Верасень 80 гадоў таму, у 1943-м, увайшоў у гісторыю Беларусі знамянальнай
падзеяй: 23 верасня ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў вызвалены першы раённы цэнтр рэспублікі —
гарадскі пасёлак Камарын Гомельскай вобласці (цяпер ён уваходзіць у Брагінскі раён).
“Перамога ў Курскай бітве дазволіла Чырвонай Арміі перайсці ў агульнае летне-асенняе наступленне 1943 г. на фронце шырынёй у 2 тыс. км, у ходзе якога пачалося вызваленне Беларусі. 23.09.1943 г. войскі 13-й арміі (генерал-лейтэнант М.П. Пухаў) Цэнтральнага фронту (генерал арміі К.К. Ракасоўскі) у час Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі вызвалілі першы раённы цэнтр Беларусі — г.п. Камарын”, — чытаем у кнізе “Памяць Беларусі. 1941 — 1945”.
Гэтай перамозе на вызваленчым шляху Чырвонай Арміі на захад папярэднічалі некаторыя іншыя падзеі. 8 жніўня 1943 г. газета “Правда” апублікавала “Зварот воінаў-беларусаў да партызан і партызанак, да ўсяго беларускага народа з заклікам узмацніць удары ў варожых тылах”. Зварот перадрукавалі ўсе падпольныя газеты на акупіраванай тэрыторыі Беларусі, яго выдалі асобнай лістоўкай. Зварот падпісалі 25 тысяч воінаў-беларусаў — салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі. Яны давалі клятву сваім бацькам, братам і сёстрам не шкадаваць ні крыві, ні жыцця ў бараць- бе за гонар, свабоду і незалеж- насць любімай Радзімы, за хутчэйшае вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў роднай Беларусі. Яны заклікалі партызан і насельніцтва яшчэ мацней біць гітлераўцаў, усімі сродкамі дапа- магаць Чырвонай Арміі ў яе барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
У адказ на зварот партызаны і жыхары Беларусі паслалі ліст сваім землякам-воінам, які падпісалі 10 тысяч партызан і сотні тысяч жыхароў акупіраванай рэспублікі. “Ваш палымяны заклік, — пісалі яны, — уліў новыя сілы ў нашыя сэрцы, памножыў і загартаваў нашу нянавісць да ворага, помсту нашу зрабіў яшчэ больш суровай і бязлітаснай”. Барацьба партызан з акупантамі была вельмі актыўнай. Падчас контрнаступ- лення Чырвонай Арміі пад Курскам у жніўні 1943 г. быў праведзены першы этап рэйкавай вайны, а з 19 верасня — другі этап. Ворагу быў нанесены вялікі ўрон.
А ў гэты час Чырвоная Армія вяла шырокамаштабнае наступленне. Цэнтральны, Варонежскі, Сцяпны, Паўднёва-Заходні і Паў- днёвы франты набліжаліся да Дняпра. Вялікую раку трэба было фарсіраваць з ходу і захапіць плацдарм на яе правым беразе. На пяці савецкіх франтах ваявалі 2 млн 633 тыс. чалавек. Яны мелі 51200 гармат і мінамётаў, 2400 танкаў і самаходных артылерыйскіх установак, 2850 самалётаў. Нямецкая групоўка налічвала там 1 млн 240 тыс. чалавек, 12600 гармат і мінамётаў, каля 2100 танкаў, да 2 тысяч баявых самалётаў. На правым беразе Дняпра вораг стварыў моцную лінію абарончых збудаванняў — “Усходні вал”. Але становішча для яго складвалася пагражальнае. 8 верасня Чырвоная Армія вызваліла Данецк. У гэты дзень у Запарожжа прыехаў Гітлер, каб абмеркаваць сітуацыю на фронце. 9 верасня савецкія войскі вызвалілі Макееўку, Горлаўку і Арцёмаўск, 10-га — Марыупаль. 10 верасня Міністэрства замежных спраў Японіі звярнулася да савецкага ўрада з прапановай аб пасрэдніцтве між Германіяй і СССР для заключэння сепаратнага міру. Немцам патрэбна была перадышка. Але ў вайне наступіў пералом, і Савецкаму Саюзу патрэбна была поўная перамога. Нашы войскі паспяхова наступалі на нежынскім і днепрапятроўскім накірунках, на Данбасе. 13 верасня 1943 г. Наркамат замежных спраў СССР адхіліў прапанову Японіі. 15 верасня група нямецкіх армій “Поўдзень” пачала адступаць да сваіх абарончых умацаванняў на Дняпры.
