Меню
Курс $  3.08 | €  3.65 | ₽100  3.86 |
Погода 7 °C

Перспектыва і патэнцыял

Софья ЛЮБАНЕЦ 1 год назад 0 414

Пост опубликован: 15.03.2024

Недалёка ад паўночных ускраін Нясвіжа ляжаць землі закрытага акцыянернага таварыства “Агракамбінат Нясвіжскі”, які ўключае ў сябе 2360 га агульнай плошчы, з іх ворных — 2000 га. “Нясвіжскі” — шматпрофільнае сельгаспрадпрыемства, якое займаецца вытворчасцю і продажам сельскагаспадарчай прадукцыі, мясаперапрацоўчай вытворчасцю, вырошчваннем агародніны, развядзеннем рыбы, вядзе аптовы і рознічны гандаль.



— Мы займаемся вытворчасцю такой сельскагаспадарчай прадукцыі, як збожжавыя культуры, рапс, кукуруза, гарох, — гаворыць генеральны дырэктар таварыства Юрый Сікірыцкі. — Усе збожжавыя культуры ў нас — азімыя. Іх мы вырошчваем на насенны матэрыял. Мы пабудавалі насенную лінію даачышчэння і перапрацоўкі ўсіх збожжавых. Даачышчаем і рэалізуем насенне не толькі па Мінскай вобласці, але і па Гомельскай і Віцебскай.

Перспектыва і патэнцыял

Механізатар Сяргей Пражэнік — адзін з лепшых работнікаў гаспадаркі, які вырас і працуе на мясцовай зямлі. У час жніва ён шчыруе на камбайне (і вельмі паспяхова), а ў дзень, калі быў зроблены здымак, уносіў вадкія мінеральныя ўгнаенні на распырсквальніку “Раса”.
— Гэта вельмі зручная машына, — так характарызуе свой агрэгат Сяргей Міхайлавіч. — Яна вызначаецца высокай праходнасцю і можа спакойна апрацоўваць участкі поля, дзе не праедзе другая тэхніка. Калі пастарацца, на ёй можна прайсці да 180 гектараў у дзень.

Таксама займаемся і жывёлагадоўляй, якая развіваецца па трох напрамках: малочным, мясным і авечкагадоўчым. Што да малочнага напрамку, то на сённяшні дзень у нас 810 дойных кароў.
Перад намі стаіць задача да канца 2024 года, каб выканаць бізнес-план па банку “Развіццё”, давесці пагалоўе дойнага статка да 1130 асобін. Летась быў пабудаваны трэці будынак комплексу, які зараз запаўняецца — закупляюцца цялушкі як імпартнага, так і беларускага паходжання.

Ёсць у “Нясвіжскім” і свой комплекс па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы ў в. Стрыхараўшчына. Закупка маладых цялят — бычкоў — праводзіцца з розных гаспадарак вобласці. Таксама тут разводзяць мясную жывёлу абердзіна-ангускай пароды. Па гэтым накірунку сельгаспрадпрыемства атрымала статус племянной гаспадаркі. Гэтак жа і па авечках — некалькі гадоў таму сюды завезлі авечак літоўскай чарнагаловай пароды і таксама сталі генафонднай гаспадаркай.

Перспектыва і патэнцыял

Вось такіх прыгажуноў- асётраў гадуюць рыбаводы агракамбіната “Нясвіжскі”. Як расказаў начальнік рыбнай гаспадаркі ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі” Анатоль Каменка (на здымку), мясцовая рыбная гаспадарка ўключае ў сябе ўстаноўку замкнутага водазабеспячэння па вырошчванні асятровых і сажалку платнай рыбалкі. У год тут вылоўліваюць ад пяці да дзесяці тон каштоўнай рыбы, якая паступае ў самыя вядомыя гандлё- выя сеткі нашай краіны і рэстараны Мінска.

Яшчэ адзін гонар агракамбіната — вырошчванне агародніны закрытага грунту, агуркоў і таматаў, якое вядзецца на тэрыторыі ў 3,4 га. Прычым для гэтага выкарыстоўваюцца экалагічна чыстыя тэхналогіі: для бараць- бы са шкоднікамі і хваробамі гэтых культур у выпадку неабходнасці выкарыстоўваюцца не хімічныя прэпараты, а біялагічныя: кажучы простымі словамі, адны насякомыя ядуць іншых, і расліна застаецца здаровай, а плады — некранутымі хімічнымі апрацоўкамі.

Добры прыбытак дае гаспадарцы і свой мясакамбінат, дзе праводзіцца забой жывёлы і перапрацоўка як сваёй уласнай, так і закупленай па ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Прадукцыя мясцовага мясакамбіната пастаўляецца не толькі на ўнутраны рынак, але і ў Расійскую Федэрацыю, Казахстан, Кітайскую народную рэспубліку. Гандлёвыя дамы сельгаспрадпрыемства ўжо адкрыты ў РФ і Казахстане, зараз вядзецца работа па адкрыцці такога ж аб’екта ў Кітаі.

— У пачатку мінулага года мы адкрылі яшчэ адзін свой мясакамбінат на тэрыторыі Барысаўскага раёна, — адзначыў у нашай гутарцы Юрый Іванавіч. — Ён таксама нагадаў, што пазнаёміцца з прадукцыяй агракамбіната “Нясвіжскі” можна і ў фірменным магазіне гаспадаркі, размешчаным у аграгарадку Старыя Навасёлкі. Ялавічыну, бараніну, свініну, гародніну — усё можна знайсці там.

