У суботу ў Грыцкевічы завіталі спецыялісты розных сфер. Бо менавіта гэты гасцінны куток Нясвіжчыны быў абраны для аднаўлення добрай традыцыі правядзення “Маладзёжнага перасоўнага шматпрофільнага цэнтра”.
Раённы праект “Маладзёжны перасоўны шматпрофільны цэнтр” рэалізуецца ў мэтах актывізацыі работы з дзецьмі і моладдзю па месцы жыхарства, усебаковага развіцця моладзі, рэалізацыі яе творчага патэнцыялу, выхавання патрыятызму і любові да сваёй Радзімы, фарміравання патрэбнасці ў здаровым ладзе жыцця, арыентавання моладзі на атрыманне спецыяльнасцей, запатрабаваных у раёне, і азнаямлення з магчымасцямі мэтавай падрыхтоўкі кадраў.
У рамках работы маладзёжнага перасоўнага цэнтра прайшоў шэраг мерапрыемстваў, якія парадавалі як мясцовых жыхароў, так і гасцей свята.
На працягу дня на адкрытай пляцоўцы каля Грыцкевіцкага сельскага дома культуры моладзь магла прыняць удзел у майстар-класах Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўла Прануза і раённага цэнтра культуры, а таксама пазнаёміцца з кніжнымі навінкамі і вырабамі майстроў народнай творчасці. Дарослыя і дзеці з задавальненнем бавілі час на інтэрактыўнай пляцоўцы “Твая гульня” гарадскога маладзёжнага цэнтра і ўдзельнічалі ў спаборніцтвах фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Нясвіжскага раёна. Прадстаўнікі раённай арганізацыі ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” праводзілі гульні па зборы спілс-карт і пазла з гарадоў Беларусі. Насычаную праграму падрыхтавалі і медыкі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бальніцы. На іх зоне можна было даведацца пра свой ціск, паўдзельнічаць у майстар-класе па аказанні неадкладнай дапамогі, у конкурсе “Філворды” і бяспройгрышнай латарэі. Але больш за ўсё юных удзельнікаў свята вабіла выстава прадметаў медыцынскага прызначэння. Аб рабоце Цэнтра банкаўскіх паслуг распавядалі работнікі ААТ “Беларусбанк”, а Нясвіжскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва для азнаямлення з працай Цэнтра падрыхтаваў выставу тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, спецыялісты цэнтра праводзілі майстар-клас па вырабе брошкі і прэзентавалі псіхалагічныя паслугі “Нейрафітнес”. Свой унёсак у добрую справу зрабілі і карэспандэнты раённай газеты, якія прывезлі выставу рарытэтных фатаапаратаў і цікавыя гульні. У гэты ж час на вуліцы супрацоўнікі МА ДАІ Нясвіжскага РАУС прапаноўвалі дзецям і падлеткам паспрабаваць сябе ў фігурным кіраванні веласіпедам.
— Сумесна з камандай ЮІР “Віражы” і ваенна-патрыятычным клубам “Форпост” сярэдняй школы №3 г.Нясвіжа мы правялі прафілактычную акцыю “У лета з бяспекай”, — распавяла журналісту “НН” супрацоўнік межрайнного аддзела ДАІ Ганна Карпач. — Акцыю мы праводзілі ў рамках святкавання Міжнароднага дня абароны дзяцей і спецыяльнага комплексу мерапрыемстваў “Увага — дзеці!”. Прыемна, што хлопцы і дзяўчаты актыўна ўдзельнічалі ў фігурным кіраванні веласіпедам, разборцы і зборцы аўтамата, прымяралі спецыяльныя сродкі і правяралі аснашчанасць службовага аўтамабіля ДАІ.
Але для многіх школьнікаў знаёмства з тэматычнымі зонамі пачалося толькі пасля наведвання дыялогавых пляцовак на базе Грыцкевіцкай сярэдняй школы.
Там для навучэнцаў сярэдніх і старэйшых класаў прайшла маладзёжная дыскусійная пляцоўка “Маладзёжны сход”. З падлеткамі размаўлялі першы сакратар РК ГА “БРСМ” Аляксандра Ермаковіч і старшыня мала- дзёжнага парламента пры Нясвіжскім раённым Савеце дэпутатаў Вераніка Цвірко. Як адзначыла Вераніка Цвірко, маладзёжны парламент — новая форма рэалізацыі канстытуцыйных правоў і абавязкаў моладзі. Ён існуе з 2020 года на ўсіх узроўнях вертыкалі ўлады і дапамагае маладым людзям праявіць свае арганізатарскія ды лідарскія здольнасці. За некалькі гадоў маладзёжным парламентам пры Нясвіжскім райсавеце дэпутатаў рэалізавана мноства праектаў, праведзены сустрэчы моладзі з дэпутатамі і яркімі грамадскімі дзеячамі нашай краіны. І гэта толькі пачатак шляху.
