Нядаўна ў Кіркаўшчыне Ланскага сельскага савета прайшло свята вёскі. Першыя звесткі аб гэтым населеным пункце датуюцца 1882 годам. Назва яе тады была Кіркораўшчына — вёска ў Ланскай воласці Слуцкага павета, якая налічвала 8 асад. Праз 15 гадоў, у 1897 годзе, яна называлася ўжо Кіркаўшчына. Тут было 38 двароў, у якіх жылі 199 чалавек — больш, чым пяць, у адной хаце.У 1909 годзе тут налічвалася ўжо 47 двароў і 258 жыхароў. У 1921 — 1939 гадах вёска разам з гмінай Лань Нясвіжскага павета ўваходзіла ў склад Польшчы
У 1939 годзе Кіркаўшчына стала часткай БССР, з перадваеннага 1940-га ўваходзіла ў Нясвіжскі раён Баранавіцкай вобласці. У гэты час тут было 54 двары, 244 жыхары. У верасні 1949 года вяскоўцы арганізавалі калгас “Прагрэс”. З лістапада 1982 года ён стаў называцца калгасам імя Леніна.
У 2001 годзе ў вёсцы Кіркаўшчына было 72 двары і 141 жыхар. Сёння тут 13 двароў, у якіх жыве 18 чалавек.
Раздзяліць свята з жыхарамі вёскі і іх нашчадкамі, якія прыехалі на мерапрыемства, прыбылі пачэсныя госці: старшыня Ланскага сельвыканкама Людміла Буглай, дырэктар ААТ “Лань-Нясвіж” Сяргей Сямашка, старшыня прафсаюзнага камітэта таварыства Ганна Хітрая і былы старшыня Ланскага сельвыканкама і раённага Савета дэпутатаў Тамара Каспер.
Мінае час, адно пакаленне змяняе другое, але, як слушна заўважылі ў сваіх словах вядучыя свята, сёння нашчадкам не сорамна за сваіх продкаў — асабліва за тых, хто адстаяў сённяшняе мірнае жыццё падчас Вялікай Айчыннай вайны. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць І.І. Буглая, А.В. Гадуна, М.І. Гуцько, В.Г. Плятко, Я.А. Рачка, І.А. Роўбы, І.М. Сланімскага і І.С. Сланімскага, жыхароў Кіркаўшчыны, якія не вярнуліся з поля бою.
На свяце былі ўшанаваныя і паважаныя людзі, багатыя на жыццёвую мудрасць, — старэйшыя жыхары вёскі. Цёплыя словы віншаванняў і памятныя падарункі апрымалі Віктар Пятровіч Саўчанка, які сёлета адзначыў свой 89-ы дзень нараджэння, Ніна Цімафееўна Здорык, якой споўнілася 87 гадоў, Ванда Емельянаўна Роўба, што праз месяц справіць свой 85-гадовы юбілей, Ганна Іванаўна Саўчанка, якая адзначыла сёлета свой 82-і дзень нараджэння.
Асобныя віншаванні са святам роднай вёскі прымалі і шматдзетныя бацькі Дзмітрый і Юлія Печур, якія выхоўваюць траіх дзяцей, і самы малодшы жыхар вёскі, 14-гадовы Мікалай Пішчук, і юбіляры гэтага года — Алена Пяткевіч, Анатоль Цвірко і Ванда Роўба, а таксама дбайныя гаспадары, якія даглядаюць хто свае сядзібы, а хто — бацькоўскія дамы так, што з іх можна ўсім браць прыклад. Тут маюцца на ўвазе Т.А. Адоцік, І.І. Буглай, Т.М. і М.І. Несцер, Т.Дз. і У.А. Лапцэвіч.
Таццяна Дзмітрыеўна Лапцэвіч, дарэчы, з’яўляецца не толькі дбайнай гаспадыняй, але і старастай вёскі, дапамагае мясцовай уладзе вырашаць надзённыя пытанні людзей.
На свяце ў Кіркаўшчыне нельга было абысціся і без узгадвання аматарскага музычнага калектыву “Кіркаўскія музыкі” — гонару не толькі гэтай вёскі, але і ўсяго раёна. “Яны перажанілі палову Беларусі” — так казалі тыя, хто ведаў і любіў гэты самадзейны аркестр.