Перспектыва і патэнцыял

Гароднінавод Вольга Амяльчэня даглядае сваіх зялёных гадаванцаў ад самага іх “нараджэння” — з’яўлення першых лісцікаў расады. Затым пераносіць падросшую расаду з расаднага аддзялення ў вялікую цяпліцу і клапоціцца пра юную раслінку да самага яе пераўтварэння ў буйную дарослую прыгажуню, якая ўецца ўверх да шкляной столі, шчодра дорачы людзям свежыя, пупырчатыя, экалагічна чыстыя агуркі.
— Клопату хапае пастаянна, — расказвае Вольга Міхайлаўна аб сваёй рабоце. — Сяўба насення, пасадка расады, падвязка, фарміраванне расліны, выбарка гатовай прадукцыі — гэта толькі асноўныя моманты нашай працы. На самай справе, каб спасцігнуць яе дасканальна, патрэбны як мінімум цэлы год і нават больш — настолькі шмат нюансаў трэба ўлічваць, каб атрымаць добры ўраджай. А адказваць В.М. Амяльчэні трэба за 1388 квадратных метраў “агурковых нетраў”. Работу сваю яна вельмі любіць, і не шкадуе, што прыйшла ў цяпліцу агракамбіната “Нясвіжскі” 23 гады таму.

Што да паказчыкаў 2023 года, то нагадаем, што ў раслінаводстве агракамбіната “Нясвіжскі” існуе два напрамкі — вырошчванне насення (матчынае насенне закупляецца ў фірмах “КWS” і “Рапуль”, што дае магчы- масць атрымліваць сарты імпартнай селекцыі, але беларускай вытворчасці) і вытворчасць кармоў для буйной рагатай жывёлы. Усё вырашчанае (акрамя насення) застаецца ў гаспадарцы для забеспячэння кармавой базы для ўласнай жывёлы. Галіна раслінаводства спрацавала за 2023 год з рэнтабельнасцю ў 22 працэнты. Кармавая база цалкам забяспечана і 8000 тон сіласу нават яшчэ ёсць на продаж.

Што датычыцца асобных культур, то добра сябе паказала азімая пшаніца, якая дала ўраджайнасць звыш 70 цэнтнераў з гектара, азімы ячмень — таксама ў межах 70 ц/га. Парадаваў таксама і рапс з ураджайнасцю звыш 40 ц/га. 125 ц/га дала кукуруза на зерне, на зялёную масу — у межах 500 ц/га.

Перспектыва і патэнцыял

Аператар па штучным асемяненні жывёлы Андрэй Закудоўскі за год работы ў сельгаспрадпрыемстве паспеў зарэкамендаваць сябе з самага найлепшага боку. Да гэтага сем гадоў працаваў у іншай гаспадарцы, і ў “Нясвіжскі” прыйшоў ужо даволі вопытным спецыялістам. Тут, па яго словах, яму ўсё вельмі падабаецца — і ўмовы працы, і яе аплата.

Паколькі плошча ворных земляў у гаспадарцы не вельмі вялікая, а колькасць жывёлы расце, тут імкнуцца прымяняць інтэнсіўны метад земляробства, гэта значыць атрыманне двух ураджаяў з аднаго гектара. Напрыклад, увосень сеюцца азімае жыта і свірэпіца, увесну яны ўбіраюцца на зялёны корм, пасля чаго палі, дзе яны раслі, заворваюцца, падкормліваюцца арганікай і на месцы, якое вызвалілася, сеецца кукуруза.

Увага да жывёлагадоўчай галіны дае пэўны плён: рэнтабельнасць малочнай жывёлагадоўлі за мінулы год склала амаль 35 працэнтаў. Надой на адну карову — 8800 кг, але па словах кіраўніка гаспадаркі, наперадзе стаіць задача выйсці на паказчык у 9500 кг, а там і на 10000 і вышэй.

— Прадукцыйнасць нашай жывёлы гэта дазваляе, — гаворыць Юрый Іванавіч, — таму будзем да гэтага імкнуцца.
— Нашы паказчыкі — вынік зладжанай работы усяго калектыву, — зазначыў Ю.І. Сікірыцкі ў канцы свайго аповеду. — Добра спрацавала наша агранамічная служба — мой намеснік па агранаміі Валерый Крэпскі і галоўны аграном Андрэй Сідаранкоў. Ужо шмат гадоў на самым лепшым рахунку і загадчык цяпліц Тамара Брацянкова, з вельмі добрага боку сябе паказвае малады, перспектыўны асеменатар Андрэй Закудоўскі, своечасова спраўляецца з пастаўленымі задачамі і інжынерная служба — галоўны інжынер Валерый Ілюшэнка пільна сочыць са спраўнасцю і належнай арганізацыяй работы тэхнікі гаспадаркі. Таму працаваць ёсць з кім і ёсць дзеля чаго.

З гэтымі словамі цяжка не пагадзіцца, як і з тым, што, мяркуючы па ўсім, самыя лепшыя паказчыкі ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі” яшчэ наперадзе, і патэнцыялу гаспадаркі дастаткова, каб іх дасягнуць.

Перспектыва і патэнцыял

Жылоўшчык мяса і субпрадуктаў Веарыка Пражэнік і абвальшчык мяса Віктар Кургановіч працуюць на мясаперапрацоўчай вытворчасці ўжо больш за 10 гадоў. Надзейныя і адказныя, яны з нязменным стараннем выконваюць свае абавязкі так, каб падаваць добры прыклад таварышам па працы.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!