Набліжаецца тэрмін чарговага завяршэння паўнамоцтваў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў. У сувязі з гэтым мы папрасілі расказаць аб сваёй дэпутацкай дзейнасці дэпутата раённага і абласнога Савета дэпутатаў, старшыню праўлення СВК “Агракамбінат Сноў” Мікалая Радамана.
— Сваю дэпутацкую дзейнасць я арганізоўваю і праводжу ў адпаведнасці з Законамі Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” і “Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў”, — адразу адзначыў Мікалай Вячаслававіч. — Яна ўключае ў сябе удзел у сесіях раённага Савета дэпутатаў, у сацыяльна-значных і грамадска-палітычных мерапрыемствах, работу са зваротамі грамадзян — жыхароў акругі.
У мэтах паляпшэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў раёне, стварэння належных умоў для жыццядзейнасці выбаршчыкаў, вырашэння іх надзённых праблем мною праводзяцца прыёмы грамадзян (кожная субота месяца ў адміністрацыйным будынку агракамбіната з 8 да 11 гадзін).
Для аператыўнага рэагавання і вырашэння розных пытанняў удзельнічаю ў пасяджэннях раённага выканаўчага камітэта, пашыраных сходах з грамадскасцю.
Галоўная задача дэпутата любога ўзроўню — выконваць пажаданні і наказы нашых выбаршчыкаў. Мне як дэпутату і раённага, і абласнога Саветаў людзі выказвалі пэўныя пажаданні, якія я і стараўся выканаць на працягу тэрміну свайго абрання. Першым магу назваць паляпшэнне гандлёвага абслугоўвання нашага насельнiцтва. Для выканання гэтай задачы былі адкрыты фірменныя магазіны агракамбіната ў вёсках Пагарэльцы, Друцкаўшчызна, Высокая Ліпа, Слабодка і Хвоева. Па шматлікіх просьбах мясцовага насельніцтва мы правялі вялікую рэканструкцыю для адкрыцця такога ж магазінаў г.п. Гарадзея ў будынку былой крамы райспажыўтаварыства.
У 2019 была адкрыта пасля рэканструкцыі будынка, які належаў КУП «Крама №3», наша фірменная крама «Кулінарыя» ў г. Нясвіжы па Ленінскай, 155.
Да гэтага часу карыстаецца папулярнасцю ў насельніцтва крама «Універсам», дзе прадаюцца і харчовыя, і прамысловыя тавары, якая была адкрыта ў Снове яшчэ ў папярэдні тэрмін майго дэпутацтва ў раённым Савеце дэпутатаў і работы ў Савеце рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Усё гэта, зразумела, патрабавала пэўных укладанняў і працавыдаткаў, але яно акупляецца падзякай выбаршчыкаў, калі яны бачаць, што іх наказы выконваюцца.
Яшчэ адзін немалаважны аспект дэпутацкай працы — гэта добраўпарадкаванне нашых населеных пунктаў. У гэтай частцы трэба адзначыць навядзенне парадку на могілках у аграгарадку Сноў і асфальтаванне дарогі да іх, а таксама ўладкаванне цвёрдага пакрыцця за кошт абласнога бюджэту на вуліцах у вёсках Пагарэльцы і Сычы. Што да добраўпарадкавання могілак, то яно зроблены і ў іншых вёсках. Але, праяўляючы павагу да памерлых, нельга забывацца і пра жывых: у нашых населеных пунктах наведзены парадак, пастаўлены і пафарбаваны платы там, дзе гэта было патрэбна.
І як дэпутат, і як працадаўца я ўвесь час сачу за аказаннем неабходнай дапамогі нашым людзям, за заахвочваннем добрых працаўнікоў да свят, напрыклад, нашаму прафесійнаму, які мы нядаўна адзначылі, а таксама да Новага года, 8 Сакавіка і іншых. Праводжу пастаянныя сустрэчы з насельніцтвам, падчас якіх вырашаецца мноства дробных пытанняў.
І зараз я магу сказаць, што ўсе наказы выбаршчыкаў па паляпшэнні іх жыццезабеспячэння, якія я заносіў у свой план, выкананы.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.