Меню
Курс $  3.05 | €  3.53 | ₽100  3.8 |
Погода 9 °C

Такія розныя каштоўнасці

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Пост опубликован: 20.07.2023

Гэта — мы
Беларусы ўбіраюць ураджай. Вырасцілі ў няпростых умовах надвор’я, уклалі шмат сіл і сродкаў. Цяпер запаўняюць засекі бурштынавым зернем. Будзем з хлебам. На палях сцяной становіцца кукуруза. Будзем з кармамі для жывёлы, з малаком і мясам. Наліваецца моцнае бурачнае карэнне. Будзем з цукрам.
Рабочыя прамысловых прадпрыемстваў Беларусі здзіўляюць свет сваімі навейшымі дасягненнямі: МТЗ — беспілотнымі трактарамі, БелАЗ — 450-тоннымі самазваламі, МАЗ — высокакамфортнымі аўтобусамі, “Гомсельмаш” — збожжаўборачнымі камбайнамі магутнасцю ў 530 конскіх сіл…



Толькі на выставе “Інапрам” у расійскім Екацярынбурзе беларусы заключылі з партнёрамі кантракты на суму болей 240 млн долараў.
Ёсць прадукцыя, ёсць работа, ёсць зарплата.
Мы ганарымся нашай разумнай, інтэлектуальнай, крэатыўнай моладдзю. Яна і ў вышэйшыя навучальныя ўстановы ідзе з 400 баламі з 400-т магчымых, і ўжо прафесію з чырвоным дыпломам набывае.
Беларусы радуюцца, спяваюць, танцуюць, дэманструюць свае таленты ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, у вырабе кулінарных і кандытарскіх дэлікатэсаў. Толькі адзвінела рэспубліканскае свята “Купалле” пад назвай “Александрыя збірае сяброў”, якое наведалі 80 тысяч гасцей, як удзельнікаў з 35 краін сабраў ХХХІІ міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Дакрануцца да гэтай душэўнай дзеі, якая даўно выйшла за рамкі славянскага свету, выказалі жаданне грамадзяне 73 краін. Адкрытая, гасцінная Беларусь прадугледзела бязвізавы ўезд у краіну пры наяўнасці білетаў на фестываль. Як дазволіла прыязджаць да нас па бязвізу жыхарам суседніх дзяржаў.
У тыя ж дні Мінск прымаў дэлегацыю з Італіі, якой цікава было паглядзець і арганізацыю аховы здароўя, і наогул як мы жывём. І канцэрт італьянскіх і беларускіх артыстаў, што быў наладжаны ля гарадской ратушы, прадэманстраваў гатоўнасць да дыялогу.
Беларусь актыўна рыхтуецца прыняць у жніўні ІІ Гульні краін СНД, якія пройдуць у 11 гарадах. 20 відаў спорту. Агульная колькасць удзельнікаў і гасцей чакаецца каля 10 тысяч чалавек. Больш за 20 краін пацвердзілі свой удзел у Гульнях. Будзе вялікае, яркае свята спартыўнага майстэрства і таленту, сілы, лоўкасці і вынослівасці.
Для маленькіх беларусаў адкрываюцца новыя садкі, для старэйшых — новыя ці абноўленыя школы. Бясплатнае навучанне. Бясплатная медыцына, дзе — новыя ці абноўленыя памяшканні, новае абсталяванне, тэхналогіі і методыкі. У тым ліку — у Нясвіжы сёлета рыхтуюць да здачы ў эксплуатацыю новую паліклініку.
Беларусы святкуюць наваселлі: хто — у шматкватэрным доме, хто — у асабняку. Так, за 6 месяцаў бягучага года ў нашым раёне пабудавана 5897 квадратных метраў жылля — 31 кватэра.
У Беларусь прыязджаюць жыць людзі з іншых краін. І не толькі з Украіны, дзе працягваюцца ваенныя дзеянні. Знаходзяць работу, жыллё, некаторыя з часам атрымліваюць беларускае грамадзянства. Сёлета за паўгода грама- дзянамі рэспублікі стала больш 2,3 тыс. чалавек. Па фінансавай перспектыўнасці краіны для пераезду наша рэспубліка займае 8 месца ў свеце — рэйтынг нядаўна складзены англійскімі спецыялістамі.
І ўсюды з народам — наш Прэзідэнт. У калектыве “Магілёўмаша”, на жывёлагадоўчым комплексе, на збожжавым полі, на фестывалях… Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз сустрэўся з журналістамі, у т.л. замежнымі, і тры з паловай гадзіны ішла адкрытая і прынцыповая размова. Аб лёсе свету, аб зараджэнні шматпалярнай сістэмы, аб адказнасці Захаду за войны, бамбардзіроўкі мірнага насельніцтва, аб неабходнасці неадкладных мірных перагавораў па Украіне…
Мы ствараем. Мы — разам з усімі на планеце, з кім у нас адзін шлях.
А гэта — яны
За 30 км ад беларускай граніцы, у Вільнюсе, праходзіў саміт НАТА. Лідары 32 краін абмяркоўвалі, як ім нарасціць ваенную магутнасць, каб аслабіць і перамагчы Расію, Кітай, Беларусь, чые каштоўнасці не адпавядаюць паняццям Захаду; што проціпаставіць росту папулярнасці такіх міжнародных аб’яднанняў, як ШОС і БРІКС (у апошнюю ўваходзяць Бразілія, Расія, Індыя, Кітай і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка). У ваеннай інтэграцыі Беларусі і Расіі натаўцы і іх сатэліты бачаць “пагрозу рэгіянальнай стабільнасці і абароны НАТА”. А ўласная інтэграцыя і нарошчванне ваеннага патэнцыялу ля граніц Беларусі і Расіі — гэта не пагроза для нас? На саміце не гучалі словы пра мір, не было выказана шкадавання, што ва Украіне гінуць людзі. А была агучана ваенная тэхніка, якую яшчэ перададуць Кіеву для вядзення вайны да апошняга ўкраінца. Вырашылі перадаць і касетныя бомбы і снарады, якія з’яўляюцца пагрозай для мірнага насельніцтва і на працяглы пасляваенны час. Амерыканцы хлусяць, што толькі 2,5 % гэтых боепрыпасаў не ўзрываецца адразу. Расійскія ваенныя эксперты сцвярджаюць, што гэты паказчык вагаецца ад 20 % да 40 %. Прымяненне, перадача і назапашванне касетных боепрыпасаў забаронена міжнароднай Канвенцыяй, якую падпісалі 123 краіны. Ды і ў саміх Штатах закон абмяжоўвае выкарыстанне боепрыпасаў, калі не ўзрываецца больш за 1 %. Але што для ЗША правілы і законы?!
У прынятай на саміце НАТА ў Вільнюсе заяве выказана вялікае заклапочанасць тым, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека. Нічога не пераблыталі спадары? Гэта ж яны пазбаўляюць тысячы людзей галоўнага права — права на жыццё.
А іх “каштоўнасці” мы добра ведаем. З апошняга: Латвія дазволіла збіваць мігрантаў, узаконіўшы насілле, Эстонія першая з былых савецкіх рэспублік узаконіла аднаполыя шлюбы, а Украіна на мінулым тыдні — ужыванне марыхуаны. Мы катэгарычна супраць такога. Мы — за здаровае, нармальнае грамадства. Вось Захад і шалее ад злосці.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
журналіст.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!