100 гадоў назад, у 1923-м, асобным выданнем выйшла паэма Якуба Коласа “Новая зямля”
“Мой родны кут, як ты мне мілы!…”. Са школьных гадоў ведаем, памятаем коласаўскія радкі, з якіх пачынаецца паэма, пра родны прыгожы куточак, дзе і “травой заросшая крынічка бруіцца”, і шуміць “высокі лес цяністы”, і “гнуцца, гойдаюцца травы, як пройме ветрык іх ласкавы”, і шэпчуцца “краскі між сабою, нібы дзяўчаткі маладыя”, і “птушкі голасна і здольна смяюцца мілым шчабятаннем і поўняць луг сваім спяваннем”, і “дзяўчаты хорам выводзяць песні, ідучы вечарам з работы… ”. Тут “гамоніць пчолка над вуллямі”, там маладыя бусляняты “пішчаць жалобна, як шчаняты, насы закідваюць угору і просяць есці ў сваю пору”, а далей — так хораша гойдаецца жыта…
Такая сціплая, стрыманая, але багатая разнастайнасцю наша прырода, наша наваколле. І такое ўсё роднае, блізкае, маё. З якім замілаваннем, з якім вялікім пачуццём любові гаворыць паэт пра родныя мясціны, пра беларускія краявіды!
Зямля, што дала Беларусі, свету такога таленавітага, душэўнага паэта, у творчасці якога і знайшла сваё адлюстраванне, — святая. І людзі на ёй жывуць дружныя, працавітыя.
Іх народны паэт Беларусі Якуб Колас паказаў у паэме “Новая зямля” на прыкладзе вялікай сям’і лесніка Міхала ў 90-я гады ХІХ-га стагоддзя. Не толькі глыбока ахарактарызаваў эканамічнае і палітычнае становішча беларускага сялянства, але і раскрыў характар простага чалавека, яго погляды, думы, надзеі, імкненні і мары.
Спачатку Міхал працаваў на сплаве лесу, ганяў плыты аж да Прусіі. Пасля застаўся лесніком у адным з лясніцтваў князя Радзівіла. Добрасумленна выконваў службовыя абавязкі, працаваў вельмі старанна, не шкадуючы сіл і здароўя. Добрае веданне справы прынесла Міхалу славу, яму даручалі самыя складаныя ўчасткі работы. Было цяжка, але ляснік змалку прывык працаваць сумленна, не мог інакш. Ён не дапускаў нават думкі, што можна нешта рабіць “спусціўшы рукі”, бо любіў “толк і парадак”.
Часта Міхалу даводзілася, па загаду пана, пакідаць абжыты куток і перабірацца на новае месца службы. Шмат патрабавалася сіл і старанняў, каб наладзіць гаспадарку на голым месцы. Разам з братам Антосем апрацоўваў ён зямлю, “бязгнойную, пустую”, “дзе рос сівец ды пырнік густа”. І ў выніку іх агульных старанняў дзікая глуш ператваралася ў квітнеючы куточак. Дзядзька Антось, малодшы брат Міхала, быў таксама дбайным чалавекам, адмысловым работнікам і на гаспадарцы, і ў рыбацкай справе. Добрая гаспадыня і Ганна, жонка Міхала — нястомная сялянская жанчына. Яна чулая, сардэчная, клапатлівая маці, у душы якой жыло пастаяннае імкненне абараніць дзяцей ад жыццёвых нягод, не пазбавіць іх маленства, самай шчаслівай пары ў жыцці чалавека. Толькі ў той час бесклапотная дзіцячая пара доўжылася вельмі мала. Ужо ў 10-12 гадоў дзеці працавалі, дапамагалі дарослым па гаспадарцы. Як падахвоціць іх да работы, ведаў дзядзька Антось, вялікі знаўцы дзіцячай псіхалогіі. Ён вельмі любіў і шкадаваў дзяцей, і тыя адказвалі любоўю. Сям’я жыла ў атмасферы дружбы і павагі, без крыўды, сварак, недаверу, клапаціліся адзін пра аднаго. Панавалі, асабліва сярод дзяцей, жыццярадаснасць, нястрымная весялосць. На свята сям’я прыветна прымала гасцей. Дзякуючы нястомнай працы, у хату прыйшоў дастатак, і Ганна магла накрыць багаты стол. За ім звінеў вясёлы сялянскі банкет. Госці спявалі, ішлі ў танцы.
Такім было жыццё беларуса з аднаго боку. З другога — панскі прыгнёт, прыніжэнне, здзекі, знявага, несправядлівыя папрокі, пастаянны страх за заўтрашні дзень. Усё гэта рабіла жыццё простага чалавека цяжкім, беспрасветным. І толькі надзея на лепшую долю дапамагала жыць. Такой надзеяй, запаветнай марай Міхала было вызваленне ад панскіх пут. Яму здавалася, што дастаткова “купіць зямлю, прыдбаць свой кут”, і станеш свабодным, гаспадаром. Міхал пайшоў з жыцця, не дасягнуўшы сваёй мэты, не здабыўшы шчасця шляхам знясільваючай працы. У гэтым трагізм яго лёсу: нават, зайляўшы кавалачак зямлі, ва ўмовах капіталістычнага ладу ён не вызваліўся б ад ненавісных паноў. Гэта пачаў ра- зумець Антось, якому нямала давялося убачыць за час паездак у горад па справах куплі зямлі. Нават Ганна зразумела, што “справа не ў сваёй сядзібе, а ў ла- дзе гэтым уся злыбедзь”. Беларусы, якія жылі ў цяжкай працы і пакутах, на “вузкіх, крывых” пуцінах шукалі лепшай долі і не знаходзілі яе. Пакуль. Сапраўднае ж чалавечае шчасце магчыма, на думку паэта, не на маленькім кавалачку ўласнай зямлі, а на “новай зямлі”, перабудаванай на “новы лад”. І прыйдзе народ да свайго шчасця прасторным шляхам, у які сальюцца ўсе вузкія і крывыя сцежкі.
Паэму называюць энцыклапедыяй сялянскага жыцця. Яна — носьбіт запаветных мараў беларусаў аб шчасці на вольнай зямлі. Наш народ — багаты духоўна, з вялікім патэнцыялам творчых сіл. Народ — ставаральнік. У паэтычным таленце Якуба Коласа адбіваецца росквіт здольнасцей беларускай нацыі.
Сто гадоў мінула, як паэму цалкам убачыў чытач. А размова — быццам пра сённяшнія дні. Пра нашы чалавечыя каштоўнасці. Пра лёс Радзімы.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
журналіст.