Меню
Курс $  3.07 | €  3.48 | ₽100  3.86 |
Погода 21 °C

Амаль паўстагоддзя — з музыкай

Софья ЛЮБАНЕЦ 1 год назад 0 114

Пост опубликован: 26.02.2024

Лёсам і сэрцам з Нясвіжчынай
Ёсць на Нясвіжчыне людзі, якія аддалі адной і той жа абранай у юнацтве справе столькі гадоў, што ў іх можа змясціцца цэлае жыццё. Для кагосьці гэта сельская гаспадарка, для кагосьці — медыцына ці адукацыя, а для Віктара Яўгенавіча Высоцкага, што 34 гады ўзначальваў Аношкаўскую музычную школу і да гэтага яшчэ 14 працаваў у Нясвіжскай — гэта музыка. І нават не столькі сама музыка, колькі перадача свайго захаплення ёю дзецям, якія выходзяць са сцен музычнага класа ўжо іншымі людзьмі — лю- дзьмі, што ўмеюць адчуваць прыгажосць мастацтва і разумеюць, чаго каштуе ўменне ствараць яго сваімі рукамі. Бо сапраўды, толькі рукі музыканта “ажыўляюць” інструмент, і маўклівая душа, якая бязгучна жыве ў ім, дзякуючы чалавеку набывае голас і пачынае спяваць на ўвесь свет.



У руках героя гэтага аповеду так спявае баян. І хаця ў гэтым навучальным годзе Віктар Яўгенавіч пакінуў выкладанне ў школе, якую перастаў узначальваць толькі ў 2020-м, з музыкай ён не развітваецца. Ды і як можна развітацца з тым, што было вялікай і неад’емнай часткай твайго жыцця? І зараз, бывае, бярэ ў рукі баян, іграе для сябе і жонкі, таксама настаўніцы музыкі, толькі па класе фартэпіяна.
Мой суразмоўца нарадзіўся ў сям’і ваеннага, якая пастаянна мяняла месца жыхарства, але ў 1959-м годзе асела ў Нясвіжы, дзе жылі родзічы маці. Маленькі Віця пайшоў у другі клас Нясвіжскай СШ №2 (зараз — Нясвіжская гімназія), а ў сёмым перайшоў у першую школу, бо так было бліжэй да дому. На гэтым настаяла мама, як і на тым, каб сын (дарэчы, старэйшы ў сям’і з трох дзяцей) пайшоў у музычную школу. Многія суседскія дзеці вучыліся там, і яна вырашыла не адставаць.
— Мне самому, у прынцыпе, падабалася музыка, — узгадвае дзяцінства Віктар Яўгенавіч, — але не менш мне падабаўся і футбол. І вось гэта было сапраўды цяжка — бачыць, як мае сябры ганяюць мяч, а я сяджу, развучваю гамы. Аднак з мамай не прынята было спрачацца. А яшчэ з настаўнікам пашанцавала — Станіслаў Іванавіч Лагіновіч, які потым стаў дырэктарам Нясвіжскай музычнай школы, здолеў захапіць мяне музыкай так, што іншыя інтарэсы адступілі.
Зараз ужо няма таго старога будынка па вуліцы Карла Лібкнехта, дзе вучыўся мой суразмоўца. Ён знесены, і з 1970 года Нясвіжская музычная школа (зараз — дзіцячая школа мастацтваў) знахо- дзіцца ў тым гістарычным будынку па вуліцы Ленінскай, які мы ўсе ведаем. Сюды малады настаўнік музыкі і сам прыйшоў на работу пасля заканчэння Маладзечненскага музычнага вучылішча. Дарэчы, рашэнне паступаць туды было канчаткова прынятае толькі ў старэйшых класах школы, і на яго ізноў паўплывала падтрымка настаўніка і ўгаворы маці, якая марыла бачыць свайго сына музыкантам.
— І сапраўды, — гаворыць Віктар Яўгенавіч, — менавіта ў вучылішчы я па-сапраўднаму глыбока захапіўся музыкай.
Вельмі добрыя былі выкладчыкі і вельмі моцныя студэнты, якія паступалі ў Маладзечна з усёй Беларусі — і з буйных гарадоў, і з невялікіх. Напрыклад, аднаго з выкладчыкаў — Мікалая Андрэевіча Каралькова, які пад канец жыцця выкладаў ва ўніверсітэце культуры, — мой суразмоўца з вялікай удзячнасцю ўзгадвае і зараз.
Падчас вучобы ў вучылішчы малады чалавек зрабіў для сябе яшчэ адно добрае адкрыццё: аказваецца, працаваць з дзецьмі — гэта вельмі цікава. Як толькі заканчвалася летняя сесія, ён спяшаўся ў “Арляня”, што ў нашым раёне каля Гарадзеі, і дзеці гуртом ха- дзілі за сваім любімым музыкантам, каб паспяваць з ім каля кастра ці парэпеціраваць вясёлыя песні да лагерных мерапрыемстваў.
Незаўважна праляцелі чатыры гады, і трэба было выходзіць на работу. Тут Віктар Яўганавіч узгадвае, як спачатку хацеў пасля заканчэння вучылішча працаваць дзе-небудзь далёка ад дому, але ў канцы вучобы стаў параўноваць і зразумеў, што падчас паездак з канцэртамі па розных гарадах ніводзін не захапіў яго так, як Нясвіж, ні ў адным ён не адчуў сябе так цёпла і міла, як у родным кутку. І калі перад размеркаваннем у вучылішчы ізноў з’явіўся яго настаўнік з музычнай школы С.І. Лагіновіч, які ўжо як дырэктар шукаў сабе работнікаў, з задавальненнем згадзіўся вярнуцца на радзіму.
Тут пачаў працаваць настаўнікам па класе баяна. Мала таго, яму амаль адразу даверылі стаць мастацкім кіраўніком ансамбля народных інструментаў.
— Уяўляеце сабе, як гэта мне было — маладому, які не так даўно прыйшоў на работу, кіраваць настаўнікамі, у якіх не так даўно вучыўся сам, і гаварыць дырэктару школы: “Няправільна зараз іграеце”? — з усмешкай узгадвае герой аповеду. — Гэта цяпер хочацца ўсміхнуцца, а тады было не да смеху.
І сапраўды, у той час майму суразмоўцу нават не прыходзіла ў галаву думка, што пройдзе некалькі гадоў і ён сам будзе не толькі арганізоўваць работу невялікага аркестра, але і кіраваць цэлай школай. Але гэта было наперадзе. А да гэтага Віктар Яўгенавіч яшчэ 12 гадоў іграў у вакальна-інструментальным калектыве, які быў створаны разам з аднадумцамі, таленавітымі музыкантамі Анатолем Мамчыцам, Мікалаем Мамчыцам, Анатолем Пешкурам, Валянцінам Гундаравым. Затым склад змяняўся, да “старажылаў” далучаліся Вячаслаў Камінскі, Уладзімір Стэфанкоў і іншыя. Гэты ансамбль не толькі з вялікай папулярнасцю іграў на вяселлях, але і выступаў на розных сцэнах у канцэртах і заўсёды — з поспехам.
Немалаважна і тое, што родная музычная школа стала для Віктара Высоцкага тым месцам, дзе ён знайшоў сваё асабістае шчасце. З жонкай Святланай Іванаўнай ён пазнаёміўся менавіта тут, у першы год работы ў школе. Яна выкладала фартэпіяна і па цікавым збегу абставін скончыла таксама Мала- дзечненскае вучылішча, толькі на год раней. Але на вучобе яны, як цяпер модна гаварыць, “не перасякаліся”, а вось на рабоце, ужо самастойнымі людзьмі, спадабаліся адзін аднаму. Тут, у Нясвіжы, нара- дзілі двух сыноў, пабудавалі свой дом і не думалі, што праз некаторы час зменяць месца працы і жыхарства.
