залежнасці ад умоў надвор’я. Каб захаваць тэхналогію вырошчвання культуры, не нашкодзіць пасевам, працоўны дзень пераходзіць то ў адзін, то ў другі рэжым. Інтэграваныя функцыі самаходнага апрысквальніка “Хардзі” дазваляюць выконваць работу якасна, а надзейная і камфортная тэхніка робіць умовы працы дастойнымі.
— Кіраваў рознай тэхнікай. Працаваў на нарыхтоўцы сенажу, быў задзейнічаны і на кормараздатчыку на МТК, цяпер вось на апрысквальніку працую разам з калегам Паўлам Віннічкам, — расказвае Аляксандр Уладзіміравіч. — Амаль дзесяць гадоў давяраюць мне гэтую работу. Лічу яе адказнай, стараюся, каб выканана была яна якасна. Ну а што адпачынак у нас толькі зімой, дык на тое яна і сельскагаспадарчая праца, тут і праўда — вясенні дзень год корміць, — лічыць Аляксандр Карпач.
Працу, на якой задзейнічаны трактарыст-машыніст Аляксандр Карпач, дома разумеюць. Сям’я заўсёды чакае тату і мужа з работы, каб аб’яднацца за абедзенным сталом.
Выдзяляе Аляксандр час і для свайго хоббі: як толькі выпадае вольная часіна, адпраўляецца на азёры, каб “упаляваць” шчупака. Дарэчы, адзін сур’ёзны рыбацкі трафей у яго на рахунку ёсць — 7-кілаграмовы шчупак.
Працоўныя будні трактарыста-машыніста СВК “Агракамбінат Сноў” Аляксандра Карпача працягваюцца. За добрасумленную працу і дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў працаўнік быў узнагароджаны Падзячным пісьмом старшыні Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта.