У 2001 годзе на Нясвіжскай зямлі з’явіўся Герой Беларусі. Гэтае высокае званне было прысвоена старшыні СВК “Агракамбінат Сноў” Міхаілу Аляксандравічу Карчміту.
Міхаіл Карчміт нарадзіўся ў 1949 г. у вёсцы Радзеўцы Маладзечанскага раёна ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Красненскай СШ працаваў рабочым мінскіх радыё-, затым — станкабудаўнічага заводаў. Адслужыў у радах Савецкай Арміі. Закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. З 1975 года быў інжынерам па працаёмістых працэсах, галоўным інжынерам у калгасе “Ленінскі шлях” (цяпер ААТ “Лань-Нясвіж”). У 1980 годзе яго выбралі старшынёй калгаса “Рассвет” (цяпер ААТ “Сейлавічы”). У 1988-м — старшынёй калгаса імя Калініна (цяпер СВК “Агракамбінат Сноў”). Міхаіл Аляксандравіч Карчміт — заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі. Узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. Яго двойчы вылучалі ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Землякі прысвоілі яму званне ганаровага грамадзяніна горада Нясвіжа.
Міхаіл Карчміт быў не проста прафесіяналам у сваёй справе. Ён быў вельмі адказным, добрасумленным, настойлівым, адданым працы, творчым. І гэтага ж патрабаваў ад падначаленых. Так зарэкамендаваў сябе ў “Ленінскім шляху”. Здаралася паломка на ферме — ён быў побач з рамонтнікамі. На досвітку, позна ўвечары. Пакуль не ліквідуюць няспраўнасць.
На пасадзе галоўнага інжынера набываў неабходнае абсталяванне для новых майстэрні, фермы, КЗС. Прывозіў, манціраваў разам са спецыялістамі, кантраляваў наладку, запуск і саму работу. Атрымліваў новую тэхніку для палявых і транспартных работ, шукаў запчасткі для рамонту старой. Ездзіў і ездзіў да пастаўшчыкоў. А ў калгасе — то пасяўная, то ўборка. Тэхнікі набывалі шмат, каб у тэрмін выконваць усе работы. І людзей працавала многа. Іх трэба было нацэліць на выкананне патрэбных аб’ёмаў, пракантраляваць. Міхаіл Карчміт з усім спраўляўся.
Дзякуючы такім каштоўным рысам характару яго і вылучылі ў кіраўнікі. Пра кар’еру, пры- знаваўся, не думаў. Проста ён быў сапраўдным камуністам, а партыя сказала: “Трэба”. І вось гэтае “трэба” пранёс праз усё жыццё, бо паважаў дысцыпліну.
У калгасе “Рассвет” ён зрабіў стаўку на такую хуткаспелую галіну, як свінагадоўля. Арганізаваў рэканструкцыю мясцовай свінафермы і кармацэха. Наладзілі выпуск уласных камбікармоў, пабудавалі летні лагер для матачнага пагалоўя і новы свінарнік. Ушчыльную заняліся вырошчваннем племянных свінак. Пагалоўе за час старшынёўства Карчміта вырасла ў два разы. Ферма пачала даваць добры прыбытак, дапамагла наладзіць справы ў астатніх галінах. Калгас выйшаў у перадавікі, удзельнічаў у рабоце Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР у Маскве.
Хваткага, граматнага кіраўніка праз сем з палавінай гадоў накіравалі ў буйнейшую гаспадарку раёна — ордэна Дружбы народаў калгас імя Калініна. І Міхаіл Аляксандравіч стаў дастойным пераемнікам яго старшыні, Героя Сацыялістычнай Працы Якава Васільевіча Аляксанкіна. У цяжкія гады перабудовы і распаду СССР ён своечасова зарыентаваўся, правільна распарадзіўся калгаснымі грашыма, уклаўшы іх у стварэнне перапрацоўчай галіны, у мадэрнізацыю ўсёй вытворчасці. На фермах поўнасцю механізавалі працаёмістыя працэсы, палепшылі ўмовы працы людзей. У канцы 1990-х пачалі новы этап рэканструкцыі. У памяшканнях палепшыўся мікраклімат. Усе працэсы пачалі кантраляваць камп’ютары. Шмат будавалі новых памяшканняў. Прыкметна вырасла прадукцыйнасць працы кожнага аператара, надоі і прывагі, і, зразумела, заработная плата людзей. З’явілася здаровае саперніцтва: у калектывах змаглі застацца толькі самыя добрасумленныя і працавітыя.
Магутная тэхніка, навейшыя тэхналогіі прыйшлі на прасторныя калгасныя палі. Гаспадарка купіла тады каля 50 трактароў, 10 аўтамабіляў “МАЗ”. Павышалася ўраджайнасць сельгаскультур.
У 1997 годзе гаспадарку наведаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Пазнаёміўшыся з узроўнем вытворчасці, з дасягненнямі, ён адзначыў: “Агракамбінат “Сноў” — гэта гаспадарка
ХХІ стагоддзя”.
У 2000 годзе снаўчане ўпершыню ў гісторыі рэспублікі сабралі па 74,6 цэнтнера з гектара збожжавых. У сувязі з такой перамогай калектыў атрымаў Па- дзяку Прэзідэнта краіны.
У 2002 годзе ўраджай вырас да 83,2 ц/га. І на рэспубліканскіх “Дажынках” у Полацку А.Р. Лукашэнка даў высокую адзнаку сноўскаму кіраўніку: “Ужо не першы раз даніну асаблівай удзячнасці і павагі мы аддаём Міхаілу Аляксандравічу Карчміту, старшыні агракамбіната “Сноў”… Без перабольшвання можна сказаць, што такія кіраўнікі складаюць нацыянальны здабытак нашай краіны”.
Міхаіл Карчміт заўсёды падкрэсліваў: яны нават у самы цяжкі час, адразу пасля развалу Саюза, не толькі не знізілі аб’ёмаў вытворчасці, але і нарошчвалі іх. Напрыклад, у 2003 годзе ў параўнанні з 1990-м збожжа атрымалі больш на 80%, цукровых буракоў — 71,8%, малака — на 39%, мяса — на 71%.
СВК “Агракамбінат Сноў” стаў школай перадавога вопыту. У верасні 2003 г. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка праводзіў тут рэспубліканскую нараду па пытаннях удасканалення сельгасвытворчасці. Міхаіл Карчміт падзяліўся сваімі планамі, гаварыў аб неабходнасці ўзвядзення новай малочнатаварнай фермы. Мэтазгоднасць ідэі даказаў, і аб’ект “МТК “Сычы” быў уключаны ў рэспубліканскую праграму тэхнічнага пераўзбраення.
У сваёй рашучасці пастаянна ісці ўперад, дабівацца новага і большага, Міхаіл Аляксандравіч быў цвёрдым:
— Самае галоўнае — не спыняцца. Мы павінны вучыцца. Вучыцца да апошніх дзён свайго жыцця. Без руху ўперад нічога не будзе.
Герой Беларусі Міхаіл Карчміт быў патрыётам роднай беларускай зямлі. І з гонарам гаварыў пра гэта. Лічыў: даверылі табе справу — выканай яе як мага лепей, прынясі найбольшую карысць людзям. Належаць яму і такія высокія словы:
“Трэба заўсёды думаць пра тое, што пакінеш пасля сябе. Дзецям. Унукам. Пакінеш свой след на зямлі”.