А адбылося гэта так. У 1984 го- дзе мой суразмоўца паступіў завочна ў Мінскі інстытут культуры (зараз — універсітэт культуры і мастацтваў) на аддзяленне народных інструментаў, у той жа год яго выклікаў дырэктар школы С.І. Лагіновіч і сказаў, што з ім хоча пагаварыць старшыня калгаса “Новае жыццё” Міхаіл Васільевіч Саленік. Той прапанаваў В.Я. Высоцкаму стаць мастацкім кіраўніком хору гаспадаркі.
— Міхаіл Васільевіч быў вельмі цікавым суразмоўцам, — узгадвае той час Віктар Яўгенавіч, — сапраўдным рэфарматарам, які марыў узняць узровень жыцця на вёсцы да гарадскога, у тым ліку — і па ўзроўню культуры. Ён часта гаварыў, што людзі ў вёсцы павінны бачыць не толькі свае палі, фермы і кухню дома, але і захапляцца нечым карысным і прыгожым, развівацца душэўна. І ён быў кроўна зацікаўлены ў тым, каб у яго гаспадарцы быў хор і вялася культурная работа, каб людзям, акрамя цяжкай працы, было на чым адпачыць душой. Я да гэтага ўжо працаваў з хорамі ў іншых працоўных калектывах, але не сістэматычна. А тут усё аказалася вельмі сур’ёзна. На сцэне стаялі 40 чалавек — у асноўным спецыялісты гаспадаркі і настаўнікі мясцовай школы. На кожнай рэпетыцыі старшыня прысутнічаў асабіста. Усе стараліся, як маглі, слухаліся бездакорна. Па ўсім было відаць, што вельмі паважалі свайго кіраўніка. На рэпетыцыі мяне адвозілі і прывозілі, усё заўсёды вельмі дакладна, без спазненняў і нечаканасцей.
Пра імкненне М.В. Саленіка ўзняць культурны ўзровень вяскоўцаў можна расказваць доўга, але факты, як кажуць, гавораць самі за сябе: калі Міхаіл Васільевіч стаў старшынёй, першым, што ён пабудаваў, быў клуб.
Два гады В.Я. Высоцкі ездзіў у Аношкі як кіраўнік хору гаспадаркі, і вось аднойчы старшыня калгаса прапанаваў яму ўзначаліць дом культуры ў Аношках і разам з ім “узяць пад крыло” ўсю сферу культуры ў гаспадарцы, а гэта былі яшчэ клубы ў Казлах і Каменцы.
— Я тады сумеўся, — узгадвае мой суразмоўца. — стаў тлумачыць, што я не клубны работнік і гэта не маё. Я — настаўнік музыкі, і мая справа — вучыць дзяцей. “Дык што ты прапаноўваеш”, — запытаўся ён. А я і сказаў, не спа- дзеючыся асабліва, што мае словы будуць успрынятыя ўсур’ёз: “Вось каб Вы музычную школу адкрывалі, гэта была б іншая справа”, — сказаў я. А Міхаіл Васільевіч у адказ: “Дык давай будзем рабіць музычную школу!”. Я яшчэ паспрабаваў пасупраціўляцца, маўляў, у мяне ж у Нясвіжы новы дом, толькі восем гадоў у ім пражылі, і на звыклай рабоце ўсё добра, як гэта ўсё пакінуць і пераехаць у Аношкі? А ён мне: “Пайшлі, пакажу тваю новую кватэру”. Умеў пераконваць. Я яшчэ параіўся са сваім былым выкладчыкам у музычным вучылішчы, які ўжо сам стаў яго дырэктарам, і той падтрымаў мяне: “Ідзі, трэба расці! Я таксама пачынаў з простага настаўніка!” І так я стаў дырэктарам калгаснай музычнай школы.
