Выпускнік Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага кале- джа па спецыяльнасці “тэхнік-будаўнік аўтамабільных дарог і транспартных аб’ектаў” Ігар Мысіў вясной гэтага года пачаў працаваць дарожным майстрам у ДРБУ-168. Унік у работу, асвоіўся і годна прайшоў “баявое хрышчэнне” падчас падрыхтоўкі горада да святкавання яго 800-годдзя, калі на работнікаў дарожных служб была ўскладзена асабліва значная нагрузка. Усе мы памятаем, як у гэты час проста на вачах “маладзелі” і добраўпарадкоўваліся вуліцы Нясвіжа і яго ваколіц. І ў гэтых вельмі прыемных для ўсіх нас зменах ёсць і немалы працоўны ўклад майго суразмоўцы.
— Мой шлях у Нясвіж пачаўся з размеркавання, — расказвае малады спецыяліст. — Я збіраўся ехаць у Старыя Дарогі, але ў наш каледж прыехаў мой цяперашні кіраўнік, Вадзім Аляксандравіч, і пераканаў мяне змяніць сваё рашэнне. Так я патрапіў сюды і не пашкадаваў аб гэтым. Маё першае знаёмства з Нясвіжам адбылося яшчэ мінулай зімой, калі я прыязджаў прахо- дзіць тут практыку. Першай славутасцю, якую я наведаў тут, быў касцёл, які мне вельмі спадабаўся. Затым паступова пазнаёміўся і з іншымі цудоўнымі мясцінамі Нясвіжа. Яны сапраўды вартыя захаплення.
Падчас праходжання практыкі мой суразмоўца, дарэчы, чалавек сямейны, здымаў кватэру, а калі ўжо поўнасцю прыйшоў сюды на работу, арганізацыя прадаставіла яму з жонкай жыллё — інтэрнат непадалёк ад работы, што вельмі зручна.
На пытанне, што прывяло яго ў дарожную галіну, Ігар Мысіў адказаў, што яго дзядуля быў інжынерам-праекціроўшчыкам, і яго таксама прыцягвала будаўнічая сфера, дзе можна працаваць з рознымі праектамі.
Спачатку хацеў звязаць свой лёс з прамысловым і грамадзянскім будаўніцтвам, а потым усё ж такі схіліўся да дарожнага.
Пачаўшы працаваць па спецыяльнасці, не расчараваўся ў сваім выбары.
— У нас вельмі добры калектыў, — адзначыў мой суразмоўца ў нашай гутарцы. — Калі ў цябе ў чым-не- будзь не хапае вопыту, старэйшыя таварышы ўсё растлумачаць, дапамогуць прыняць правільнае рашэнне. На вучобе ўсё роўна немагчыма прадугледзець усё, з чым сустрэнешся на працы.
А на гэтай самай працы маладому дарожнаму майстру трэба арганізоўваць работу на лініі, якая можа быць любая — ад ямачнага рамонту і ўстаноўкі дарожных знакаў да ўкладкі асфальту, — і запаўняць дакументы, якія тычацца кантролю за расходнымі матэрыяламі і рабочым часам. А бывае, трэба адказваць і за ўкладку тратуарнай пліткі і абкоску абочын дарог. Што б ні даручыла кіраўніцтва, Ігар Мысіў стараецца выканаць усё з належнай якасцю, каб заваяваць аўтарытэт і па праве ганарыцца сваёй работай.
Таму, мяркуючы па ўсім, дарогі Нясвіжчыны будуць у надзейных руках, а самога маладога спецыяліста дарожнай галіны чакае светлы і прасторны працоўны шлях.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.