У мастацкай галерэі “Мара” адкрылася выстава жывапісу і акварэлі Кацярыны Філюты “Казкі старога дома”.
Як расказала гаспадыня галерэі, мастацтвазнаўца Ларыса Бортнік, Кацярына Філюта — уладальнік ярка-эмацыйнага і шматпланавага мастацкага таленту, які праявіўся ў розных відах выяўленчага мастацтва.
На фармаванне неардынарнай творчай асобы шмат у чым паўплывала ўсё яе асяроддзе. Яна нарадзілася ў сям’і вядомага педагога мастацкага вучыліша, таленавітага майстра малюнка і мастачкі па касцюмах Вялікага тэатра эперы і балета Алега і Ларысы Луцэвічаў.
У пачатку творчага шляху Кацярына паўстала перад гледачом у якасці майстра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Выяўляючы максімум фантазіі і вынаходлівасці ў працы са скурай, яна стварала арыгінальныя дэталі адзення, унікальныя ўпрыгожванні і прадметы інтэр’ераў.
Наступным сур’ёзным захапленнем мастачкі стала работа над інтэр’ерам. Сярод найбольш вядомых — дызайн рэстарана “Фыюджын” і буцік “Бамонд” у Мінску. Граматнаму ажыццяўленню яе задум садзейнічала прафесійная база, набытая ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым каледжы і Вышэйшай школе культуры г. Санкт-Пецярбурга.
Раскрыццё жывапіснага таленту Кацярыны адбылося паступова ў працэсе пераадолення сумненняў, але сузіраючы яе карціны, пра гэта нават не здагадваешся. У іх адчуваецца бурны струмень энергіі, якая б’е праз край, адчуваецца, з якім задавальненнем яна перадае на палатне радасць творчага натхнення.
Адметная асаблівасць яе нацюрмортаў не толькі ў багацці прадметаў антыкварыяту і іх сюжэтна-тэматычнай кампанаванасці, але і ў фактурна-пластычнай дэталёвай прапрацоўцы. Яны адчувальна-рукатворныя па выкананні і, у той жа час, адухоўлена-рамантычныя па настроі.
Яшчэ адно амплуа мастачкі — гэта чорна-белая акварэль, нешматслоўная, але вельмі красамоўная. У гэтай поўнай намёкаў недаказанасці чытаецца незвычайная глыбіня зместу.
Ва ўсіх сваіх праявах Кацярына толькі прыадкрывае свае творчыя магчымасці, а яны, мабыць, бязмежныя і невычэрпныя.
Кацярына Філюта паспяховая і папулярная ў мастацкім асяроддзі на радзіме і за мяжой, у прыватнасці, у Германіі пастаянна праходзяць яе персанальныя выставы. Яна з 1997 г. уцваходзіць у Саюз дызайнераў Беларусі і ў Міжнародную грамадскую асацыяцыю дызайнераў. Яе творы раз’ехаліся па прыватных калекцыях у розныя краіны свету.