Сёння ў Нацыянальным гісторыка-культурны музеі-запаведніку “Нясвіж” праходзіць другі дзень міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Музейныя ініцыятывы на прасторы СНД”.
Арганізатарам міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Музейныя ініцыятывы на прасторы СНД” выступае Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”. Канферэнцыя праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Выканкама СНД і Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД.
Музей-запаведнік “Нясвіж” з’яўляецца базавай арганізацыяй дзяржаў — удзельніц СНД па накіраванні “музейная справа”, створанай у мэтах навуковага, арганізацыйнага, вучэбна-метадычнага забеспячэння, павышэння кваліфікацыі спецыялістаў у галіне музейнай справы і захавання нацыянальнага культурнага набытку дзяржаў — удзельніц СНД. Рашэнне аб наданні статусу базавай арганізацыі было прынята 21 лістапада 2014 года Саветам кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў у г. Ашхабад.
Сёлета міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Музейныя ініцыятывы на прасторы СНД” праходзіць упершыню і прапануецца да правядзення на рэгулярнай аснове з перыядычнасцю адзін раз у тры гады.
Учора канферэнцыя працавала ў штаб-кватэры Выканаўчага камітэта СНД у Мінску, дзе адбылося пленарнае пасяджэнне і секцыя па працы музеяў па захаванні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, а сёння працягваецца ў Нясвіжы. У нашым горадзе разглядаюцца такія пытанні, як культурна-адукацыйная работа музеяў, традыцыі і інавацыі ў дзейнасці сучаснага музея, роля музеяў у захаванні і развіцці культурнага асяроддзя гістарычных рэгіёнаў і “Ад пошуку да прэзентацыі” — даследчая работа музеяў.
У канферэнцыі прымаюць удзел 25 прадстаўнікоў музейнай сферы з Азербайджанскай Рэспублікі, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Расійскай Федэрацыі, а таксама каля 30 прадстаўнікоў вядучых музеяў Беларусі.
Галоўнымі мэтамі гэтага маштабнага мерапрыемства сталі абмен вопытам работы спецыялістаў у галіне музейнай справы дзяржаў — удзельніц СНД, абмеркаванне пытанняў развіцця і ўкаранення новых тэхналогій у мэтах паступальнага развіцця музейнай прасторы СНД, распаўсюджванне вынікаў інавацыйных распрацовак па музеязнаўстве, рэстаўрацыі і сумежных дысцыплінах.