Сёння, 27 верасня, адзначаецца Сусветны дзень турызму — міжнароднае свята,
заснаванае Генеральнай асамблеяй Сусветнай
турысцкай арганізацыі ў 1979 годзе ў іспанскім горадзе Тарэмалінас з мэтай прапаганды
турызму, асвятлення яго ўкладу ў эканоміку сусветнай супольнасці, развіцця сувязей
паміж народамі розных краін.
Прынята лічыць, што турызм — гэта паездка з мэтай адпачынку і аднаўлення. Але азначэнне “турызм” шырэйшае ў тэрмінах і мае мноства кірункаў, якія вырашаюць пэўныя мэты і задачы чалавека.
У першую чаргу, гэта актыўны від адпачынку, падарожжа ці паездка за межы свайго месца жыхарства з любой мэтай, акрамя працаўладкавання, атрымання заробку ці змены месца жыхарства. Таксама турызм — галіна, звязаная з арганізацыяй паездак і забеспячэннем турыстаў неабходнай інфраструктурай. Існуе і турызм, які ўяўляе сабой асобны від спорту.
Ні для каго не сакрэт, што ў сучасным рытме жыцця часта не знаходзіцца часу для здаровага адпачынку. На жаль, ляжанне на канапе за праглядам тэлевізара ці за чытаннем інфармацыі на смартфоне не дае патрэбнай карысці і не дапамагае “перазагрузіць” нервовую сістэму і арганізм у цэлым. Каб адчуць, што ты сапраўды адпачыў і напоўніўся сіламі на новыя здзяйсненні, неабходна змена дзейнасці і абставін. Менавіта гэтую праблему дапамагае вырашыць турызм.
І нездарма ён актыўна рэкамендуецца лекарамі ў мэтах прафілактыкі, рэабілітацыі і лячэння розных захворванняў. Для тэрапеўтычных мэт ёсць спецыяльныя лячэбна-аздараўленчыя туры. Як правіла, у іх уключана наведванне розных працэдур, зносіны з людзьмі і выкананне фізічных практыкаванняў на прыродзе. Для тых, хто хоча проста паляжаць на беразе мора і паласавацца свежай садавінай, таксама ёсць асобныя туры. Прычым і такі адпачынак з’яўляецца карысным, бо прадугледжвае самы галоўны фактар для псіхаэмацыйнага і фізічнага здароўя чалавека — змену наваколля, якая прапануе мозгу новыя выпрабаванні з выхадам з зоны камфорту.
Карысць турызму навукова даказана. З дапамогай 29 праведзеных даследаванняў кітайскіх вучоных, было даказана, што любая турпаездка зніжае ўзровень стрэсу, павялічвае прадуктыўнасць, паляпшае імунітэт і сон. А псіхолагі з Універсітэта Рочэстэра пацвердзілі — падарожжы на прыроду робяць чалавека больш шчаслівым.
І з гэтым пагодзіцца кожны, хто хоць аднойчы выйшаў за межы звыклага жыцця і патрапіў туды, дзе да гэтага ніколі не быў — будзь то залітая сонцам гладзь ракі, па якой рухаецца твая байдарка, руіны старадаўняга замка ў лясных зарасніках ці плошча далёкага горада, кожны будынак вакол якой расказвае сваю гісторыю, якую чуе той, хто хоча яе пачуць.
І каб стаць турыстам, не абавязкова быць супер-героем, які, віснучы на вяроўцы, пераадольвае водную перашкоду ці трэшчыну ў скале (хаця і гэта ніхто не адмяняе). Дастакова проста не быць раўнадушным да прыгажосці гэтага свету, якой так шмат у самых розных яе формах. — І не ўбачыць на свае вочы хоць маленечкую часцінку яе — проста грэх.
Калі вы дасце ў сваім жыцці месца турызму, то станеце ведаць тое, чаго не ведалі раней пра іншы рэгіён ці іншую краіну, пазнаёміцеся з новымі людзьмі, вызваліцеся ад пачуцця стомленасці і праз гэта ўмацуеце і сваё фізічнае здароўе.
А магчымасці для гэтага абавязкова знойдуцца. Галоўнае — толькі захацець, бо, як гаворыцца ў адным вядомым выслоўі, “той, хто хоча нешта зра- біць, — шукае спосаб, хто не хоча — прычыну”. І няхай Сусветны дзень турызму стане адным з вашых самых любімых святаў!