Мы заўсёды рады зваротнай сувязі з нашымі чытачамі, якія паведамляюць нам, што ім падабаецца ў нашай газеце, а чаго, на іх погляд, не хапае. Цікава чытаць і жыццёвыя гісторыі нашых землякоў, якімі яны шчыра дзеляцца з намі.
Напрыклад, жыхарку аграгарадка Карцэвічы Лілію Капытка, якая сябруе з нашай газетай ужо каля 60-і гадоў, узяцца за пяро падштурхнула аўтарская калонка Соф’і Любанец “Лыжка дзёгцю ў бочцы мёду”. У ёй падымалася тэма шкоды, якую наносяць сабакі (і незаўсёды яны безнаглядныя) клумбам, што ўладкоўваюць каля сваіх хат дбайныя гаспадары.
“Я жыву на вёсцы, — піша нам Лілія Андрэеўна, — і ў мяне свая вясковая “сабачая гісторыя”. Бяздомных і безнаглядных сабак на вёсцы зараз блукае незлічоная колькасць, зграямі і ў адзіночку, розных памераў і парод. Адчуваюць сябе гаспадарамі, нікога і нічога не баяцца. А калі здараюцца так званыя “сабачыя вяселлі”, то няма спакою нават ноччу. Заснуць немагчыма: грызня, піск, гаўканне на розныя галасы. Вядуць сябе нахабна, пранікаюць на падворкі. Хапаюць курэй, быў выпадак, калі на полі загрызлі казу”.
Але ўсё гэта, слушна заўважае наш рэспандэнт, яшчэ паўбяды. Летам у вёску многія бацькі адпраўляюць сваіх дзяцей. Вядома, без нагляду яны не застаюцца, але ніхто не ведае, з якога боку выскачыць драпежнік і як паспець абараніць ад яго дзіця?
Затым Лілія Андрэеўна распавядае гісторыю, сведкам якой яна стала сама. Па адной з вуліц вёскі ішла маладая маці з каляскай. Раптам з-за кустоў выскачыла каля дзясятка сабак і з брэхам пабегла ёй насустрач. На шчасце, сабакі прабеглі міма, пакінуўшы жанчыну ў шоку. Можна толькі здагадвацца, якія думкі прамільгнулі ў тыя хвіліны ў яе галаве, але наўрад ці яны былі пра гуманныя адносіны да жывёлы.
Як змагацца з бяздомнымі сабакамі? Гэта пытанне праходзіць праз увесь ліст нашай чытачкі.
Зразумела, тут ёсць, што сказаць адпаведным службам, але ж і адказнасць саміх людзей павінна быць належнай. Пра гэта таксама гаворыць аўтар ліста.
“У тым, што драпежнікаў развялося так шмат, ёсць доля і нашай віны, — піша Лілія Капытка, — бо не з неба ж зваліўся сабака. Яе выпусціў на волю сам чалавек! Ну, завёў ты сабаку, дык трымай яго на прывязі, хай будзе ён сябрам табе на тваім двары, а не гойсае па вуліцы, збіраючы сабе падобных і ўжо ў зграі наводзячы страх на людзей. Думай пра тых, хто хоча спакойна прайсціся перад сном. Вёска — гэта наша маленькая радзіма, і мы павінны яе любіць і берагчы, жыць у ёй спакойна і вальготна. Жыццё і так такое кароткае, а свет стаў такім непрадбачлівым!”
І з гэтымі словамі цяжка не згадзіцца, як і з тым, што тэма, абазначаная ў лісце Л.А. Капытка, вельмі актуальная.
Тое, што свет не без добрых людзей, пацвярджае ў сваім допісе былы галоўны ўрач Аношкаўскай урачэбнай амбулаторыі, а зараз пенсіянерка Ірына Дзіц.
У свой час Ірына Уладзіміраўна сама дапамагала людзям, была добрым урачом, але час няўмольны — праблемы са здароўем не мінавалі і яе саму. Аднойчы яна вярталася на электрычцы з Мінска пасля лячэння. Выйсці трэба было на прыпынку Хвоева і перасесці ў аўтобус Хвоева — Нясвіж. Здаецца, усё хутка і проста. Аднак не для чалавека з траўміраванай нагой. Усе пасажыры скоранька перайшлі чыгуначныя пуці і паспяшаліся ў аўтобус, а аўтар ліста ледзь ішла.
“Боль быў нясцерпны, — піша Ірына Ула- дзіміраўна. — Я ішла пасля ўсіх. І ўжо засталося ступіць на апошнюю платформу, а я ніяк не магла падняць хворую нагу. І тут на вялікай хуткасці з Брэста пайшла электрычка на Мінск. Яна так моцна сігналіла, што я падумала: “Гэта канец”. Я ў роспачы закрычала: “Дапамажыце!”
І жанчына, якая ішла паперадзе, вярнулася на некалькі крокаў назад, працягнула руку і літаральна ўсцягнула Ірыну Уладзіміраўну на платформу, тым самым выратаваўшы ёй жыццё.
“Я яшчэ не ўсведамляла ў той момант, — піша І.У. Дзіц, — які ўчынак здзейсніла гэта сціплая жанчына. Гэта была Ірына Пятроўна Антанюк. Змораная, яна вярталася пасля працоўнага дня, але працягнула мне руку”. Едучы разам са сваёй выратавальніцай у аўтобусе, аўтар ліста даведалася, што яе сын, Сяргей Віктаравіч Антанюк, працуе ў ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” галоўным эканамістам. І ён па праве можа ганарыцца сваёй матуляй, чулай і добразычлівай, якая прыходзіць лю- дзям на дапамогу не на словах, а на справе.
Ірына Уладзіміраўна была прыемна ўражана тым, што яе выратавальніца — таксама, як і яна, медык, працуе ўрачом клініка-дыягнастычнай лабараторыі Гарадзейскай гарадской бальніцы.
“Я да канца жыцця буду ўдзячна гэтай жанчыне з залатым сэрцам за сваё другое нараджэнне”, — так заканчвае свой ліст у рэдакцыю І.У. Дзіц.
Гэты ліст — нагляднае пацвярджэнне таго, што добрых людзей нашмат больш, чым дрэнных, і што, калі нам сапраўды патрэбна дапамога, яна абавязкова прыйдзе. Таму — дзяліцеся сваімі гісторыямі, сваімі разважаннямі, і разам мы абавязкова зможам прыўносіць у наша жыццё нешта новае і агульнымі намаганнямі рабіць яго лепшым.
Агляд пошты правяла
Лілія ІВАНЕНКА.