У гэты ж час старшыня Нясвіжскай раённай грамадскай арганізацыі “Белая Русь” Ала Тронца распавядала працоўнай моладзі ААТ “Грыцкевічы” аб гэтай грамадскай арганізацыі і рабоце, якая ёю праводзіцца. Для навучэнцаў малодшых класаў праходзіла дыялогавая пляцоўка са спецыялістам Нясвіжскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Псіхолаг Вольга Новік арганізавала для дзяцей вялікую псіхалагічную гульню “У пошуках скарбаў” на згуртаванне і занятак з элементамі трэнінгу “Стварэнне пазітыўных сяброўскі адносін”. А ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама правяло дыялогавую пляцоўку для страшакласнікаў, у рамках якой дапамагло ім калі не вызначыцца, то дакладна зразумець, у якім кар’ерным накірунку ісці ў далейшым. Для гэтага яны падрыхтавалі для дзяцей гульню на дасягненне мэты і прафарыентацыйныя тэсты, якія можна прайсці нават дома, а таксама расказалі аб самых запатрабаваных спецыяльнасцях на сённяшні дзень і ўстановах адукацыі, дзе можна ім навучыцца.
У завяршэнне азнакамляльнай праграмы ў рамках работы маладзёжнага перасоўнага шматпрофільнага цэнтра дзеці з маладзёжнага ваенна-патрыятычнага клуба “Наследие” сярэдняй школы №1 г.Нясвіжа правялі плац-парад, а пасля — майстар-класы па разборцы-зборцы аўтамата і страявой падрыхтоўцы для ўсіх жадаючых.
Яшчэ адным вялікім блокам мерапрыемстваў стала свята сямейнага адпачынку, якое адбылося на адкрытай сцэне перад домам культуры.
З прывітальным словам перад удзельнікамі цёплага сямейнага свята выступілі дырэктар ААТ “Грыцкевічы” Яўген Здановіч і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Нясвіжскага райвыканкама Людміла Вітко.
— Чым мацней сям’я, тым мацней грамадства і наша дзяржава, — адзначыў у сваім звароце Яўген Уладзіміравіч. — А галоўная каштоўнасць сям’і — дзеці. Яны — наша будучыня і наша радасць. Таму сённяшняе свята прысвячаецца ў першую чаргу ім.
Першы сакратар РК ГА “БРСМ” Аляксандра Ермаковіч уручыла ўзнагароды актыўным маладым жыхарам Нясвіжскага раёна. Сярод іх — Ілля Якубовіч, Ілля Клімовіч і Аляксандр Казакевіч. Акрамя гэтага, за дасягненні ў Рэспубліканскім праекце “100 ідэй для Беларусі” Аляксандра ўзнагародзіла навучэнцаў Грыцкевіцкай СШ Яўгена Цімашэнка і Уладзіслава Кабяка.
На свяце прысутнічалі сем’і мясцовых жыхароў, якія сёлета адзначаюць круглыя даты. Кожнай з іх намеснік дырэктара ААТ “Грыцкевічы” Алена Леўшык уручыла падарунак ад гаспадаркі. І мяркуючы па тым, колькі сем’яў ушаноўвалася ў гэты дзень, Грыцкевічы сапраўды квітнеючы край. Пачынаючы ад сям’і Марыны і Яўгена Баранчык, якія адзначалі год сумеснага жыцця і заканчваючы парамі, якія адзначаюць у гэтым годзе 35-годдзе шлюбу. Гэта — Валянціна і Алег Мініч, Наталля і Аркадзь Плотка, Ганна і Генадзь Сяргей, Таццяна і Андрэй Гусевы. Словы віншаванняў і падарункі ад сельгаспрадпрыемства і РА Беларускага чырвонага крыжа атрымалі і шматдзетныя сем’і Плешко, Драчэнка, Сарнацкіх, Паповых, Нагорных, Бавкалоўскіх, Лазоўскіх, Клыбік і Міхлай.
Выдатным упрыгожваннем свята сталі выступленні артыстаў Грыцкевіцкага СДК Таццяны Шараметы, Віктара Данілава, Дар’і Блашэнкі, дуэт Юрыя Кабяка і Іллі Якубовіча, дзіцячай вакальнай групы “Смайлікі” і юных выканаўцаў Ганны Кабяк, Алесі Антановіч і Міланы Случак.
Не менш станоўчых эмоцый падарыў гледачам і сямейны конкурс “Мы родам з вёскі”. У ім узялі ўдзел чатыры сям’і — Юліі і Іллі Антановіч, Кацярыны і Андрэя Клім, Кацярыны і Яўгена Еўтух, а таксама Кацярыны і Сяргея Каліноўскіх. Па выніках конкурсных выпрабаванняў сям’я Клім атрымала перамогу і заручылася пуцёўкай на раённы этап конкурсу.
Якое ж свята без канцэрту? Апошнім акордам дня стаў гала-канцэрт зорак Нясвіжскага раёна.
Сваімі ўражаннямі падзяліліся і госці свята.Алена Леўшык:
— Мы прыехалі на свята ўсёй сям’ёй. Тут весела, сыну вельмі спадабалася. Больш за ўсё — збіраць аўтамат. Нават дыплом далі. У дартс таксама пакідалі дроцікі, але гэта не так уразіла. Усё, што тычыцца арміі, сыну вельмі цікава. У дзень абароны дзяцей хацелася б пажадаць бацькам цярпення, а дзецям — шмат радасці, здароўя і мірнага неба. Каб усё ў іх складвалася і, самае галоўнае, каб іх любілі іх бацькі.
Юлія Мішкевіч:
— Я наведала за дзень усе тэматычныя зоны. Вельмі разнастайна і цікава. Складана, але цікава было збіраць карту Беларусі. Маладым людзям я хачу пажадаць ніколі не стаяць на месцы, марыць і ісці да сваіх мэтаў.
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.
Фота Дарыны МІТРАКОВАЙ.






































