У калекцыі Аляксандра Таратуты — больш за 70 гадзіннікаў
з гіравым механізмам, самы стары з іх — 50-х гадоў
мінулага стагоддзя. Свае экспанаты ён збірае ўжо некалькі гадоў. А пачалося ўсё проста — з няспраўнага гадзінніка,
які яму падарылі. Аляксандр яго паспяхова адрамантаваў
і зразумеў, што адным гадзіннікам ён не абмяжуецца.
Сёння на сценах гасцёўні калекцыянера вісіць без малога сотня ходзікаў і гадзіннікаў з зязюлямі. У асноўным усе экспанаты Сярдобскага гадзіннікавага завода — адзінага завода
ў былым Савецкім Саюзе, які выпускаў гадзіннікі з зязюляй.
— Мяне заўсёды пытаюцца: “Што будзе, калі ўсе іх запусціць адначасова?”, — смяецца Аляксандр.
А насамрэч, калі іх усе завесці, то напэўна можна пачуць музыку часу. За кожным цыферблатам, за кожным рухам стрэлкі стаіць свая ўласная гісторыя. Кожны гадзіннік адлюстроўвае дух мінулай эпохі. Праўда, гаспадар насценных зязюляў іх не заводзіць, інакш жыць у такой “гадзіннікавай” хаце будзе няпроста.
Свае экспанаты мужчына набывае ў асноўным у добрым стане праз інтэрнет-пляцоўкі, дзе ён ужо часты госць. Акрамя гэтага, Аляксандр мае стасункі на форумах з аднадумцамі, дзе чэрпае новыя ідэі і мары. Сёння Аляксандр Таратута марыць знайсці экзэмпляр калекцыі гадзіннікаў з размаляванымі пад хахламу фасадамі, якога яшчэ не хапае. Для поўнага набору яму недастае толькі аднаго, і тады іх стане 11.
Сваім хобі калекцыянер зара- зіў і родных — зараз уся сям’я захоплена збіральніцтвам гадзіннікаў. А калекцыянаванне — даволі працаёмкая справа.
Аляксандр Татарута прызнаецца, што ўсе гадзіннікі яму па-свойму дарагія. Для калекцыянера гэта захапленне для душы, асноўная ж дзейнасць гадзіннікавага энтузіяста — фермерства, таму толькі ў зімовы перыяд ён можа цалкам прысвяціць сябе хобі, якое цікае.
Святлана
РЫЖАКОВА-ЛУЦЭВІЧ.