З вялікай удзячнасцю Віктар Яўгенавіч зараз узгадвае давер, які аказаў яму М.В. Саленік у падборы педагагічнага калектыву і выбары музычных інструментаў. Сказаў: “Ты ў гэтым спецыяліст, рабі, як ведаеш”.
— Помню, як ён здзівіўся, — гаворыць мой суразмоўца, калі я сказаў, што інструменты патрэбны дзецям не толькі ў школе, але і дома, каб займацца самастойна. “А што, яны павінны і дома іграць?”, — сказаў. Я адказаў, што так, інакш не будзе выніку. Ён тут жа сабраў агульны сход калгаснікаў і стаў тлумачыць, што дзецям трэба купляць інструменты. Калі прагучала, што адно піяніна каштуе як добрая карова — 700-800 савецкіх рублёў — зала загула, як пчаліны рой. Аднак свайго дамогся — многія ў хуткім часе купілі дзецям інструменты, у тым ліку і самыя дарагія. Дагэтуль помню, як з мяшком грошай на калгаснай “Калхідзе” з калегамі паехаў у Мінск і мы набралі поўны прычэп інструментаў. Потым да ночы разгружалі іх. Так мы пачалі працаваць.
Мясцовыя дзеці змаглі вучыцца іграць на піяніна, баяне, духавых інструментах. Пазней адкрыліся класы харэаграфіі і народнай творчасці. Першымі прыйшлі выкладаць у новую музычную школу Рыгор Аніскавец, Аляксандр Добыш, Валерый Міхайлаў. На наступны год В.Я. Высоцкі сам паехаў у сваё ж вучылішча запрашаць маладых спецыялістаў да сябе на работу.
Адметнасцю школы, якой кіраваў герой гэтага матэрыялу, было тое, што тут імкнуліся не проста вучыць дзяцей музыцы, а ствараць творчыя калектывы, якія аб’ядноўвалі вучняў і дапамагалі ім творча праяўляцца. У школе з’явіўся духавы аркестр і група “Світанак”, дзе спачатку дзеці больш выкарыстоўвалі шумавыя інструменты, а па меры асваення сапраўдных музычных інструментаў уво-дзілі ў выступленні і іх. Менавіта са “Світанка” вырас знакаміты ўзорны ансамбль гарманістаў “Аношкаўскія музыкі”, які стварыў Віктар Навумчык — аднакурснік В.Я. Высоцкага па інстытуце культуры. Яму з жонкай, таксама выкладчыкам музыкі, гаспадарка прадаставіла жыллё і ўсе магчымасці для работы. У 1997 годзе “Аношкаўскія музыкі” ўжо з поспехам выступалі на розных пляцоўках, а ў 2001-м атрымалі званне “ўзорны”. На шэсць гадоў раней, у 1995-м, атрымаў званне “народны” і Аношкаўскі хор, з якога пачыналася супрацоўніцтва В.Я. Высоцкага і мясцовай гаспадаркі.
Расказваць пра гэтага чалавека і школу, якую ён узначальваў больш за тры дзесяцігоддзі, можна яшчэ доўга. “За кадрам” засталіся падарожжы выхаванцаваў музычнай школы па былым Савецкім Саюзе — ад Кіева да Палангі, паездкі па абмене вопытам ва ўсходне-германскі сельскагаспадарчы кааператыў “Вітбрыцэн” пад Берлінам, дзе з вялікім поспехам выступаў Аношкаўскі хор, і многае іншае. Складана змясціць у адзін артыкул 48 гадоў жыцця, прысвечаных музыцы. Напэўна, лепшым сведчаннем таго, што гэтыя гады прайшлі недарэмна, будуць вучні Віктара Высоцкага, некаторыя з якіх і самі сталі дырэктарамі і выкладчыкамі музычных школ і працягва- юць сеяць любоў да вялікай музыкі ў душах ужо сваіх вучняў. А тыя пасеюць яе яшчэ далей і так да бясконцасці, бо нездарма казалі старажытныя рымляне: “Жыццё — кароткае. Мастацтва — вечнае”.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!