Меню
Курс $  3.07 | €  3.48 | ₽100  3.86 |
Погода 18 °C

Гомель стаў першым абласным цэнтрам, свабодным ад акупантаў

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 15

Пост опубликован: 23.01.2024

Да 80-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

“Гомель свята шануе непарушную памяць аб героях вайны, аб загінуўшых воінах і гісторыю нашага народа. Мы зробім усё магчымае, каб наша краіна заставалася моцнай і незалежнай, а жыццё будучых пакаленняў — мірным і шчаслівым”.

Старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў, падчас мітынгу, прысвечанага 80-годдзю вызвалення горада.



Першым абласным цэнтрам Беларусі, вызваленым ад акупантаў, быў Гомель — буйны прамысловы і культурны цэнтр рэспублікі. Днём яго вызвалення стала 26 лістапада 1943 года. У ходзе жорсткіх баёў свабоду прынеслі, фарсіраваўшы раку Сож, войскі 11-й і 48-й армій Беларускага фронту (у лютым 1944-га ён быў перайменаваны ў 1-ы Беларускі). Камандаваў фронтам генерал арміі Канстанцін Ракасоўскі.

Першымі ў горад уступілі падраздзяленні 217-й, 102-й, 96-й, 4-й стралковых дывізій, а таксама 115-га ўмацаванага раёна. 23 часцям і злучэнням, якія вызначыліся ў Гомельска-Рэчыцкай аперацыі, было нададзена ганаровае найменне “Гомельскіх”. 102-я і 217-я стралковыя дывізіі, 199-я штурмавая і 266-я знішчальная авіяцыйная дывізіі былі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга.

У 1943-м немцы стварылі тут магутны абарончы пункт, кінуўшы пад Гомель 25 сваіх дывізій. Асабіста Гітлер ставіў задачу перад салдатамі і афіцэрамі ўтрымаць горад. Гомель служыў варотамі да Данбаса, Данбас — варотамі да Каўказа… Толькі гераічны наступ савецкіх войскаў стрымаць фрыцам не ўдалося.
З абодвух бакоў у баях удзельнічалі 1,5 мільёна чалавек. Савецкае камандаванне прымяніла новую тактыку: Гомель акружылі з трох бакоў, вызваляючы іншыя населеныя пункты, заціснулі ворага ў міжрэччы, ён апынуўся ў “мяшку” і вымушаны быў адыходзіць. Нашы войскі ўвайшлі ў Гомель у 9.30 раніцы 26 лістапада. У гонар гэтай перамогі ў Маскве быў да- дзены салют з 224 гармат.

Першы салют з пачатку вызвалення нашай краіны адбыўся вечарам 18 лістапада — у гонар беларускай Рэчыцы.
Масква адсалютавала 12 артылерыйскімі залпамі са 124 гармат.

Нашым франтавікам шмат дапамагалі партызаны і падпольшчыкі. У звязцы з Беларускім фронтам дзейнічалі партызаны Гомельскай і Палескай абласцей, а гэта амаль 10 тысяч чалавек. Толькі за дзве ночы яны ажыццявілі 6684 падрывы чыгункі, каб не змагла падысці дапамога ворагу тэхнікай і жывой сілай.
У Гомелі ведаюць гісторыю, як у 20-х чыслах лістапада 1943-га праз Сож, уплаў, у ледзяной вадзе, перабралася дзяўчына, каб папярэдзіць савецкіх сапёраў аб тым, што немцы мініруюць усе подступы да горада. Каб перамагчы ворага, людзі не шкадавалі ні здароўя, ні жыцця.

Гомельска-Рэчыцкая наступальная аперацыя вялася з 10 да 30 лістапада. У выніку яе войскі Беларускага фронту прарвалі абарону праціўніка ў паласе шырынёй 100 кіламетраў, прайшлі на захад на 130 км. Яны стварылі пагрозу паўднёваму флангу групы нямецкіх армій “Цэнтр” і ўскладнілі яе ўзае- мадзеянне з групай армій “Поў- дзень”. Фронт стабілізаваўся тут да 1944 года, але аперацыя стварыла спрыяльныя ўмовы для далейшага вызвалення Беларусі. Гомельскі плацдарм сыграў значную ролю для наступальнай аперацыі “Баграціён”, стаў цаглінкай у падмурку Вялікай Перамогі.

…Гомель з першых дзён вайны, пад нямецкай бамбёжкай, уступіў у барацьбу з ворагам. 23 чэрвеня 1941 г. пачалася мабілізацыя мужчын прызыўнога ўзросту. Прамысловыя прадпрыемствы перайшлі на выпуск прадукцыі ваеннага прызначэння. Станкабудаўнічы завод вырабляў мінамёты, “Гомсельмаш” — міны, яшчэ адно прадпрыемства — гранаты. Кандытарская фабрыка “Спартак” асвоіла выпуск гаручай сумесі, прызначанай для паражэння варожай бранятэхнікі. Былі сфарміраваны брыгады для рамонту танкаў, гармат, трактараў і аўтамашын.