Гісторыя гэтага легендарнага калектыву ідзе аж у 30-я гады мінулага стагоддзя, калі малады ланскі выкладчык музыкі з настаўніцкай семінарыі Янак Шкода звярнуў увагу на юнакоў з вёскі Кіракаўшчына. Яшчэ з пятага класа іграў на скрыпцы Іван Міхайлавіч Буглай, быў добрым бабарабаншчыкам яго брат Уладзімір Міхайлавіч. Недалёка жыў трубач Іван Лукіч Несцер і кларнетыст Аляксандр Юльянавіч Буглай. Да іх далучыўся скрыпач з вёскі Вайнілавічы Рыгор Андрэевіч Камлач.
Вось з гэтага першага састава ўсё і пачалося.
Падчас вайны каля Берліна Іван Несцер пазнаёміўся з музыкантам-скрыпачом Пятром Еўтухам і запрасіў яго ў калектыў. Але тому прыйшлося перавучыцца на трубача.
На жаль, не ўсе кіркаўскія музыкі сустрэліся пасля вайны. З заснавальнікаў аркестра засталіся толькі трое: Іван і Уладзімір Буглаі і Іван Несцер. Яны запрасілі да сябе Пятра Еўтуха і Рыгора Чычко.
Вось гэтым саставам яны і ігралі да прыкладна да 1985 года. Былі ў калектыве і іншыя музыканты — Аляксандр Буглай, Пётр Еўтух, Аляксандр Кашуба, Віктар Шышыгін, Анатоль Булавін.
Можа, таму і па сённяшні дзень жыве ў сэрцах людзей добрая памяць аб гэтым калектыве, бо ўсе яго ўдзельнікі былі сапраўднымі творчымі людзьмі, улюбёнымі ў сваю справу. І для кожнага з іх музычны інструмент з’яўляўся не сродкам для заробку, а працягам яго душы, якая гучала і спявала ў кожнага па-свойму, але абавязкова чыста і шчыра.
Па цікавым супадзенні лёсу, свята вёскі праходзіла якраз у дзень нараджэння кіраўніка “Кіркаўскіх музыкаў” Івана Міхайлавіча Буглая — 26 жніўня.
Адзін з яго сыноў — прафесійны музыкант і “залаты голас Нясвіжчыны” Іван Іванавіч Буглай — стаў прадаўжальнікам справы свайго бацькі, прысвяціўшы музыцы ўсё сваё свядомае жыццё.
— Наша вёска благаслаўлёная Богам, — адзначыў у нашай гутарцы І.І. Буглай. І расказаў гісторыю, пачутую ад сваёй маці, пра тое, што некалі, як толькі пачалася вайна, нехта падказаў вясковым жанчынам саткаць адмысловы рушнік, у які трэба было загарнуць абраз Божай Маці і абнесці ім усю вёску.
— Мама казала, — расказаў Іван Іванавіч, што той рушнік нашы жанчыны саткалі за адну ноч і раніцай так і зрабілі. І вось як бы там ні было, але за ўсю вайну не было ў нашай вёсцы ні бамбёжак, ні пажараў.
Вось такая гісторыя. А завяршыць яе хочацца цудоўным вершам, якім парадавалі ўсіх удзельнікаў свята яго вядучыя:
Мы сёння шчыра вас вітаем,
Прыстойна жыць усім жадаем,
Каб лепш былося і вялося,
Са смакам елася, пілося.
Каб мелі хлеб, да хлеба — скварку,
І грошай шмат, і гаспадарку.
Заўсёджы толькі ў спраўным стане
Здароўя хай усім дастане.
Не майце а ні кроплі злосці,
Хадзіце і прымайце ў госці,
Жывіце ў радасці і ў згодзе.
Хай добра ніва ваша родзіць!
Вам зычым Боскай благадаці,
Багаты стол у кожнай хаце,
Дабра і праўды ў кожным слове,
Надзеі, веры і любові!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота прадастаўлена І.І. Буглаём.