Заўтра наступіць 21 верасня — дзень, калі штогод па ўсёй планеце адзначаецца Міжнародны дзень міру.
Мір — гэта галоўная каштоўнасць нашага жыцця. Міжнародны дзень міру ў гэтым годзе заклікае да паразумення паміж народамі, этнічнымі, рэлігійнымі, культурнымі групамі і асобнымі людзьмі. Сёлета яго тэма — “Дзеянні ў імя міру: наша імкненне дасягнуць #ГлабальныяМэты”. Гэта заклік да дзеяння, які прызнае нашу асабістую і калектыўную адказнасць за ўмацаванне міру. Рэалізацыя мэтаў устойлівага развіццця набліжае нас да пабудовы міралюбівага, справядлівага і свабоднага ад сацыяльных бар’ераў грамадства, у якім няма месца страху і гвалту. Але без удзелу і ўкладу шырокага кола ўдзельнікаў, у тым ліку 1,2 мільярда маладых людзей, гэтыя мэты не будуць дасягнуты.
Нагадаем, што сёлета спаўняецца 75 гадоў з дня прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго. Міжнародны дзень міру 2023 года заклікае ўсю моладзь праявіць свае амбіцыі і, у якасці пазітыўнай і канструктыўнай сілы, далучыцца да руху па дасягненні МУР, унёсшы свой уклад у пабудову ўстойлівага свету. Разам мы можам дапамагчы прывесці наш свет да больш экалагічнай, роўнай, справядлівай і бяспечнай будучыні для ўсіх нас.
Асабліва востра актуальнасць паняццяў вайны і міру мы сталі адчуваць у XXI стагоддзі. На фоне гістарычных працэсаў, якія ўсё паскараюцца і выяўляюцца ў зменах сацыяльнага і дэмаграфічнага складу насельніцтва планеты, прыродных, навукова-тэхнічных трансфармацыях, змене глабальнага ідэалагічнага клімату, свет пачаў губляць сваю стабільнасць. Усё больш і больш стала з’яўляцца ачагоў напружанасці з-за ўзнікаючых канфліктаў і перадзелу сфер уплыву ў розных кутках планеты.
— Зло вайны і даброты міру да такой ступені вядомыя людзям, што з таго часу, як мы ведаем людзей, самым лепшым пажаданнем было прывітанне “Мір вам!”, — пісаў геній рускай літаратуры Леў Талсты.
І сапраўды, цяжка не згадзіцца з меркаваннямі некаторых духоўных настаўнікаў аб тым, што галоўная праблема не ў тым, што ў некаторых краінах свету ідуць войны, а ў тым, што няма міру ўва мне, у маёй душы, у маім сэрцы. Вялебны Серафім Сароўскі кажа нам з вамі аб тым, што мір мы павінны ўсталяваць у першую чаргу ў сваёй душы, а для гэтага можна і трэба пачынаць менавіта з сябе. Не трэба думаць: “Я выратуюся, а астатнія хай гінуць”. Для чалавека натуральна думаць аб іншых, натуральна дапамагаць ім, але трэба ж з чагосьці пачаць! Нельга ж так адразу ўзяць і перавярнуць усю зямлю, як гэта хацелі зрабіць рэвалюцыянеры. Нельга за адзін дзень усё тое зло, якое назапасілася ў свеце, адразу перамагчы. Трэба з нечага пачынаць. І лепш за ўсё пачынаць з самога сябе.
Бо калі ў душы няма міру, тады мы нічога не набываем ні справамі сваімі, ні сваімі ўяўнымі заслугамі, і, галоўнае, не можам дапамагчы іншым. Трэба зноў успомніць словы Серафіма Сароўскага: “Ствары мірны дух у сваёй душы і тады вакол цябе выратуюцца тысячы чалавек”. Вельмі важна пра гэта памятаць і дзеля гэтага жыць. Калі паставіць перад сабой такую мэту — здабыць гэты мір, усталяваць яго ў сваёй душы — тады сам Бог будзе нам з вамі ў гэтым дапамагаць.
Таму — няхай будзе паміж намі мір, а мірнае неба распасціраецца і над нашай краінай, і над усім светам.