Электраманцёр ДП “Э/б Свеклавічная” Руслан Янушкевіч — карэнны мясцовы жыхар, выпускнік першай Гара- дзейскай школы. Скончыўшы яе ў 1992 го- дзе, вырашыў асвоіць прафесію электраманцёра і прымяніць яе на карысць роднай гаспадаркі. Для гэтага паступіў у Дзяржынскае ПТВ №212. Атрымаўшы прафесію, як і большасць хлопцаў таго часу, пайшоў у армію.
Адведзеныя на службу паўтара гады правёў у Печах пад Барысавам. Там быў мінамётчыкам, вадзіцелем аўтамабіля і ізноў жа — электраманцёрам, што, вядома, дадало вопыту для работы пасля дэмабілізацыі.
У абавязкі героя гэтага аповеду, які ў наступным годзе адзначыць 30-годдзе сваёй працы на адным месцы, уваходзіць абслугоўванне і рамонт электраабсталявання, што знаходзіцца ў гаспадарцы — гэта і сушылкі, і фермы, і вадзяныя насосы, якія забяспечваюць падачу вады на жывёлагадоўчыя аб’екты — іх у гаспадарцы тры.
Каб работа была выканана дакладна, на падмогу дасведчанаму працаўніку прыхо- дзяць спецыяльныя прыборы і прыстасаванні — індыкатары напружання, адвёрткі, пласкагубцы, токавымяральныя клешчы, амперметры і вольтметры.
На пытанне, ці не ўзнікала неабходнасць паглыбіць веды па прафесіі, адказаў, што робіць гэта самастойна ледзь не кожны дзень.
— Работа мая дастаткова небяспечная, — гаворыць Руслан Васільевіч. — Кожны дзень на пачатку працоўнага дня распісваемся ў журнале за тэхніку бяспекі, кожны дзень атрымліваем інструктаж і толькі пасля гэтага прыступаем да выканання сваіх абавязкаў. Пры рабоце з электрычнасцю не засумуеш: штодзень спазнаеш нешта новае, вучышся. Памыляцца электрыку нельга. Неабходна ўвесь час развівацца. У нас з’яўляецца новае абсталяванне, не так даўно былі ўстаноўлены новыя амкадораўскія сушылкі, усё гэта трэба асвойваць. Ды і ўвогуле зараз век новых тэхналогій, век камп’ютараў, які моцна адрозніваецца ад таго часу, калі мы вучыліся. Таму многае трэба пазнаваць у працэсе работы.
20 гадоў таму мой суразмоўца атрымаў так званы “прэзідэнцкі” дом у аграгарадку Ударны з усімі выгодамі, які праз год пяройдзе ў яго ўласнасць, а гэта ўжо вялікая справа.
— Для работы гаспадарка стварыла ўсе умовы, — гаворыць Руслан Васільевіч, таму і я, і мае таварышы па працы стараемся не падводзіць кіраўніцтва, апраўдваць давер.
Яшчэ ён дадаў, што цяпер, з вопытам, яго работа адладжана і ідзе ў спакойным рэжыме, а вось некалі, на першых парах, было складана: амаль на кожным кроку звяртаўся па параду да старэйшых таварышаў па працы, і яны заўсёды падказвалі, дапамагалі, як напрыклад, яго былы калега Юрый Кулакоўскі і іншыя вопытныя электрыкі. Пра гэта мой суразмоўца і зараз узгадвае з вялікай удзячнасцю.
На пытанне, якія рысы характару неабходны, каб выконваць такія абавязкі, як у яго, добра, мой суразмоўца адказаў, што гэта, у першую чаргу, дысцыплінаванасць і сабранасць, гатоўнасць працаваць не лічачыся с асабістым часам.
А што да Года якасці, у якім мы ўсе зараз жывём, то для Руслана Янушкевіча якасць яго работы — гэта галоўнае, бо хто-хто, а электрык проста не можа выканаць яе няякасна: занадта многае пастаўлена на карту. І мой суразмоўца гэта выдатна разумее.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.