Раіса Хвір, пенсіянерка:
— Я думаю, што адзінства і аб’яднанне — гэта вельмі важна для любога народа, у тым ліку і для нашай Беларусі. А яшчэ мне падабаецца тое, што больш вяртаюцца да роднай мовы. Вось і на сённяшнім канцэрце ў замку абсалютная большасць песень гучала на нашай роднай мове.
Яшчэ вельмі спадабалася, як хороша ўпрыгожана да гэтага свята наша сталіца — Мінск, як праводзяцца розныя мерапрыемствы ў гонар гэтага свята.
І я, напрыклад, і сама не застаюся ад яго ў баку: наш ансамбль “Рабінушка”, што існуе пры аддзяленні забеспячэння дзённяга знаходжання пажылых людзей раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пабываў з канцэртам, прысвечаным Дню народнага адзінства, ў Нясвіжскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце.
Мы пачалі сваё мерапрыемства з гімна Беларусі, і гэта было вельмі ўрачыста. Усе, хто мог стаяць, усталі, і гэта вельмі кранала. Першай мы выканалі песню “Беларусь — імя святое”. Яна стала дэвізам усяго нашага канцэрта, прысвечанага сённяшнему святу.
А пазаўчора, у пятніцу, мы выехалі з такім жа канцэртам у Слаўкаўскі сельскі клуб, і людзі былі вельмі рады, вельмі цёпла нас прымалі. А гэта значыць, што Дзень народнага адзінства — вельмі патрэбнае свята, якога нам даўно не хапала, каб адчуць сябе як адзіны народ.