Кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ
№ 375 “Аб аб’яўленні 2024 года Годам якасці”. Гэта рашэнне
прынята ў мэтах далейшага павышэння якасці жыцця
беларускага народа, забеспячэння канкурэнтаздольнасці
нацыянальнай эканомікі на сусветнай арэне, стымулявання ініцыятывы, фарміравання ў грамадстве адказнасці
за вынікі сваёй працы і пачуцця дачынення да будучыні краіны.
У рамках Года якасці будзе зроблены акцэнт на павышэнні канкурэнтаздольнасці Беларусі праз беражлівыя і прадуманыя адносіны да рэсурсаў, рэалізацыю высокатэхналагічных і энергаёмістых праектаў, прыярытэт якасных паказчыкаў над колькаснымі. Намаганні будуць сканцэнтраваны на забеспячэнні якасных паказчыкаў шляхам стымулявання ініцыятывы, укаранення рацыяналізатарскіх ідэй, умацавання ў грамадстве сацыяльнага аптымізму, імкнення ствараць на агульную карысць. Прыярытэтную ўвагу плануецца ўдзяліць фарміраванню ў грамадзян асабістай адказнасці за дасягненне высокай якасці жыцця, якая ўключае ў сябе дастатковы ўзровень даходу, своечасовую дыспансерызацыю, здаровае харчаванне, добрую адукацыю, культурны вольны час.
Вось менавіта на моманце асабістай адказнаці і хочацца зрабіць акцэнт. Напэўна, ніхто не паспрачаецца з тым, што пра тое, колькі, дзе і чаго нам нехта павінен, мы ўсе ведаем і памятаем добра. Кажучы трохі па-іншаму, мы ўсе ўмеем патрабаваць высокай якасці ад другіх. Вось у бальніцы нас не так палячылі, у школе не так навучылі, на вуліцы смецце перад нашымі нагамі не так прыбралі (ці не прыбралі зусім) і гэтак далей. А пра сваю ўласную “якаснасць” ці часта мы задумваемся?
Ці прывучаем сваіх дзяцей паважаць настаўнікаў, ці не кідаем абгортку ад марожанага ці чыпсаў побач з сабой на вуліцы, будучы “не ў сілах” данесці яе да бліжэйшай скрынкі для смецця, ці прыходзім на дапамогу слабому і хвораму, ці разумеем, што пакуль мы будзем злавацца, ненавідзець, зайздросціць, пакутаваць ад страху і крыўдаў, нас не вылечыць ні адзін урач?
Адказы на гэтыя пытанні ў кожнага будуць свае. І ўся справа ў тым, што якія б яны ні былі, адна выснова застанецца нязменнай: “Навакольны свет пачынаецца з кожнага з нас”. Кожны з нас надзяляе гэты свет якасцямі сваёй душы. І калі душа чалавека — светлая, чыстая, добрая, то такое і ўсё вакол яго: у доме — чыста і ўтульна, на двары — прыгожа, на рабоце — акуратна і функцыянальна, і ўсё, што ён робіць, прыносіць карысць лю- дзям, таму што зроблена з любоўю і павагай да іх, з разуменнем важнасці добрасумленнай работы на агульную карысць.
Нездарма кажуць: усё геніяльнае — проста. І гэта сапраўды проста — перш, чым патрабаваць нечага ад іншых, запатрабаваць такога ж ад сябе. І памятаць: што выпраменьваеш, тое і атрымліваеш. Калі ўсе мы пакладзём гэты прынцып у аснову нашага жыцця, яно абавязкова стане больш лёгкім, прыемным, радасным, а значыць — і больш якасным.