Меню
Курс $  3.06 | €  3.48 | ₽100  3.84 |
Погода 12 °C

Святлана Войніч: “Для нас шчасце — быць разам”

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 1

Пост опубликован: 17.07.2023

Жыццё віруе ў доме сям’і Войнічаў.
Ну яшчэ б. Яна складаецца з сямі “я” — мама, тата і пяцёра дзяцей.
Першая дачка Насця — старэйшая за Вераніку амаль на тры гады. Абедзве ўжо вылецелі з бацькоўскага гнязда. Вераніка скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка з адзнакай, і цяпер будзе маладым спецыялістам у адной са сталічных школ. Насця жыве ў Брэсце. Дзяўчаты абедзве ўзялі шлюб і будуюць самастойнае жыццё.



З бацькамі засталіся хлопчыкі. Старэйшыя Арсень і Раман — школьнікі. Займаюцца спортам, дапамагаюць бацькам па гаспадарцы. Дзевяцікласнік Арсень ужо вызначыўся — будзе заканчваць адзінаццаць класаў, бо ўпэўнены, што, атрымаўшы сярэднюю адукацыю, будзе мець больш магчымасцей пры выбары прафесіі.
Раман пакуль ідзе ў сёмы клас…
Дзеці ў сэрцы Святланы Міхайлаўны заўсёды займалі галоўнае месца.
— Нарадзілася я на Капыльшчыне. Пазней з мамай пераехалі ў Слуцк, там заканчвала школу, пайшла на курсы парыкмахераў. Кожнае лета прыязджала ў вёску да бабулі і дзядулі ў Юшавічы. Тут пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Зусім маладой узяла шлюб, і вось мы ўжо амаль дваццаць пяць гадоў поплеч крочым па жыцці. Перш жылі разам з бабуляй. Яна дапамагала нам, мы — ёй… Трымалі гаспадарку, вырошчвалі гародніну на ўчастку. Потым я пайшла на гандлёвыя курсы, працавала прадаўцом у краме Нясвіжа. Пазней вырашыла пайсці працаваць у сельскую гаспадарку — на ферму ААТ “Юшавічы”, дзе ўжо не адзін год быў заняты муж — працаваў механізатарам на раздачы кармоў жывёле. Я працавала на цялятніку, некаторы час у аддзяленні, дзе ўтрымліваліся маленькія жывёлы адразу пасля ацёлаў. Нялёгка было, але як бачыла пысачкі даверлівых цялятак, адразу мяняўся настрой. Так мы абодва звязалі сваё жыццё з сельскай гаспадаркай і зусім пра гэта не шкадавалі.
Дома была заўсёды свая атмасфера і зусім іншыя клопаты. Бывае і такое, калі дзень — сапраўдны, як кажуць, квэст. Пад’ём уранку, шчыльны графік дня і вячэрні мацыён. Як і ва ўсіх, бываюць эмацыянальныя выгаранні. Але часам здараюцца прылівы неабсяжнай пяшчоты, — што мы разам, дружна жывём у шчасці.
А ў чым жа сакрэт шчасця гэтай сям’і?
— Тут усё проста, — гаворыць Святлана. І дзеліцца сваімі думкамі на гэты конт. — Сакрэт дружнай сям’і — гэта калі дзецям даеш самастойны выбар і прыняцце рашэнняў, але ў той жа час заўсёды знаходзішся на варце, каб своечасова зберагчы ад памылкі або працягнуць руку дапамогі, — лічыць яна.
— І тое, што яе тэорыя працуе, можна зразумець па атмасферы, якая пануе ў доме Войнічаў. Хлапчукі, пакуль тата на рабоце, сваімі рукамі са шчытоў збудавалі на вуліцы стол і лаўкі для сядзення і адпачынку. Калі дзеці бачаць, што мама стамілася, самі могуць сабрацца ў школу, прыгатаваць сняданак. Бывае нават, што самі прапануюць паджарыць на кастры шашлык з курыцы на вячэру і ўвішна наводзяць парадак у сваім пакоі. Ён у хлопчыкаў асобны.
А яшчэ дзеці любяць, калі сям’я аб’ядноўваецца за сталом у прасторнай кухні. Тут мама Святлана пячэ любімы хвораст, а часам усе дружна лепяць пельмені, нарыхтоўваючы іх у запас.
— Праўда, калі прыязджаюць дачушкі з зяцямі, патрэбен яшчэ адзін стол, бо, дзякуй Богу, сям’я расце, — прызнаецца з усмешкай Святлана. — Ды і прыемна, што дзяўчаты нашы добрыя і чулыя — не забываюць нас на святы павіншаваць, ды і хлопцы старэйшыя любяць у іх пагасціць. Добра, што дружаць дзеці.
Дом для шматдзетнай сям’і — месца, дзе ўсе ўважлівыя адзін да аднаго, дзе пануе разуменне.
— Домам мы вельмі задаволены, — дзеліцца гаспадыня. — Яго будавалі спецыяльна для нас і нашых на той час чацвярых дзяцей. Тут зроблена ўсё, як я хацела — зручна і камфортна. Тры спальні, зала, калідор, прасторная кухня. Для будаўніцтва дзяржава выдзеліла нам сродкі, а работы выконвала брыгада “Кулеш-Страйком”. Мы і сёння іх з удзячнасцю ўспамінаем. Нават шпалеры для паклейкі сцен выбіралі ра- зам з будаўнікамі тыя, якія мы самі ўпадабалі. Некалі, памятаю, іду ў магазін міма будаўнічай пляцоўкі, не-не ды і зазірну, як работы ідуць — цікава ж. Бывала, нешта парашаем з брыгадай, удакладнім некаторыя моманты наконт планіроўкі. Словам, добрае атрымалася жыллё.
Тое, што дом і сапраўды атрымаўся добры, паверыш адразу. Бо менавіта пад яго дахам пасялілася шчасце сям’і Войніч. А ў пачатку мінулага года белакрылы бусел зноўку праляцеў над іх хатай і ў першы дзень лютага сям’я папоўнілася яшчэ адным хлопчыкам. Малодшая дачка Вераніка настаяла, каб браціка назвалі Мацвеем. На гэтым пагадзіліся.
Сёння малышу амаль паўтара годзіка. Як і належыць у яго ўзросце, ён вывучае свет, дастаўляючы ўсёй сям’і нямала клопату. Відаць, гэты маленькі гарэза ведае, што пакуль ён у доме галоўны. А Святлана, як і належыць матулі, радуецца кожнаму новаму слову, вымаўленаму дзіцем…
Нямногія пары напярэдадні свайго сярэбранага вяселля рашаюцца даць жыццё яшчэ аднаму чалавеку. Віктар і Святлана — з гэтага смелага ліку, і сваіх дзяцей яны лічаць неверагодным бацькоўскім шчасцем.
Настасся, Вераніка, Арсень, Раман і Мацвей. Дзяўчат і хлопчыкаў аб’ядноўвае слова “мама”. Яна — галоўная жанчына ў жыцці кожнага з іх. Каб быць добрай мамай пецярых дзяцей, Святлана лічыць, што трэба быць цярплівай, умець пачуць кожнага з іх, і ўсё рабіць з любоўю.
Актыўная і энергічная, адказная і дзейная жанчына — партрэт гэтай шматдзетнай маці. Пагутарыўшы з ёй, разумееш, што міф пра тое, што вялікая сям’я — гэта вельмі складана, непад’ёмна і несумяшчальна з сацыяльным дабрабытам, атрымліваецца развенчаным.
Іна ВАСІЛЕВІЧ.
Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!