На памежжы трох раёнаў — Нясвіжскага, Клецкага і Капыльскага — раскінуліся палеткі ЗАТ “1 Мая”. З года ў год гаспадарка паляпшае паказчыкі як па раслінаводстве, так і па жывёлагадоўлі. Мінулае жніво тут прайшло выдатна. Своечасовая карэкціроўка падыходаў да раслінаводства і змена структуры пасяўных плошчаў у бок корманарыхтоўкі далі станоўчыя вынікі. У гэтым годзе бабовымі травамі ў ЗАТ “1 Мая” было засеяна больш за 400 га. Таксама павялічылася плошча пасеваў кукурузы на сілас. Зернавы клін сёлета склаў 1535 га, а ўра- джайнасць азімай пшаніцы ўдалося павы- сіць да 83,5 ц/га.
Значных поспехаў дасягнула гаспадарка і ў галіне жывёлагадоўлі. На сённяшні дзень вытворчасць малака з’яўляецца найбольш рэнтабельным вектарам развіцця ЗАТ “1 Мая”. Мадэрнізацыя малочнай вытворчасці і будаўніцтва новых жывёлагадоўчых комплексаў далі магчымасць значна павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы. Агульная колькасць статку — 8540 галоў, 1362 з якіх каровы. У параўнанні з мінулым годам, узраслі паказчыкі не толькі тлустасці малака, але і яго таварнасці. Для забеспячэння жывёлагадоўлі кармамі добрай якасці ў гаспадарцы быў пабудаваны ўласны камбікормавы завод.
— ЗАТ “1 Мая” сёння — гэта моцная сучасная гаспадарка, якая ўпэўнена развіваецца — лічыць Анатолій Рудзяк, дырэктар таварыства. — У дадзены момант у нас дастатковы прыбытак ад продажу малака і гэта дазваляе праводзіць мадэрнізацыю, папаўняць і аднаўляць парк сельскагаспадарчай тэхнікі, і асноўнае — своечасова выплачваць работнікам добрую заработную плату. Людзі — гэта самае галоўнае, бо без іх саміх, без іх працы і самаадданасці, нічога гэтага не было б.
Ад дзядоў і прадзедаў у спадчыну нам пераходзіцяць не толькі матэрыяльныя каштоўнасці, але і рысы характару, схільнасці і звычкі. Механізатар ЗАТ “1 Мая” Сяргей Галабурда атрымаў ад продкаў прафесію і бязмерную любоў да сваёй працы, да зямлі.
— Так ці інакш, усё маё жыццё звязана з сельскай гаспадаркай, — усміхаецца Сяргей Лявонавіч. — Хлапчуком бегаў на мехдвор, глядзеў, як дарослыя мужчыны рамантуюць тэхніку, рыхтуюць яе да работы, а потым і сам памочнікам камбайнера працаваць пачаў у экіпажы бацькі. Да сённяшняга дня ўспамінаю той час, як цікава мне ўсё было. Думаю, з сям’і прыйшла мая любоў да працы на зямлі, ад бацькоў яна, ад дзеда. Інакш і нельга, бо калі перад вачыма такі станоўчы прыклад сапраўдных шчырых працаўнікоў, то і самому трэба адпавядаць ім.
Усе ў ЗАТ “1 Мая” ведаюць іх сямейны экіпаж. Ужо шмат гадоў падчас жніва на дапамогу Сяргею Лявонавічу прыходзіць жонка Алена Міхайлаўна, і ўжо другі год запар побач з бацькам працуе дачка Паліна.
— Не трэба лю- дзям шукаць скарбаў, усе яны побач: у роднай хаце, на сваёй зямлі, проста трэба ўмець ба- чыць гэта і разумець, наколькі ўсё, што ты маеш, бясцэнна, — лічыць механізатар. — Зямля — гэта ж не толькі сельскагаспадарчыя ўгоддзі, у ёй і філасофія, і сутнасць сялянскага жыцця. Ці то толькі ўзараная вясновая глеба, ці залатое жыта, якое каласіцца і пераліваецца, ці то цяжкія глыбы раллі восенню — усё гэта наша, адвечнае. У працы гэтай сапраўды можна знайсці ўсё, што патрэбна: і час для роздуму, і натхненне, і душэўны супакой — трэба толькі захацець.
Калі праца прыносіць задавальненне
Ужо шаснаццаць гадоў працуе ў ЗАТ “1 Мая” механізатар Кірыл Мякіш з вёскі Салтанаўшчына. Тут яго бацькаўшчына, родныя мясціны, добра вядомыя з дзяцінства, ахутаныя самымі светлымі ўспамінамі.
— Аб тым, што абавязкова буду працаваць у сельскай гаспадарцы, я ведаў з дзяцінства, — расказвае Кірыл. — Пасля заканчэння Клецкага сельскагаспадарчага каледжа вярнуўся сюды. Тут мой дом, мае родныя і блізкія людзі, і, безумоўна, мая любімая праца. Аб тым, што магу жыць іншым жыццём, мне нават і не думалася ніколі. Я цалкам задаволены тым, што ў мяне ёсць. Многія могуць палічыць працу механізатара аднастайнай, занадта цяжкай. Але магу пераканаць у адваротным: у вёсцы жыццё бурліць не менш, чым у горадзе. Нават за той час, што я працую, многае змянілася: тэхніка пастаянна аднаўляецца, падыходы да вядзення гаспадаркі ўжо зусім іншыя. Ды і работы кожны дзень хапае: няма калі сумаваць.
Кірыл Мякіш перакананы ў тым, што любімая праца цяжкай не бывае. Яшчэ ў дзяцінстве ён цікавіўся тэхнікай, а сёння стаў сапраўдным знаўцам сваёй справы.
— Праца ў сельскай гаспадарцы мае сваю спецыфіку, адметнасць, — перакананы механізатар К. Мякіш. — І заключаецца яна не толькі ў пастаянным кругавароце работы, яе разнастайнасці. Зямлю трэба разумець і любіць — і яна абавязкова шчодра аддзячыць.
Ірына ЕФІШОВА.