З 12 да 17 ліпеня горад на Заходняй Дзвіне прымае галоўны творчы форум — ХХХІІ Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Найбольш поўную культурную панараму мерапрыемства, канцэртных і конкурсных праграм у прамым эфіры прапануе тэлеаўдыторыі вялікая каманда Белтэлерадыёкампаніі. Яна правядзе ўсе фестывальныя дні разам з жыхарамі і гасцямі горада.
Традыцыйна ў дні форуму тэлеканал «Беларусь 1» пакажа сваім гледачам відэадзённікі фестывалю ў вячэрнім эфіры. А Агенцтва тэленавін правядзе прыхільнікаў «Славянскага базару» па ўсіх яго культурных пляцоўках. Тэматычнымі сюжэтамі будуць радаваць таксама ранішнія шоу «Добрай раніцы, Беларусь!» і «Добрай раніцы, Беларусь!» са Святланай Бароўскай».
Што да вялікіх канцэртных праграм, то сёння, 14 ліпеня, на сцэне Летняга амфітэатра збяруцца вядучыя артысты Беларусі і Расіі ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Я. Фінберга і выступяць у канцэртнай праграме з цыкла «Саюзная дзяржава запрашае…», якая сёлета прысвечана 85-годдзю народнага артыста СССР Ігара Лучанка, і распачнецца яе прамая трансляцыя на тэлеканале ў 22.00. А ў выхадны, 16 ліпеня, не прапусціце на «Беларусь 1» прамую трансляцыю цырымоніі закрыцця ХХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» з удзелам любімых артыстаў.
Удзельнікі ХХХІІ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск» у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраваннем Віталя Кульбакова 15 ліпеня выступяць з праграмай «Славянскі хіт» у рамках першага конкурснага дня. Падтрымаць каля тэлеэкранаў прадстаўніка нашай краіны Саміра Ялчыева зможам падчас прамой трансляцыі гала-канцэрта ў 18.30. У рамках другога конкурснага дня і ўрачыстага закрыцця фестывалю 16 ліпеня канкурсанты з праграмай «Сусветны хіт» выступяць на адной сцэне з запрошанымі артыстамі. І гэты канцэрт тэлеаўдыторыя пабачыць падчас трансляцыі на «Беларусь 1» у 21.30.
У сваю чаргу сацыякультурны тэлеканал будзе знаёміць сваю аўдыторыю з панарамай фестывалю. Напрыклад, карэспандэнты праекта «Навіны культуры» дапамогуць тэлеаўдыторыі адчуць атмасферу і рытм святочнага горада, пазнаёміцца з гасцямі і ўдзельнікамі культурнага форуму і наведаць яго галоўныя мерапрыемствы.
Заставацца на адной хвалі з удзельнікамі і шанавальнікамі ХХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» можна і ў інтэрнэце. Так, аператыўныя навіны, сюжэты, рэпартажы з культурнага свята будуць выходзіць на партале www.tvr.by, у тэлеграм-каналах ATN_NEWS і Радыё_1, на YouTube-канале Агенцтва тэленавін «АТН: навіны Беларусі і свету». Выбірайце сваю крыніцу і будзьце часткай масштабнай знакавай падзеі.