Герой гэтага аповеду — намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі ЗАТ “1 Мая” Сяргей Асіпенка — закончыў у свой час Віцебскую ветэрынарную акадэмію па спецыяльнасці “зааінжынерыя”, год папрацаваў па размеркаванні ў Гомельскай вобласці, аднак у хуткім часе вырашыў перабірацца бліжэй да радзімы жонкі, якая родам з суседняй Капыльшчыны. Некаторы час рабіў у Клецкім раёне, затым у 2008-м годзе стаў намеснікам дырэктара па жывёлагадоўлі ЗАТ “1 Мая”, і вось ужо 15 гадоў працуе на гэтай пасадзе.
Клопатаў тут хапае: мясная і малочная галіна мясцовай жывёлагадоўлі, атрыманне малака і прывагаў, умовы ўтрымання і кармленне, узнаўленне статку, здароўе жывёлы — усё гэта знаходзіцца пад пільнай увагай намесніка дырэктара. Калі ж аперыраваць канкрэтнымі лічбамі, то майму суразмоўцу трэба адказваць за восем з паловай тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. З іх 1370 — дойныя каровы, каля пяці тысяч бычкоў знаходзіцца на адкорме, астатнія — маладняк.
У гаспадарцы дзейнічаюць тры малочна-таварныя фермы, комплекс па адкорме і дарошчванні БРЖ і комплекс па дарошчванні, дзве фермы для таварных цялушак.
За рабочы дзень Сяргей Дзмітрыевіч аглядае амаль кожны аб’ект, калі які за рэдкім выключэннем не наведаў сёння, то заўтра ўжо стопрацэнтна пабывае і там.
— Трэба на свае вочы пабачыць, як утрымліваецца жывёла, як ідзе кармленне, пагутарыць з людзьмі, — расказвае мой суразмоўца, — каб, як кажуць, з першых вуснаў ведаць, ці ўсё ў парадку, якія есць пытанні, што непакоіць работнікаў (калі такое ёсць). Спрыяе і тое, што жывёлагадоўчыя аб’екты ў нас размешчаны кампактна, таму праехацца па ўсіх нескладана.
Сярод пытанняў, якія вырашаюцца ў кабінеце, куды намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі накіроўваецца кожную раніцу, адным з галоўных з’яўляецца закупка маладняку, які набываецца па ўсёй Мінскай вобласці, — кожны месяц у гаспадарку паступае ад 350 да 400 галоў. Гэта таксама трэба арганізоўваць з усёй адказнасцю, як і многія іншыя моманты, якія неабходна адсочваць для паспяховага функцыянавання жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі.
Вядома, што адзін — у полі не воін, і С.Д. Асіпенка ў нашай гутарцы з удзячнасцю ўзгадаў сваіх падначаленых, выдатных знаўцаў сваёй справы, на якіх заўсёды можна абаперціся — заатэхніка-селекцыянера Таццяну Грынкевіч, загадчыка комплексу “Дубейкі” Святлану Шкоду і іншых добрых працаўнікоў свайго падраздзялення, якіх у гаспадарцы старанна працуе каля ста чалавек.
На пытанне, што прывяло майго суразмоўцу ў жывёлагадоўлю і ў чым, на яго погляд, залог паспяховай працы, ён адказаў так:
— Да клопату аб жывёле я прывык з дзяцінства, у бацькоўскай сям’і заўсёды была свая гаспадарка, і я быў прывучаны да працы. Вядома, не любіўшы жывёлу, не трэба звязваць з ёю свой жыццёвы шлях, гэта будзе цяжка і не дасць добрага выніку. А вось калі адчуваеш цеплыню да яе, калі хочацца ўкладваць сваю працу ў тое, каб яна была добра дагледжана, накормлена і пралечана, тады зусім іншая справа. Тады і жывёла на клопат чалавека адказвае добрымі надоямі і прывагамі. Абыякавасці тут проста не можа быць, інакш ты не здолееш працаваць у такой сферы.
Адданасць Сяргея Асіпенкі сваёй справе не засталася незаўважанай: ён стаў адным з удзельнікаў цырымоніі ўшаноўвання пераможцаў спаборніцтва за дасягненне лепшых паказчыкаў у развіцці аграпрамысловага комплексу Мінскай вобласці, што 9 снежня прайшла ў Стоўбцах.
Сярод узнагароджаных на абласным мерапрыемстве былі лепшыя прадстаўнікі аграрнай галіны Нясвіжчыны.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.