Меню
Курс $  3.05 | €  3.53 | ₽100  3.8 |
Погода 12 °C

Калі мары становяцца рэальнасцю

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Пост опубликован: 27.07.2023

Жанчыны — асобы пачуццёвыя. Пра гэта нагадвае нам літаратура — класічная і сучасная. Пра гэта гаворыць і само жыццё. І яшчэ пра тое, што, калі трэба, можна забыцца на мары і летуценні, сутыкнуўшыся з зусім не лірычнай рэальнасцю. Можна ўзяць на сябе ролю, на першы погляд, не самую лёгкую. Але вочы страшацца, а рукі робяць. Робяць усё так, як патрэбна, старанна, з адказнасцю, бо ад гэтай працы залежыць не толькі твой лёс, але і лёс самага дарагога чалавека на свеце — твайго дзіцяці. А яны выхоўваюцца прыкладам. Вось за добрым прыкладам і адправіліся ўдзельнікі сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан” не куды-небудзь, а ў самую мудрую ўстанову горада — бібліятэку. Адпаведна, да бібліятэкара, а дакладней — бібліёграфа аддзела абслугоўвання і інфармацыі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Вольгі Жук, якая аддала любімай прафесіі 29 гадоў жыцця.



Пачынала Вольга Станіславаўна з бібліятэкі ў вёсцы Сейлавічы Нясвіжскага раёна, затым была бібліятэка Нясвіжскага педвучылі- шча. 23 гады Вольга Станіславаўна працавала ў СШ № 1 нашага горада. Сённяшнюю пасаду яна займае амаль год. Вольга Станіславаўна заўсёды адрознівалася сваёй крэатыўнасцю, арыгінальнасцю ідэй. З яе прыходам у гэту ўстанову новы ракурс набылі некаторыя ўжо ўсім вядомыя краязнаўчыя праекты, з’явіліся і зусім новыя, не менш арыгінальныя. Як упэўніліся юныя журналісты, наша суразмоўца — добры знаўца не толькі сваёй справы, але і жыцця. І тое, што яе мары не збываліся адразу, на канчатковы вынік ніяк не паўплывала.
Калі зазірнуць у дзяцінства нашай зямлячкі, то яго можна назваць шчаслівым і бесклапотным. Маленькая Вольга не пакутавала без увагі. Яе любілі ўсе: бацькі, бабуля і дзядуля… І, вядома, адказы на многія просьбы былі станоўчымі. Дзяўчынцы было пяць гадоў, як бацькі развяліся. Зразумела, мама Алена Леанідаўна не магла забяспечыць ранейшы дастатак у сям’і. Аднойчы яны з Вольгай пайшлі ў краму. Позірк дзяўчынкі спыніўся на вялікай прыгожай ляльцы, якая была амаль з яе ростам.

— Я разумела, што гэтую ляльку мне ніколі не купяць, таму і не прасіла. Мама працавала тады ў Доме быта, вязала шыньёны. Работа ёй падабалася, але заробак быў невялікі. І можаце зразумець мяжу майго здзіўлення, радасці, калі аднойчы, забраўшы з дзіцячага садка, мама ўручыла мне жаданы падарунак. Ляльку я назвала Таняй і вельмі берагла, — адказвае Вольга Станіславаўна на пытанне аб самых яскравых момантах дзяцінства.

Любіла Вольга і час, праведзены ў дзядулі і бабулі — Леаніда Мікалаевіча і Ядзвігі Іосіфаўны Маліноўскіх — у вёсцы Бабавенка Капыльскага раёна. Запомніліся паходы з дзядулем у лес, па грыбы і ягады, на рэчку. Бабуліны вершы і песні, якія яна чытала ці спявала, навучаючы ўнучку рука- дзеллю. Бабуля не змагла атрымаць добрую адукацыю, скончыла толькі пачатковую школу. У свой час ёй прыходзілася працаваць, каб астатнія дзеці вучыліся. Дарэчы, сястра бабулі — Вікторыя Іосіфаўна Рымашэўская — Заслужаны настаўнік СССР і БССР, шмат гадоў была дырэктарам СШ № 1 г. Нясвіжа.

