У мінулую нядзелю ў раённым цэнтры Гарадок Віцебскай вобласці, у самым паўночным рэгіёне нашай краіны, урачыста прайшоў Дзень беларускага пісьменства, які адзначаецца ў Беларусі з 1994 года. Сёлета свята, скіраванае на беражлівае захаванне і развіццё духоўнай спадчыны краіны, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, падтрымку літаратуры і кнігавыдання, стала юбілейным — трыццатым. Як зазначыў міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, “сімвалічна, што гэты юбілей святкуецца на віцебскай зямлі, бо яна дала асноўны імпульс развіццю беларускага кнігавыдання. Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі, Васіль Цяпінскі — яны ўсе выхадцы зямлі віцебскай”.
Да гэтага дадамо, што Гарадок — радзіма Канстанціна Вераніцына, аўтара вядомай сатырычна-гумарыстычнай паэмы “Тарас на Парнасе”.
Дзень беларускага пісьменства — дзяржаўнае свята ў Рэспубліцы Беларусь, якое адзначаецца ў першую нядзелю верасня. Штогод яно ладзіцца ў новых гарадах з багатай гістарычнай спадчынай, даўніх цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання.
Задума гэтага свята з’явілася ў Міністэрстве культуры і друку Беларусі пасля святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны. Пасля ўзгаднення з Саветам міністраў і Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь 25 мая 1994 з’явілася пастанова аб заснаванні свята Дня беларускага пісьменства.
Першапачаткова дата святкавання была прымеркавана да дня выдання першай друкаванай беларускай кнігі — 6 жніўня 1517 года. З 1998 года яна ўстаноўлена ў першую нядзелю верасня.
Мерапрыемства традыцыйна праводзіцца ў беларускіх гарадах — вядомых цэнтрах культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Упершыню ўрачыстасці праходзілі ў старажытным Полацку, дарэчы, ён прымаў свята двойчы. Сталіцамі свята станавіліся таксама такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск і г.д. З цягам часу Дзень беларускага пісьменства набыў агульнанацыянальны статус.
Асабліва натхняе той факт, што ў гэтым пачэсным спісе ёсць і наш горад, які прымаў свята сярод першых. 6 верасня 1997-га года несвіжане сустракалі на ратушнай плошчы горада навукова-творчую экспазіцыю з Нязгаснай лампадай духоўнасці, з жыватворным агнём ад Труны Гасподняй. Іх віталі старшыня райвыканкама Уладзімір Дражын і настаяцель храма Святога Георгія Перамаганосца протаіерэй Дзмітрый Хмель. 7 верасня ўрачыстасці пачаліся ў Нясвіжы хрэсным ходам ад гэтага храма да помніка Сымону Буднаму. Тут сабраліся ўдзельнікі і госці свята. На імправізаваную сцэну вынеслі гербы гарадоў, вядомых развіцём пісьменства і кнігадрукавання, выйшлі акцёры ў вобразах славутых людзей Беларусі: Ефрасінні Полацкай, Францішка Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Кірылы Тураўскага і іншых. На адкрыцці свята было зачытана прывітанне ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Несвіжан віталі высокапрастаўленыя асобы — ад першага намесніка старшыні Дзяржаўнага камітэта па друку Зіновія Прыгодзіча да прэзідэнта фонду імя Францыска Скарыны ў Чэхіі Олджэка Кнотэка.
Далей падзеі разгортваліся на падворку замка князёў Радзівілаў і ў старажытным парку, дзе гасцей чакала вялікая і разнастайная праграма: сустрэчы з літаратарамі, кніжны кірамаш, канцэрты самадзейных і прафесійных артыстаў, выстаўкі работ народных умельцаў, тэатралізаваныя прадстаўленні.
Усё гэта засталося ў нашай памяці, і радасна, што свята нашай гісторыі і культуры жыве, развіваецца і пераходзіць да новых гаспадароў: сталіцай Дня беларускага пісьменства ў 2024 годзе стануць Івацэвічы.