Вызваленне Беларусі пачаў Цэнтральны фронт. За 30 дзён наступлення яго войскі прайшлі да 300 — 320 кіламетраў. Да Дняпра першымі выйшлі войскі 13-й арміі генерал-лейтэнанта М.П. Пухава. У вызваленні Камарына прымалі ўдзел часці і фарміраванні 8-й (палкоўнік П.А. Гудзь) і 74-й (генерал-маёр А.А. Казаран) стралковых дывізій 15-га стралковага корпуса (генерал-маёр І.І. Люднікаў). У ноч на 22 верасня пад покрывам туману штурмавыя батальёны 360-га стралковага палка падпалкоўніка Мікалая Сташака пачалі фарсіраваць Днепр. З правага берагу немцы вялі бесперапынны агонь, але савецкія салдаты на лодках, плытах і падручных сродках пераплылі Днепр і з ходу ўступілі ў схватку з ворагам. Больш сутак цягнуўся бой за гарадскі пасёлак Камарын, на той час — цэнтр невялікага Камарынскага раёна, дзе захопнікі загубілі за час акупацыі 1064 чалавекі. Лю- дзей расстрэльвалі, знішчалі вёскі разам з жыхарамі. І вось прыйшло збаўленне. Нашы воіны разграмілі фашысцкі гарнізон у Камарыне, вызвалілі шэраг вёсак. Пасля вайны генерал-лейтэнант у адстаўцы кандыдат гістарычных навук М.І. Сташак так апісваў бой за Камарын: “Агнявы налёт варожай артылерыі, узмоцнены ўдарамі авіяцыі, быў настолькі магутным, што на працягу некалькіх мінут усё вакол пакрывалася дымам, полымем, пылам і гарам. Гарэла яркім полымем усё, што яшчэ захавалася: дамы, сланечнікі і сцяблы кукурузы, сады і асобныя дрэвы. Здавалася, што зямля ўздрыгвае ад болю, што наступіў канец свету, а вораг працягваў бамбіць ланцугі тых, хто атакаваў…”.
Незадоўга да агульнага наступ- лення Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання выдала дырэктыву, дзе гаварылася: “За фарсіраванне Дняпра ў раёне Смаленска і ніжэй, а таксама роўных Дняпру па цяжкасці пераадолення рэк, савецкія воіны павінны прадстаўляцца да звання Героя Савецкага Саюза”. За першыя суткі баёў за Камарын 16 байцоў і камандзіраў 360-га палка 74-й стралковай дывізіі былі прадстаўлены да гэтага высокага звання. Сярод іх — і падпалкоўнік Сташак. У брацкай магіле савецкіх воінаў у гэтым населеным пункце пахаваны 627 чалавек, шэсць з іх — Героі Савецкага Саюза.
Наступленне Чырвонай Арміі працягвалася. 26 верасня 50-я армія Бранскага фронту вызваліла райцэнтр Хоцімск, 28 верасня — Касцюковічы. У той жа дзень 9-я армія Заходняга фронту вызваліла Мсціслаўль і Клімавічы. 30 верасня войскі 50-й арміі разам з фарміраваннямі 10-й арміі Заходняга фронту прынеслі свабоду Крычаву. Усе гарады — на тэрыторыі Магілёўскай вобласці.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
член Беларускага саюза
журналістаў.