Нясвіжская раённая газета “Чырвоны сцяг” у 1970-м годзе змясціла ўспаміны былога франтавіка, жыхара Саратаўскай вобласці
Юрыя Пограбава.
Ён расказаў пра першыя дні Вялікай Айчыннай вайны.
“З болем у сэрцы пакідалі мы абжытую зямлю, — пісаў аўтар аповеду. — Але пакідалі, каб зноў вярнуцца. Хоць і адступалі першы год, але біліся з ворагам жорстка”.
Юрый Пограбаў служыў у 13-м механізаваным корпусе, камандаваў танкавым узводам. Корпус з баямі адыходзіў на ўсход. Як успамінаў воін, напрыканцы чэрвеня жорсткая схватка з гітлераўцамі адбылася непадалёк ад Нясвіжа. На калоны 61 і 62 танкавых палкоў, якія прыкрывалі адыход штаба корпуса, з фланга рынуліся ў атаку армады фашысцкіх танкаў, каб захапіць штаб. Але нашы воіны мужна змагаліся. Пад агнём нямецкіх “тыграў” і “пантэр” на прамую наводку паставілі ля дарогі Сноў — Нясвіж 76-міліметровыя гарматы салдаты батарэі капітана Калюжнага. Вось два снарады пранізалі вежу варожага “Т-3”. Стальная грамада спынілася і запылала. Другі варожы танк з першага выстралу падбіў разлік сяржанта Салаўёва. Неўзабаве факелам успыхнула трэцяя варожая машына. Немцы пачалі адыходзіць у бок Клецка.
“Салдаты 62-га танкавага палка захапілі выгадныя рубяжы, акапаліся, — працягваў свой расказ Юрый Сяргеевіч Пограбаў. — Але прывесці ў парадак пярэдні край абароны не хапіла часу. 18 бамбардзіроўшчыкаў “Ю-88” з’явіліся над нашымі пазіцыямі. Пасыпаліся бомбы. Ад узрываў уздрыгвала зямля. 11 танкаў ворага і да батальёна пяхоты пры падтрымцы артылерыі кінуліся ў атаку на роту лейтэнанта Куско. Цаной свайго жыцця зампаліт Шарыфаў падарваў звязкай гранат фашысцкі танк, што прарваўся на пярэдні край нашай абароны. Да апошняга дыхання касіў гітлераўцаў з кулямёта баец Лесідзе. Штыкамі і гранатамі сустрэлі акупантаў байцы Данілін, Астраўны, Іваноў, Жыленка. Атака ворага захлябнулася. У падбіты і кінуты на полі бою фашысцкі танк прабраліся два нашы разведчыкі і адкрылі з гарматы агонь па гітлераўцах, што ўцякалі”.
Потым ворагі зноў пайшлі ў атаку. Сілы былі няроўныя, і савецкім салдатам давялося адступіць. У гэты час вярнуўся з задання ўзвод лейтэнанта Гарэлава. Разведчыкі даставілі з-пад Ляхавічаў “языка” — у адной з нямецкіх аўтамашын з разбітай калоны захапілі афіцэра. Пры допыце ён даў каштоўныя звесткі пра планы захопнікаў.
“Мы адступалі на ўсход, — са скрухай успамінаў Юрый Пограбаў. — салдаты гаварылі: “Не крыўдуй на нас, нясвіжская зямля. Мы яшчэ вернемся…”.
І яны вярнуліся. У 1944-м. Прынёсшы вызваленне і мір.
Мы адшукалі звесткі пра Юрыя Пограбава, аповед пра яго армейскі шлях. Восенню 1939 года юнак паступіў у 2-е Саратаўскае танкавае ваеннае вучылішча, якое закончыў па паскоранай праграме 10 чэрвеня 1941 года, у званні “лейтэнант”. Прызначэнне атрымаў на заходнюю граніцу. 21 чэрвеня прыбыў да месца службы. На ноч спыніўся ў гарнізонной гасцініцы, бо ведаў, што патрэбны яму полк павінен на наступны дзень прыбыць для правядзення вучэнняў. Прачнуўся ў чатыры раніцы пад бамбёжкай…
Больш за месяц адыходзіў лейтэнант Пограбаў ад граніцы ў складзе рэшткаў 13-га мехкорпуса. У гэтым адрэзку часу і быў той бой пад Нясвіжам. Да сваіх удалося прарвацца толькі ў канцы ліпеня, у начным баі праз Сож. Пад бесперапынным мінамётным абстрэлам пераплыў раку, на супрацьлеглым беразе трымалі абарону нашы пехацінцы. Праз некалькі дзён пры авіяналёце фашыстаў быў паранены ў нагу. Пасля лячэння ў шпіталі ваяваў на Карэльскім, Ленінградскім і Волхаўскім франтах у званні гвардыі старшага лейтэнанта камандзірам узвода цяжкіх танкаў 46-й танкавай брыгады. У сакавіку 1942 года падчас бою Юрый Пограбаў быў цяжка кантужаны. Здароўе ў шпіталі аднаўлялася вельмі павольна. З дзеючай арміі Пограбава камісавалі з умовай праз шэсць месяцаў прайсці паўторны ўрачэбны пераагляд…
Пазней вайну з ворагам ён змог працягваць, толькі ўжо стралком, служыў у 28-й арміі I Украінскага фронту. Быў узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”.
Такім цяжкім быў ваенны шлях мільёнаў савецкіх салдат, на долю якіх выпала і горыч паражэнняў, і радасць перамогі. Зямля, якую яны абаранялі, палівалі сваёй крывёю, дзякуе ім сёння. За тое, што на ёй важкім коласам звініць збажына, хвалююцца пад ветрам густыя травы. Вокнамі да сонца цягнуцца новыя дамы. За гэта салдаты і ваявалі.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
заслужаны журналіст
Беларускага саюза
журналістаў.