Для барацьбы з парашутнымі дэсантамі і аховы прадпрыемстваў і ўстаноў стварылі знішчальныя батальёны. Тысячы жыхароў працавалі на ўзвядзенні абарончых збудаванняў. У абароне горада ўдзельнічаў Гомельскі полк народнага апалчэння. Немцы акупіравалі горад 19 жніўня, а да 23 жніўня змагаліся абаронцы Навабеліцы.

50-дзённая гераічная барацьба з ворагам на Гомельскім напрамку, у т.л. 12-дзённыя абарончыя баі за Гомель аслабілі наступ гітлераўцаў на Маскву. Яго абаронцы не далі захопнікам прарвацца на фланг Паўднёва-Заходняга фронту, што дазволіла яго дывізіям стрымліваць фашыстаў да восені.

Пад нямецкай акупацыяй Гомель знаходзіўся 829 дзён. Гэта быў страшны час. Карнікі грабілі, здзекаваліся, забівалі мірных жыхароў: жанчын, старых, дзяцей. Тут быў створаны канцлагер Дулаг 121, і толькі ў ім гітлераўцы знішчылі 100 тысяч чалавек. Са 140 тысяч жыхароў даваеннага горада жывымі засталіся толькі 15 тысяч. Каля 9 тысяч землякоў не вярнуліся з фронту. Людскія страты, абарваныя жыцці не вымераць нічым. А вось урон, нанесены народнай гаспадарцы, ацанілі ў памеры звыш трох мільярдаў рублёў у даваенных цэнах. Гомель за гады вайны быў разбураны на 80 %. Ад дамоў заставаліся толькі сцены і чорныя правалы акон. Ужо нашы ўваходзілі ў горад, а нямецкія салдаты яшчэ бегалі і запальвалі ўсё, што магло гарэць. Камандуючы Беларускім фронтам Канстанцін Ракасоўскі ў сваіх успамінах пісаў, што ён больш не бачыў такога горада, які б немцы так знішчалі, з такой нянавісцю.

26 лістапада над гомельскімі руінамі ўзвіўся чырвоны сцяг Перамогі. Яго ўзнялі над гарадской электрастанцыяй.

Услед былі вызвалены Буда-Кашалёва, Чачэрск і чыгуначная станцыя Шацілкі, дзе ў 1960-х гадах вырас Светлагорск…

У вызваленым ад фашыстаў Гомелі са снежня 1943-га пачалі працаваць ЦК КП(б)Б і СНК БССР. Іменна тут 21 — 24 сакавіка 1944 г. праходзіла 6-я сесія Вярхоўнага Савета БССР, якая зацвердзіла праграму аднаўленчых работ і бюджэт рэспублікі на 1944 год. У вызваленых ад акупантаў раёнах трэба было аднаўляць народную гаспадарку і культурнае жыццё.

Згодна з данымі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у Беларусі пражываюць чуць меней 9 тысяч ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і грамадзян, якія пацярпелі ад яе наступстваў.
Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, праводзячы першае пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы да святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайны, адзначыў, што падчас падрыхтоўкі да ўрачыстасцей трэба будзе выканаць адказную работу. “Мы павінны выкарыстаць усе магчымасці для таго, каб ветэраны адчулі дадатковыя клопаты і ўвагу ў гэтыя ўрачыстыя дні, — падкрэсліў кіраўнік урада. — Гэта сапраўды тыя даты, якія павінны пранікнуць у сэрца кожнага, хто жыве ў нашай краіне. Беларусь — краіна-пераемніца лепшых традыцый духоўнасці, якія існавалі ў часы Савецкага Саюза. І мы ў перыяд станаўлення нашай дзяржаўнасці ніколі не забывалі гэтых святаў. Яны заўсёды ў нас адзначаліся на самым высокім дзяржаўным узроўні. Таму сёння Беларусь — адна з нямногіх на постсавецкай прасторы краін, дзе Вялікую Перамогу свята ўшаноўваюць”.
18 студзеня гэтага года прайшло другое пасяджэнне аргкамітэта. Абмяркоўваліся пытанні аб месцы правядзення ваеннага парада падчас святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкай акупацыі і аб узнагароджанні гарадоў і іншых населеных пунктаў вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.

8 лістапада 1943 г. указам прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР былі ўстаноўлены вышэйшы ваенны ордэн “Перамога” і салдацкі ордэн Славы І, ІІ і ІІІ ступені.
Ордэнам Славы розных ступеней былі ўзнагароджаны каля 70 жыхароў Нясвіжскага раёна, якія праявілі мужнасць у баях з акупантамі. У т.л. ордэнам Славы І ступені — Мікалай Паўлавіч Варакса з в. Завітая, Генадзь Юльянавіч Герман з в. Затур’я, Антон Канстанцінавіч Калеснік з Крутога Берага. Ордэнам Славы ІІ ступені — жыхар Высокай Ліпы Мікалай Адамавіч Азарка і Канстанцін Аляксеевіч Дуброва з Малой Быхаўшчыны.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
член Беларускага саюза
журналістаў.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!