У нядзелю, 13 жніўня, у нашай краіне адзначаецца цудоўнае прафесійнае свята — дзень будаўніка.
Кожны чалавек жадае мець дах над галавой — жыллё, у якім будзе ўсё зручна, хораша, сучасна, надзейна і трывала. Без будаўнікоў гэтае агульначалавечае жаданне здзейсніць ніяк не атрымаецца. Гэта патрэбная ўсім і адказная прафесія. А яшчэ яна вельмі цікавая. Кожны будаўнік можа адчуваць сябе творцам, стваральнікам. Тое, што робяць прадстаўнікі гэтай прафесіі, служыць людзям вельмі доўга. І гэта не толькі жыллё, гэта і іншыя будынкі рознага прызначэння: заводы і бальніцы, школы і дзіцячыя сады, стадыёны і канцэртныя залы, музеі і кінатэатры, ангары, склады і шмат іншага.
Людзі будаўнічых прафесій не толькі ўзводзяць новыя будынкі, але і рэстаўруюць, рамантуюць старыя, каб яны паслужылі нам даўжэй.
З адным з такіх адданых сваёй справе работнікаў мы і прапануем вам наша фотазнаёмства.
Плітачнік-аддзелачнік Ігар Доўнар працуе ў прыватным рамонтна-будаўнічым унітарным прадпрыемстве “БратСтройКом” з самага пачатку яго дзейнасці, а ўвогуле сёлета спаўняецца 25 гадоў, як Ігар Сігізмундавіч прысвяціў сябе будаўнічай справе.
— Калі я прыйшоў у 1998 годзе з арміі, — узгадвае мой суразмоўца, — я ўбачыў, як добраўпарадкоўваецца і прыгажэе Нясвіж, і мне захацелася паўдзельнічаць у гэтым цудоўным пераўтварэнні, стаць адным з тых, хто надае нашаму гораду новы, сучасны воблік. Так я прыйшоў у будаўніцтва. І за ўсе гады не пашкадаваў аб гэтым.
Ігар Доўнар — адзін з тых сціплых патрыётаў роднай зямлі, якія не заяўляюць гучна і прыгожа пра любоў да радзімы, а проста добрасумленна працуюць на яе карысць. Ураджэнец вёскі Караліна, што непадалёк ад райцэнтра, ужо 23 гады ён жыве ў Нясвіжы, і працуе на розных будаўнічых аб’ектах у горадзе і раёне.
З асаблівым гонарам Ігар Сігізмундавіч узгадвае такі значны аб’ект “БратБудКома”, як раённы цэнтр культуры, дзе яго арганізацыя зрабіла цудоўны рамонт, які да непазнавальнасці змяніў і асучасніў унутраны воблік будынка. Даводзілася працаваць і ва ўстановах адукацыі, і ў адміністрацыйных будынках, і ў сельгаспрадпрыемствах. Аб’екты змяняліся, але нязменным заставалася адно: добрасумленнае і адказнае стаўленне да даручанай справы, імкненне пакінуць пасля сябе самы добры след.
Што тычыцца работы непасрэдна героя гэтага аповеду, то ёй папярэднічала вучоба ў Мірскім мастацкім вучылішчы, дзе ён атрымаў спецыяльнасць майстра па рабоце з чырвоным дрэвам. Уменне ствараць прыгажосць сваімі рукамі засталося з ім назаўсёды, і хаця фірме, дзе працуе Ігар Сігізмундавіч, былі неабходны спецыялісты розных будаўнічых спецыяльнасцей — ад муляра да электрыка, яму былі бліжэй за ўсё менавіта аддзелачныя работы, якія ён і выконвае якасна і з задавальненнем.
— Самая мая любімая справа, — гаворыць мой суразмоўца, — гэта класці плітку. — Вядома, я зраблю ўсё, што загадае краўніцтва, але да гэтай работы асабліва ляжыць душа, а рукі, здаецца, самі па сабе ўсё робяць, нават не заўважаеш, як пралятаюць гадзіны.
А яшчэ Ігар Сігізмундавіч адзначыў, што ў будаўнічай справе, як і ў любой другой, нельга стаяць на месцы — з’яўляюцца новыя тэхналогіі, новыя матэрыялы і інструменты, новыя тэндэнцыі ў той жа аддзелцы, і ўсё гэта трэба асвойваць і належным чынам прымяняць, каб высока трымаць марку сваёй арганізацыі.
— Тэхнічны прагрэс — вялікая справа, — заўважыў ён напрыканцы нашай гутаркі. — Дзякуючы яму зараз працаваць стала фізічна лягчэй, чым 20 гадоў таму, і нашмат цікавей дзякуючы той жа разнастайнасці матэрыялаў, якія цяпер прапаноўвае рынак. Таму заспакойвацца і сумаваць не выпадае. Работы шмат і гэта добра, што яна ёсць.
А адпачываць ад працы герою гэтага аповеду дапамагае ізноў жа любімы горад: няма лепшага адпачынку, лічыць ён, чым прагуляцца з сям’ёй у выхадны дзень па нашаму цудоўнаму парку ці выехаць на прыроду за горад.
Таму сваё прафесійнае свята Ігар Доўнар сустракае ў добрым настроі, і няхай так будзе заўсёды. Няхай расце і квітнее наш горад і не стамляюцца працавітыя рукі будаўнікоў.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.