Вольга пайшла ў першы клас менавіта ў школу, якую ўзначальвала знакамітая сваячка. Аднойчы першая настаўніца Кацярына Фёдараўна Цыганкова паставіла дзяўчынцы двойку. Пакрыўджаная вучаніца прамовіла:
— А Вы ведаеце, хто мая бабуля?
— Ведаю, — адказала настаўніца і паставіла яшчэ адну двойку.
Дома гэты выпадак, мякка кажучы, не пакінулі без увагі. Алена Леанідаўна вучыла дачку пава- жаць людзей. Тым больш старэйшых. І была ўпэўнена, што настаўнік заўсёды мае рацыю. З той сітуацыі Вольга вынесла для сябе правіла: прызнаваць памылкі, калі ты сапраўды памыліўся, не шукаць вінаватых, а дадаць старання.
Жыццёвыя выпрабаванні
Нават летні дзень не заўсёды бывае сонечным. А тым больш чалавечае жыццё. Праз некаторы час мама зноў выйшла замуж. Вольга дачакалася нарэшце малодшага брата. І гэта было найвялікшай радасцю. Але мама не магла аправіцца ад родаў. Ёй прыйшлося доўга лячыцца. У той час яны ўжо пераехалі ў вёску да бабулі і дзядулі, дзе не было школы. Вользе патрэбна было ісці ў шосты клас, а бліжэйшая школа знаходзілася за 15 кіламетраў ад дома. Вучобу перарываць было нельга і дзяўчынка апынулася ў інтэрнаце.

— За кароткі час, праведзены ў інтэрнаце, а там прабыла адзін навучальны год, я атрымала добрую школу жыцця. Інтэрнацкія дзеці мяне не прымалі. Мама мяне вельмі добра даглядала. Я была прыгожа апранутая. Мяне часта наведваў дзядуля, забіралі на выхадныя і канікулы. Такую лагоду мелі не ўсе. Са мной не размаўлялі. У пакоі жылі дзеці розных узростаў. І калі старэйшай дзяўчыне ўздумвалася цёмным зімовым вечарам адправіць на пошту ліст, юным кур’ерам спрачацца не прыходзілася. Апранаешся і ідзеш, нягледзячы на тое, што ўжо змарыў сон, — дзеліцца невясёлымі ўспамінамі Вольга Станіславаўна.
Праз паўгода мама паправілася і дзяўчынка магла вярнуцца дамоў, але патрэбна было дачакацца заканчэння навучальнага года.
Гэты момант гаворыць пра тое, наколькі ўсё ў гэтым свеце нетрывалае. І калі ты сёння жывеш у радасці, азірніся навокал, можа камусьці не так весела, і ты можаш для яго хоць што добрае зрабіць. Нават аказацца ветлівей, і тое станецца подзвігам сярод агульнага байкоту. Тут дазволю сабе невялікае адступленне.
Аднойчы аднаго з маіх вучняў забіралі ў інтэрнат. Яго аднакласніца расказвала мне пра гэта і пасміхалася. Тады яна не ведала ні гэтай гісторыі, ні таго, што ніхто ў гэтым жыцці ні ад чаго не застрахаваны.

Неўзабаве сям’я зноў змяніла месца жыхарства і Вольга прадоўжыла навучанне ў Сейлавіцкай школе. Дзяўчынка вельмі хвалявалася, як пройдзе яе першы дзень у новай установе. Але дырэктар Васілій Іванавіч Гаціла прыняў яе настолькі добразычліва, што гэта надало ўпэўненасці. Ды і ўсе настаўнікі аднесліся вельмі ўважліва. Класны кіраўнік — Раіса Канстанцінаўна Хвалько — была для сваіх вучняў не толькі настаўніцай фізікі, але і мудрым дарадчыкам у многіх справах. Сярод любімых настаўнікаў была і выкладчык беларускай мовы і літаратуры Ірына Ільінічна Падамацька, якая і дапамагла падрыхтавацца да паступлення.
Мары і прафесія

У юнацтве Вольга марыла стаць актрысай, як іх сваячка Тамара Пузіноўская. Але мама настаяла на медвучылішчы. Вольга здала экзамены, але на жаданае аддзяленне балаў не хапіла. На іншае ісці не давялося. Уладкавалася на працу ў вясковую бібліятэку і паступіла завочна ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум.
Праца ў сельскай бібліятэцы вельмі падабалася. Нягледзячы на юны ўзрост і недастатковаць вопыту, з работай спраўлялася. Ды і дапамагчы было каму.
— Загадчыкам клуба, у якім мясцілася бібліятэка, быў Гена-дзій Канстанцінавіч Русак, ён мяне вельмі падтрымаў. Загадчыкам суседняга клуба ў Андрушах была Надзея Сяргееўна Цар, якая таксама не засталася ў баку. Дзялілася вопытам і бібліятэкар Андрушоўскай сельскай бібліятэкі Таццяна Уладзіміраўна Ванагель. Мы разам ладзілі цікавыя сустрэчы і канцэрты. Там мне нічога не было новым. Людзей у вёсцы я ведала. І з дзяцінства хадзіла ў клуб, спявала, вяла канцэрты, і нават пісала сцэнарыі для школьных святаў. Баялася толькі праверак з раёна. Але старэйшыя па ўзросце і пасадах калегі адносіліся настолькі добразычліва, што хацелася працаваць.
Але са з’яўленнем уласнай сям’і, пераездам у Нясвіж, нараджэннем сына, Вольга Станіславаўна вымушана была змяніць месца працы, уладкаваўшыся ў Нясвіжскае педвучылішча. Патрапляць у графік работы з чатырнаццаці да дваццаці аднаго не атрымлівалася. І працу зноў прыйшлося змяніць. Так Вольга Станіславаўна стала бібліятэкарам СШ № 1, дзе і затрымалася на дваццаць тры гады. Акрамя абавязкаў бібліятэкара, стала весці яшчэ і творчыя аб’яднанні па інтарэсах. З 2005 па 2022 год пад яе кіраўніцтвам ладзілася школьнае КВЗ. З ахвотай вучні прыводзілі ў жыццё многія творчыя ідэі свайго кіраўніка. І ўзнагароды не прымушалі сябе чакаць. Калі Вольга Станіславаўна звальнялася са школы, то сын, забіраючы матуліны рэчы, спытаў:
— Чаму так цяжка?
Асноўны цяжар укладалі ўзнагароды яго матулі, якія, калі б яна сабралася размясціць ва ўласным пакоі, занялі б добрую яго палову.
Сапраўдная ўзнагарода

