Сённяшнія нашы героі — несвіжане Любоў і Сяргей Біялт,
у сям’і якіх растуць пяцёра выдатных дзяцей. Любоў Мікалаеўна — карэнная несвіжанка, нарадзілася і вырасла
ў нашым горадзе ў шматдзетнай сям’і, дзе ў бацькоў было 9 дзяцей. Сяргей Пятровіч — ураджэнец Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці.
Лёс звёў іх у Гродне, дзе яны абодва вучыліся: яна —
у Гродзенскім медыцынскім універсітэце, ён — ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы,
дзе атрымліваў спецыяльнасць праграміста. Наведвалі адну царкву, там і пазнаёміліся, стварылі сям’ю.
Старэйшая дачка Аня нарадзілася ў 2016 годзе яшчэ ў Гродне. Там жа праз два гады з’явілася на свет Надзя і яшчэ праз два — Ліда.
— Калі мы даведаліся, што чакаем чацвёртае дзіця, — расказвае Любоў Мікалаеўна, — жыллёвае пытанне ўжо трэба было вырашаць і мы пераехалі ў Нясвіж, дзе ў 2021 годзе ў нас нарадзілася Маша, а ў 2023-м — Данііл. Цяпер яму 11 месяцаў. Да таго ж у Нясвіжы ў бальніцы я павінна была адпрацаваць па мэтавым накіраванні, але на 6-м курсе нара- дзілася першае дзіця, затым — малодшыя, і працу прыйшлося адкласці.
У Нясвіжы сям’і прапанавалі ўчастак для будаўніцтва дома. Далі льготны крэдыт, і тры гады таму пачалося ўзвядзенне сямейнага гнязда. Дом павінен быць двухпавярховым. Першы паверх на сённяшні дзень гатовы, і героі гэтага апавядання ўжо пераехалі ў новабудоўлю. Работы яшчэ ідуць, але набліжаюцца да завяршэння. І хай яшчэ не ўсё ідэальна, галоўнае — што яны жывуць усе разам у сваёй хаце, клапоцячыся адзін пра аднаго.
— Мы — за ранняе навучанне, — кажа шматдзетная мама. — Усе дзеці знаходзяцца пад маім наглядам дома. Нашы малыя раней, чым у агульнаадукацыйную, ідуць у музычную школу. Старэйшая дачка яшчэ ў Гродне ў чатыры з паловай гадкі пайшла вучыцца музыцы, а другая — таксама ў чатыры з паловай — у Нясвіжы. Абедзве вучацца іграць на скрыпцы. Трэцяя ўжо таксама праяўляе такое жаданне.
Прычым якога-небудзь уціску з боку бацькоў не было.
— Калі наша старэйшая дачка чула музыку, асабліва, калі бачыла скрыпку, — кажа мама, — яна з падручных матэрыялаў рабіла сабе сваю цацачную скрыпку. Падыхо- дзіла ўсё, што можна было пакласці пад падбародак, — гэта ўжо быў для яе інструмент. Так яна цягнулася да скрыпкі з двух гадоў. Таму, калі спыталі, ці жадае яна пайсці ў музычную школу, яна з радасцю пагадзілася, ёй гэта заўсёды падабалася. З пяці год яна ўжо ўдзельнічала ў конкурсах. Другая цягнецца за ёй.
Адзін з галоўных прынцыпаў выхавання ў сям’і Біялт — прывіццё дзецям самастойнасці. Дзеля гэтага тут іх вучаць чытаць да пяці гадоў. Калі старэйшая дачка ішла ў школу, яна ўжо чытала мастацкую літаратуру, таму за ўрокі чытання маме не трэба было непакоіцца. Аня пойдзе сёлета ў трэці клас, Надзя — у першы. У яе таксама з чытаннем поўны парадак.
— Калі дзеці добра чытаюць, ім лягчэй вучыцца, і яны самі разумеюць шмат чаго, што ім трэба зрабіць. Музыкай яны таксама прывыклі займацца самі: бяруць інструмент і ноты, працуюць, — расказвае Любоў Мікалаеўна.
Сама яна вучылася ў музычнай школе па класе фартэпіяна, і стараецца акампаніраваць дзецям, калі яны займаюцца на скрыпцы. Дапамагчы разабрацца ў музычнай грамаце, калі нешта незразумела, маці таксама пад сілу, таму дочкі атрымліваюць у яе асобе вялікую падтрымку.
Тата, інжынер-праграміст, працуе дома, на аддаленай рабоце. Але дзеці разумеюць, што хоць тата і дома, ён заняты і некаторы час яго не трэба турбаваць. Калі выпадае вольная хвіліна, Сяргей Пятровіч з задавальненнем бавіць час з дзецьмі. Да таго ж на ім і мноства будаўнічых клопатаў — большасць унутраных і вонкавых апрацоўчых работ ён выконвае сам.
— Таму ў нас у сям’і можна гаварыць аб падзеле абавязкаў, — з усмешкай распавядае Любоў Мікалаеўна. — Бо ў таты шмат працы на будоўлі, якая мне не пад сілу, таму скінуць на яго яшчэ і хатнія клопаты было б несправядліва. Але калі дом будзе поўнасцю гатовы, думаю, што ўсё, што можна, мы потым бу- дзем рабіць разам.
Сакрэт сямейнага шчасця, на думку дарослых членаў сям’і Біялт, — гэта бачыць таго, хто побач, заўважаць, у чым ён мае патрэбу. Найперш думаць не пра сябе, а пра іншага чалавека, рабіць нешта прыемнае для яго. Калі гэта ўзаемна, гэта і ёсць шчасце — бачыць шчаслівым чалавека, які знаходзіцца побач з табой.
— Стомленасць, вядома, бывае, — прызнаецца Любоў Мікалаеўна, — але калі ты бачыш вынік таго, што ўкладаеш у дзяцей, у дом, у сям’ю, то цяжкасці забываюцца і хутка праходзяць, таму што з’яўляюцца новыя сілы, і ты разумееш, што ёсць дзеля чаго жыць і ёсць, да чаго імкнуцца.
У перспектыве ў сям’і Біялт — добраўпарадкаванне прысядзібнага ўчастка, якое ўжо пачалося (пасаджаны невялікі агарод) і хоць і невялікая, але свая гаспадарка, напрыклад, курачкі.
— Хочацца мець нешта сваё, экалагічна чыстае, — кажа Любоў Мікалаеўна, — і дзеці павінны прывучацца пра кагосьці і пра штосьці клапаціцца. Гэта вельмі важна, каб яны раслі добрымі людзьмі.
Думаецца, што ўсё задуманае гэтай цудоўнай сям’і ўдасца. Бо для гэтага ў іх ёсць самае галоўнае — узаемнае каханне і павага.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Дарыны МІТРАКОВАЙ.