34 гады таму, яшчэ ў далёкія савецкія часы, падчас знаходжання ў дэкрэтным адпачынку са старэйшай дачкой, несвіжанка Наталля Крывашэй захапілася вязаннем кручком. Азы гэтага майстэрства ёй паказала свякроў, якая валодала ім вельмі добра, і маладой матулі яно вельмі спадабалася.
Як многія помняць, тыя гады былі эпохай татальнага дэфіцыту, нават ніткі для вязання знайсці было не так лёгка, і каб зрабіць новую рэч, даводзілася распускаць старую. Але гэта пачынаючую майстрыху зусім не бянтэжыла, нездарма кажуць: хто хоча нешта зрабіць, той шукае спосаб, хто не хоча — прычыну. І яна абавязкова знаходзіла магчымасць, каб знайсці ўсё неабходнае для занятку любімай справай.
— Калі я паспрабавала вязаць кручком, — узгадвае зараз Наталля Станіславаўна, — мне здалося, што гэта лягчэй, чым спіцамі (ва ўсякім разе, для мяне), і хутка захапілася гэтай справай, адчула, што яна сапраўды мая. Пачынаеш вязаць і пра ўсё на свеце забываеш: рукі занятыя, душа адпачывае — цудоўнае адчуванне. Проста лякарства для нервовай сістэмы.
А затым па ўдалым збегу абставін маёй суразмоўцы трапіла ў рукі выдатная кніга па вязанні кручком — вялікага фармату, добра ілюстраваная, яна стала сапраўдным кладзезем ідэй для майстрыхі. Арыгінальныя спалучэнні колераў і ўзораў дапамаглі ёй зрабіць свае вырабы яшчэ больш цікавымі.
Першымі работамі Наталлі Станіславаўны сталі сурвэткі, затым — кофтачкі. Іх яна вязала з “матываў” — асобных дэталей, якія злучаліся адна з адной. Гэта маглі быць і геаметрычныя фігуры, і кветачкі, і іншыя прыродныя вобразы.
— Мне было чым складаней, тым прывабней. Проста вязаць суцэльнае палатно мне было нецікава. І сяброўку сваю я гэтаму навучыла. Помню, пакладзём дзяцей у калясачках спаць, а самі пабяром ніткі ды кручкі і сядзім ужо ды вывязваем свае эксклюзіўныя рэчы, — з усмешкай узгадвае зараз мая суразмоўца.
Затым Наталля Станіславаўна асвоіла і спадніцы, і цэлыя сукенкі, і нават абутак з разраду ажурных боцікаў. Усё гэта карысталася попытам не толькі сярод родных майстрыхі і гэта нядзіўна: не кожны можа стварыць сваімі рукамі такую арыгінальную, аўтарскую рэч. Дарэчы, многае яна проста дарыла людзям, якіх хацела парадаваць.
— Раней магла і цэлую ноч вязаць, так хацелася хутчэй убачыць гатовы выраб, — расказвае майстрыха. — Цяпер ужо сілы не тыя, але вязаць падабаецца па-ранейшаму. Калі нішто не перашкаджае, на кофтачку ідзе каля двух тыдняў (шмат гадоў Н.С. Крывашэй працавала ў гандлі, і асноўную работу ніхто не адмяняў. — прым. аўтара). Адна з рэчаў, звязаных для сябе самой — спадніца з узорам з кляновых лістоў.
Любімыя матывы Наталлі Станіславаўны — раслінныя. Шмат вырабаў яна зрабіла, напрыклад, з матывам “ананас”. Ім яна вязала і тунікі, і спадніцы, і нават цэлы касцюм. Ён і цяпер у яе ёсць.
Асабліва пашанцавала трэцяй, малодшай дачушцы маёй суразмоўцы. Розных нітак ужо было дастаткова і яна хадзіла і ў садзік, і ў школу ў вырабленых мамай эксклюзіўных рэчах, якіх ні ў кога больш не было. Нават убор Снежнай Каралевы на навагодні ранішнік і той быў зроблены мамінымі рукамі.
І сапраўды, у рэчах, якія стварае закаханы ў сваю справу майстар, любая жанчына ў любым узросце адчуе сябе каралевай. І гэта, напэўна, і ёсць пакліканне сапраўднага мастацтва: ствараць прыгажосць і дарыць людзям радасць. І не так важна, які інструмент пры гэтым выкарыстоўваецца — пэндзаль мастака ці вязальны кручок майстра.
Галоўнае — каб гэта было ад душы, і тады яно абавязкова будзе запатрабавана!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.