Але асноўная ўзнагарода Вольгі Станіславаўна, зразумела, яе сын Яўгеній.
— Мой сын заўсёды побач, ва ўсім мяне падтрымлівае. І ў здзяйсненні маіх школьных крэатыўных ідэй, і ў жыццёвых выпрабаваннях, — гаворыць Вольга Станіславаўна.
На пытанне юных журналістаў аб метадах выхавання, наша сураз- моўца адказала:
— Я вельмі строгі чалавек. Са мной не забалуеш. Але Яўгеній быў заўсёды паслухмяным. З першага класа сам вучыў урокі. І дапамагаў мне ва ўсім. Ён бачыў, як я працавала. Бібліятэка, гурткі, увесь адпачынак у аздараўленчым лагеры. А так нічога спецыяльнага для яго выхавання, нейкіх асаблівых метадаў я не прымяняла.
Сын Вольгі Станіславаўны зараз працуе ў Гарадзейскай СШ №2 настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства. Нядаўна ён стаў пераможцай конкурсу сярод педагогаў раёна “Самы класны класны”. Яўгеній мае ўжо сваю сям’ю, у якой падрастае сынок Руслан. Жонка Кацярына таксама педагог.
Дзякуючы Вользе Станіславаўне ў цэнтральнай бібліятэцы з’явілася рубрыка “Беседы о важном”. У рамках гэтага праекта любы жыхар горада і раёна можа расказаць аб сваёй уласнай бібліятэцы, кнігах, якія асабліва ўразілі.
Даўні праект бібліятэкі “100 читающих людей” выходзіць зараз у новым відэафармаце. Новы аўтарскі праект нашай суразмоўцы “Літаратурныя таленты Нясвіжчыны” знаёміць гледачоў з паэтамі і пісьменнікамі, нашымі землякамі, а таксама іх творамі.
Цікавы і маладзёжны праект, дзе асноўныя ўдзельнікі — старшакласнікі агульнаадукацыйных школ раёна — таксама таленавітыя і творчыя.
… Давер — гэта галоўнае

— Хочацца, каб пра нашу бібліятэку ведала як мага болей людзей. І не толькі ў раёне. Каб моладзь цягнулася сюды ўслед за дарослымі чытачамі, цікавілася кнігамі, якія мы прапаноўваем. І, мне здаецца, маладыя лю- дзі, якія спыняць свой выбар на нашай прафесіі, ніколі не пашкадуюць. Бо бібліятэкар — прафесія творчая, крэатыўная, цікавая. Тут нельга засяродзіцца на тым, каб прапаноўваць кнігі сваім чытачам. Бібліятэкар павінен не толькі многае ведаць, а і многае ўмець: нават спяваць, ладзіць тэатральныя літаратурныя пастаноўкі, ствараць відэаролікі. І гэта прафесія стала маёй спраўджанай марай, — гаворыць Вольга Станіславаўна.
Самую галоўную з парад, што прагучалі з вуснаў нашай суразмоўцы, яна калісьці пачула ад свайго дзядулі, які гаварыў, што самае галоўнае ў жыцці — гэта давер. Менавіта на пачуцці поўнага даверу павінны будавацца адносіны ў сям’і, на працы, сярод сяброў і блізкіх людзей. І яшчэ жыць так, каб не брыдка было азірнуцца на пражытыя гады.
На маю думку, Вольга Станіславаўна выканала наказ свайго дзядулі на выдатна. І, дакрануўшыся да старонак яе жыцця, нехта юны занатуе для сябе тое, што спатрэбіцца няхай не сёння, але заўтра абавязкова.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,
кіраўнік праекта “Парады
з вуснаў несвіжан”.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!