Да канца мая засталося не так шмат часу, і кожная хвіліна напружанага працоўнага дня на палях сельгаспрадпрыемстваў Нясвіжчыны набліжае працэс нарыхтоўкі траў першага ўкосу да свайго завяршэння. Каб акунуцца ў працэс нарыхтоўкі кармоў, журналіст “НН” таксама наведала дзяржаўнае прадпрыемства “Эксперыментальная база “Свеклавічная”.
Разам з галоўным аграномам прадпрыемства Яўгенам Салітой мы пабывалi на месцы ўборачных работ. Па дарозе спецыяліст азнаёміў з асаблівасцямі нарыхтоўкі кармоў у сельгаспрадпрыемстве:
— Сёлета да нарыхтоўкі кармоў мы прыступілі ў сераду, 15 мая, і ўжо праз дзень акрамя касьбы і варушэння масы пачалі падбор масы з драбненнем. Упор мы робім на бабовыя — прыбіраем люцэрну чацвёртага года выкарыстання. У гэтай культуры шмат карысных якасцей: непатрабавальная, дае па 3-4 ўкосы, насычаная пажыўнымі рэчывамі, асабліва пратэінам, дае выдатны выхад кормаадзінак. Яе карані глыбока пранікаюць у глебу, каб дастаць вільгаць. Шчыльнасць травастою той, што косім цяпер, высокая, так што плануем яшчэ выкарыстоўваць гэтыя плошчы. У цэлым жа, нягледзячы на тое, што люцэрна можа быць у севазвароце на адным полі ад 6 да 7 гадоў, так доўга не выкарыстоўваем. Што тычыцца злакавых траў — яны ў нас толькі на тарфяніках.
Перш чым пачаць уборку, у эксперыментальнай базе старанна плануюць увесь ход корманарыхтоўкі: час падвяльвання, уборачную лагістыку, тэхналогію закладкі, аператыўнасць усяго працэсу. Толькі калі ўсе этапы ўборкі і закладкі аптымальна ўзгодненыя адзін з адным, атрымліваецца вырабіць якасны корм. А запас добрых кармоў прыводзіць да росту надояў, а значыць — і да росту эканамічных паказчыкаў.
Каб травы не страцілі сваю пажыўную каштоўнасць, праца на палях ідзе штодня. Усе робяць свой унёсак у тое, каб прыбраць травы ў сціснутыя тэрміны. Для гэтага задзейнічаны самыя вопытныя і адказныя работнікі. Механізатар Дзяніс Казубоўскі не першы год адказвае за касьбу траў. За ім варушыць травяную масу Іван Рачук. Праўда, яму даво- дзіцца часцей прачэсваць поле, бо шырыня захопу ў варашылкі 5 метраў — на 4 менш, чым у касілкі. Калі трава даходзіць да аптымальнага стану, яе падбірае з драбненнем Дзмітрый Рэвяка на кормаўборачным камбайне “ПАЛЕССЕ FS80”. Здробненую масу вязуць з поля на энерганасычаных трактарах з аб’ёмнымі прычэпамі вопытныя механізатары Ула- дзімір Панкрат, Віталь Яновіч, Ула- дзімір Лакацько і Ілля Багданаў.
— Праца ў нас добра нала- джаная, — адзначае галоўны аграном. — Удзень скошваем па 50-60 гектараў траў. З такой жа плошчы за день падбірае і кормаўборачны комплекс, столькі ж масы адвозіцца і ў траншэю. Калі надвор’е дазволіць і тэхніка не падвядзе, то прыбяром травы да канца месяца.
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.