Працаўнікі ААТ “Грыцкевічы” сустракаюць сёлета прафесійнае свята з асаблівым настроем. Зямля, якой удзяляецца шмат увагі, шмат клопатаў, шчодра аддзячыла за іх.
Парадавалі збожжавыя культуры. З кожнага гектара ў бункернай вазе было сабрана па 104,9 цэнтнера зерня. Намалочана 9960 тон. Паспяхова выкананы дзяржзаказ у 1860 тон. Прадпрыемства стала пераможцам абласнога спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых і іншых арганізацый Міншчыны, што ажыццяўляюць вытворчасць сельгаспрадукцыі.

Тут іх прычал. Маладыя спецыялісты: галоўны заатэхнік Юлія Антановіч, галоўны інжынер Яўген Еўтух, галоўны ветурач Іна Кургановіч
Варта адзначыць: хлебаробы ўпэўнена перавысілі ўласны леташні рубеж, калі ўраджайнасць збожжавых была 91,8 ц/га.
Па 949 цэнтнераў з гектара накапалі сёлета салодкага кораня. Усяго на момант, калі рыхтавалі гэты матэрыял, было атрымана 18 тысяч тон буракоў.
Багатым быў і ўраджай каралевы палёў — кукурузы. Яе на зерне намалацілі з гектара па 161 цэнтнеру — другі вынік па раёне. А валавы збор склаў 4312 тон. Выхад зялёнай масы на корм і сілас — па 566 ц/га — лепшы сярод сельгаспрадпрыемстваў Нясвіжчыны. З яе заклалі 18320 тон сіласу для грамадскай жывёлы.
Усе названыя вышэй лічбы атрыманы ў гаспадарцы ўпершыню. Сапраўды, ёсць чаму парадавацца. І, разам з тым, расце адказнасць кожнага працаўніка: дабіцца, каб у наступным годзе было яшчэ лепей.
У чым сакрэт поспеху земляробаў? Гэтае пытанне адрасую дырэктару адкрытага акцыянернага таварыства Яўгену Здановічу, заслужанаму работніку сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Ён адказвае:
— Сакрэт просты: вырошчваем сельгаскультуры па інтэнсіўнай тэхналогіі. Усё працуе ў комплексе. Нашы дасягненні — вынік мэтанакіраванай работы. Мала проста ўнесці ўгнаенні, правесці ўсе хім- ахоўныя аперацыі. Важна ведаць, колькі і калі, строга захоўваць нормы і аптымальныя тэрміны. Важна своечасова і якасна падрыхтаваць глебу, укінуць высакаякаснае насенне, на лепшым узроўні правесці ўборку. А за ўсім гэтым стаяць дысцыпліна і патрабавальнасць, свядомасць і добрасумленнасць кожнага на сваім рабочым месцы. Таму, нягледзячы на капрызы надвор’я, і збіраем высокія ўраджаі.
Значна пашырылася малочная рака “Грыцкевіч”. Валавая вытворчасць яго за 9 месяцаў дасягнула 9678,9 тоны, што на 281 тону больш леташняга, або тэмп росту склаў 103%. Сярэдні надой на адну фуражную карову вырас да 8133 кілаграмаў — гэта другі паказчык па раёне. Павялічылася прадуктыўнасць каровы на 236 кілаграмаў. Буйная рагатая жывёла прыбаўляла ў суткі ў сярэднім на 837 грамаў.
У будучым дасягненні ў жывёлагадоўлі ўмацуюць і яшчэ павысяць. Спа- дзявацца на гэта ёсць усе падставы. Заканчваецца рэканструкцыя малочнатаварнай фермы “Нялепава”: першую чаргу ўвядуць у строй у лістападзе, увесь аб’ект — у снежні.
— У планах на будучы год — узвядзенне новых аб’ектаў, — дзеліцца Яўген Уладзіміравіч. — На ферме “Грыцкевічы” — яшчэ адзін цялятнік. На МТК “Мацылёўшчына” да сезону нарыхтоўкі кармоў з’явяцца новыя сянажныя траншэі. Там жа мяркуем адрамантаваць даільны малочны блок, замяніць праграмнае забеспячэнне. Ужо шмат гадоў прайшло, як комплекс запрацаваў, патрабуецца яго абнаўленне для большай эфектыўнасці вытворчасці.
У планах таксама ўзвядзенне збожжасховішча на 2 тыс. тон у Грыцкевічах, з тым разлікам, каб у перспектыве стварыць сваю камбікормавую лінію. На машынным двары з’явіцца павець для захоўвання тэхнікі — яна цяпер магутная, каштуе дорага, эфектыўнасць яе высокая, трэба берагчы.
Задаволены ў ААТ работай уласнай станцыі тэхнічнага абслугоўвання. Яна запатрабавана для транспарта як гаспадаркі, так і насельніцтва. Шынамантаж і бягучы рамонт робяць добра навучаныя спецыялісты.
Наступная крыніца расходаў і аб’ект клопатаў — будаўніцтва жылля. Сёлета будуць здадзены аднакватэрны і двухкватэрны дамы. У 2024-м го- дзе ўзвядуць яшчэ адзін. Камфортнае жыллё, развітая інфраструктура — матывацыя для таго, каб людзі заставаліся жыць і працаваць у вёсцы. Павелічэнне колькасці дзятвы ў мясцовым дзіцячым садку — добрая прыкмета, сведчанне росту маладых сем’яў. У гаспадарцы маладыя галоўныя спецыялісты — ветурач, заатэхнік, інжынер. Колькі часу таму вярнуліся працаваць два інжынеры і заатэхнік, якія вучыліся па накіраванні. Прыходзяць маладыя механізатары, вадзіцелі. Кіраўніцтва думае пра тое, хто бу- дзе працаваць у жывёлагадоўлі. Вось яна, перспектыва, новае пакаленне, якое заклікана ствараць дабрабыт вёскі будучага. У “Грыцкевічах” ганарацца, што ў іх калектыве вырасцілі маладую змену на кіруючую пасаду: былы галоўны заатэхнік Андрэй Вітко ўзначаліў ДП “Эксперыментальная база “Свеклавічная”.
— Кадры зараз — аснова! Я часта падкрэсліваю неабходнасць трох “к”, — гаворыць Яўген Уладзіміравіч. — Гэта — кадры, кадры і яшчэ раз кадры!
За 10 гадоў дырэктарства Яўген Здановіч добра спазнаў навуку і работы з людзьмі, і асваення навейшых тэхналогій. Ды і жыццёвы вопыт назапашаны немалы: сёлета ён адзначыў сваё 60-годдзе. Што ж, зямля прыпаднесла свайму гаспадару шыкоўны падарунак у выгля-дзе багатага ўраджаю. І мы жадаем нашаму суразмоўцу і яго камандзе новых перамог. Цікава, які шлях выбраў бы ён, калі б давялося вярнуцца ў маладосць?
— Адназначна: шлях служэння роднай беларускай зямлі, — чуем адказ.