У жыцці кожнага чалавека няма нічога больш важнага, чым сям’я. Менавіта яна дорыць нам любоў, дабро і цеплыню. У сям’і мы вучымся маральнасці, павазе да старэйшых. У ёй можна адчуць сябе па-сапраўднаму шчаслівым, у асяроддзі родных і блізкіх людзей, заўсёды гатовых прыйсці на дапамогу, адчуваць шчасце толькі ад таго, што проста вы побач.
На жаль, ёсць дзеці, якія застаюцца без мам і тат у сілу розных абставінаў. Ім даводзіцца жыць у дзіцячых дамах і інтэрнатах. Часцяком іх не пакідае пачуццё бяздольнасці і непатрэбнасці — ні адзін дзіцячы дом не заменіць дзіцяці паўнавартасную сям’ю. У сірот толькі адна мара — спазанаць, што такое мама і тата.
На шчасце ёсць людзі, якія з радасцю прымаюць дзяцей у сваю сям’ю. Кожны з іх заслугоўвае асаблівай павагі. Такой сям’ёй з’яўляюцца Таццяна і Юрый Грыцкевіч. Вось ужо 12 гадоў яны дораць цяпло свайго сэрца такім дзецям.
Упершыню пра тое, каб узяць прыёмнае дзіця, Таццяна Леанідаўна задумалася даўно, калі выконвала абавязкі загадчыцы дзіцячага сада. У тыя гады яна разам з камісіяй па справах непаўналетніх нярэдка ездзіла па сем’ях, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і бачыла, у якіх розных ўмовах пражываюць дзеці.
— На адным з пасяджэнняў камісіі маме з сям’і задалі пытанне: “Ці згодныя вы аддаць дзіця ў прыёмную сям’ю або гатовыя змяніць свой лад жыцця і клапаціцца пра дзіця?”. А яна адказала: “Не ведаю”. Мне ў тую ж хвіліну захацелася забраць дзіця да сябе, таму што я зразумела, наколькі яно пазбаўлена бацькоўскай любові. Жанчына не ставілася сур’ёзна да дзіцяці, якому дала жыццё. У маім разуменні мама — гэта самы родны чалавек, які павінен змагацца за сваіх дзяцей. У той дзень я сказала ўслых, што гатовая сама паклапаціцца пра гэтае дзіця.
Дома ў Таццяны Леанідаўны была апора — яе муж Юрый Антонавіч, з якім яна магла па- дзяліцца ўсімі перажываннямі. Абмеркавалі яны і гэты выпадак. Юрый Антонавіч падтрымаў жонку, сказаўшы, што гатовы пры- няць у сям’ю дзіця.
Паступова сітуацыя стала забывацца ў чарадзе жыццёвых пытанняў, але праз некаторы час Таццяне Леанідаўне патэлефанавалі і прапанавалі ім з мужам стаць прыёмнымі бацькамі.
— Мне сказалі, што ёсць дзве дзяўчынкі, якім патрэбна мама. Калі мы з мужам прыехалі ў дзіцячы дом, у мяне раскрылася душа. Яны падбеглі да нас і спыталі: “Можна мы вас будзем называць мама і тата”? Я зразумела — гэта мае дзяўчынкі.
У той жа дзень мы паехалі ва ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, запоўнілі заяву. І вось мы сталі прыёмнымі бацькамі. Па гэты дзень я ні кроплі не шкадую аб тым рашэнні.
Прыёмныя бацькі годна выхоўваюць дзяцей, не дзелячы іх на сваіх ці чужых. Дзве старэйшыя дзяўчынкі ўжо вучацца ў вышэйшай навучальнай установе. Летась Віялета паступіла ў БДПУ ім. Максіма Танка на факультэт пачатковай адукацыі, а Валерыя сёлета — на дашкольнае выхаванне.
— Яны ўсе для мяне родныя. Мы атулілі іх клопатам, — гаворыць Таццяна Леанідаўна. — І, я думаю, менавіта таму яны вырашылі звязаць свой шлях з выхаваннем юнага пакалення. У дзяўчынак добрыя задаткі для выбраных спецыяльнасцей. Сёлета мой унучак пайшоў у першы клас. А да гэтага ён шмат часу праводзіў у нас, у вёсцы. Калі ён прыязджаў, то дзяўчынкі з ім займаліся. Віялета чытала з ім кніжкі, распавядала цікавыя гісторыі, вучыла. Лера прывівала навыкі гігіены, паказвала, як правільна чысціць зубы, тлумачыла, чаму важна мыць рукі. І ўнук усё гэта ўспрымаў. Цяпер яго хваляць ў школе як разумнае і самастойнае дзіця.
Таццяна Леанідаўна старалася навучыць дзяцей усяму, што ўмее сама. І вельмі рада, што гэтым уменням знаходзіцца прымяненне. Сярод бытавых навыкаў мама вучыла дачок і клопату аб жывёлах. Да нядаўняга часу ў сям’і была свая хатняя гаспадарка, і дзяўчынкі дапамагалі клапаціцца аб жывёлах.
— Акрамя таго, мы шмат падарожнічалі, ездзілі па заапарках. Былі ў Гродне, у Мінску, у Станькаве, у Баранавічах. Дзеці вельмі цягнуцца да прыроды. Таму мы часта выязджаем і проста на пікнікі.
Старэйшыя дзяўчынкі ўжо пачынаюць свой дарослы шлях. У гэты час дома ў бацькоў засталіся толькі двое дзяцей. Адна маленькая дзяўчынка на выхаванні і Мілана, якую муж і жонка ўдачарылі.
— Неяк да нас прыязджала пара, якая хацела удачарыць Мілану. Увечары, калі мы з мужам ся- дзелі на кухні і пілі гарбату, дачка падышла да нас і спытала: “Мама, тата, а хіба сапраўдныя бацькі аддаюць сваіх дзяцей?” У той момант мы зразумелі, што не зможам адмовіцца ад дзяўчынкі. І мы ўдачарылі нашу прыёмную дачушку.
У выхаванні бацькі прытрымліваюцца прынцыпу: важна дзяліцца сваёй любоўю, але нельга забараняць дзецям мець зносіны са сваімі біялагічнымі бацькамі.
— Я заўсёды кажу дзецям: што б ні адбывалася, гэтыя людзі далі вам жыццё. І трэба з удзячнасцю гэта прымаць, — зазначае прыёмная матуля.
З такога тэзісу выцякае і парада ад Таццяны Леанідаўны для бацькоў, якія хочуць узяць пад сваю апеку дзяцей, што маюць у гэтым патрэбу:
— Адразу трэба даць любоў дзіцяці. Трэба атуліць яго цеплынёй і клопатам. Адчуўшы шчыры клопат, яно раскрываецца. Гэта нармальна, што дзеці цягнуцца да родных бацькоў, але калі даць ім дастаткова цеплыні, у вас складуцца блізкія і шчырыя адносіны, якія будуць ім важныя і праз гады.
Вядома, не заўсёды ўсё ідзе гладка. Дзеці, якія знаходзяцца ў прыёмнай сям’і, могуць адчуваць складанасці ў адаптацыі да новага асяроддзя, асабліва калі яны ўжо досыць дарослыя. Але дзякуючы любові і цярпенню такіх бацькоў-апекуноў, як мая суразмоўца і яе муж, многія з іх могуць пераадолець гэтыя цяжкасці і пачаць новае жыццё.
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.