Мы працягваем расказваць пра ўдзельнікаў раённага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”. Сёння гэта Аляксандр і Ганна Лабажэвіч, якія лічаць бязмежным шчасцем мець магчымасць жыць і працаваць вялікай дружнай сям’ёй.
Жывуць яны ў аграгарадку Аношкі. Сямейная пара выхоўвае сыночка і трох дачушак. Самай маленькай Аляксандры ўсяго паўтара годзіка.
— Я заўсёды хацела многа дзяцей, — дзеліцца Ганна Дзмітрыеўна. — Сама вырасла ў вялікай сям’і і ведаю, што гэта асаблівае шчасце. Мы з мужам абодва выраслі ў вёсцы. Ён — у Жылічах, я — у Аношках. Абое заўсёды былі прывычныя да работы, таму і выбралі жыццё ў сельскай мясцовасці. Адразу жылі з бацькамі мужа, а калі пабудавалі дом, сталі навасёламі. Нашаму Ромку на той час было ўсяго два тыдні.
У бацькоў мужа — фермерская гаспадарка, якая патрабуе шмат клопату, але дае і стабільны даход. Мы таксама вырашылі, што бу- дзем трымаць кароўку. Пачыналі з адной, а пазней купілі другую, трэцюю… Вядома, сумяшчаць выхаванне дзетак і гаспадарыць няпроста, але мы ніколі не дзелім абавязкі, а проста працуем, падтрымліваючы адзін аднаго, — сцвярджае маладая гаспадыня.
З цягам часу гаспадарка Лабажэвічаў расла і развівалася — сёння яны трымаюць дванаццаць рагуль малочнай пароды. Раніца пачынаецца з дойкі, кармлення, астуджвання малака і гэдак далей.
Ёсць плошча для пасьбы, добра выручае электрапастух. З кармамі дапамагае мясцовае сельгаспрадпрыемства. У выніку штодзень у цыстэрну малакавоза адпраўляецца да 170 літраў малака, якое ідзе на перапрацоўку. Так што маладая сям’я не толькі сябе корміць, але яшчэ ўносіць пасільны ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны.
Сапраўды, Ганна і Аляксандр Лабажэвічы адносяцца да тых, хто хоча і ўмее працаваць. Аляксандр у свой час скончыў Ляхавіцкі аграрны каледж і атрымаў адукацыю па спецыяльнасці “заатэхнія”. Зараз працуе аператарам штучнага асемянення жывёлы ў ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”.
Ганна некалі выбрала для атрымання адукацыі Віцебскую ветэрынарную акадэмію. З дзяцінства дзяўчынка вельмі любіла жывёлу, і сёння, прызнаецца яна, асаблівае захапленне ў яе выклікае сіла, імклівасць і грацыёзнасць коней, іх прыгожыя шаўкавістыя грывы.
Але лёс распарадзіўся інакш, вучобу прыйшлося часова адкласці надалей. Пакуль маладая мама выконвае самае непасрэднае прызначэнне жанчыны — даглядае маленькую — чацвёртую дачушку.
На пытанне, што значыць для яе быць мамай, мая субяседніца без ценю сумнення адказвае:
— З’яўленне на свет дзіцяці — гэта кожны раз сапраўдны цуд. А для нас з мужам разам з тым і вялікая адказнасць. Што тычыцца мяне, то быць мамай — гэта значыць адкласці думкі пра сябе, а думаць пра дзяцей, песціць іх, пакуль маленькія.
Зараз я знаходжуся ў адпачынку па доглядзе дзіцяці, таму і дамашнія клопаты больш на мне. Ужо шмат што дапамагаюць старэйшыя дачушкі, з маленства мы стараемся прывіць ім любоў да працы і адказнасць за даручаную справу.
У выхаванні дзяцей мы з мужам салідарныя. Каб дома быў лад, вучым клапаціцца адзін пра аднаго, дапамагаць адзін аднаму, а калі прыходзіцца, то і паспачуваць. Лічым, што атмасфера сямейнага цяпла ў любога чалавека свой пачатак бярэ з сям’і, дзе ён вырас. Прыклад для нас — нашы бацькі. Жывучы асобна, мы не забываемся наведвацца да іх на святы, асабліва любім збірацца на Вялік-дзень. Унукі заўсёды рады гасціннасці бабулі і дзядулі. Так добра, што яны побач з намі са сваім жыццё- вым вопытам!
Пройдзе час і менавіта нашым дзецям прыйдзецца самастойна, па цаглінцы, будаваць сваё жыццё, крочыць жыццёвымі дарогамі. Прадугледзець, каб на іх сустракалася менш выбоін і паваротаў, немагчыма, а вось падрыхтаваць дзяцей да складанасцей можна. Гэта значыць — навучыць іх клапаціцца пра бліжняга, прывіць любоў да працы, радавацца таму дабрабыту, які маеш. Ужо сёння нашы дзеці ведаюць, што іх бацькі, бабулі і дзядулі, дзякуючы працы на зямлі, у сельскай гаспадарцы, годна жывуць і радуюцца за нас. А мы кожны раз адчуваем, што да бацькоўскага парога можна вярнуцца, каб атрымаць патрэбную падказку, бо бацькоўская мудрасць — добры падмурак для маладой сям’і, — лічыць Ганна Дзмітрыеўна.
Дома ў маладых вяскоўцаў пануе атмасфера дабрыні і дабрабыту. Вядома, бываюць і спрэчкі. Але яны заўсёды вырашаюцца палюбоўна.
Звычайна Аляксандр і Ганна загружаны работай з раніцы да вечара — дагледзець вялікую гаспадарку не так і проста. Але на дзяцей заўсёды ёсць час. Бацькі падтрымліваюць інтарэсы і захапленні дзяўчатак. Віка, напрыклад, у вольны ад вучобы час наведвае танцавальны гурток, а меншая Марыйка — гурток малявання. З маленькай Аляксандрай больш займаецца Ромка.
Бывае разам з бацькамі ў вольную хвіліну дзеці выбіраюцца паву- дзіць рыбу. А калі тата, вярнуўшыся з работы, падтрымае ідэю пагуляць з мячыкам, шчасцю малых няма канца.
Любяць у Лабажэвічаў бываць і сваякі (радня ж вялікая!), і тады двор сельскіх жыхароў напаўняецца вясёлым гоманам. Дзеці катаюцца на веласіпедах, гуляюць на дзіцячай пляцоўцы, з задавальненнем скачуць на батуце. Час ад часу ў доме мнагадзетнай сям’і лунае водар свежай выпечкі — мама любіць парадаваць усіх пірагамі, яна — добрая гаспадыня.
Каб арганізавацца для ўдзелу ў конкурсе, Лабажэвічы прыклалі нямала намаганняў. Ды і не дзіва, з такой гаспадаркай. Але ўсё атрымалася.
— Удзел у конкурсе быў для нас цікавым і прынёс шмат станоўчых эмоцый. Мы разам з дзецьмі правялі некалькі гадзін, перажываючы і падтрымліваючы адзін аднаго. Гэта аб’яднала нашу сям’ю ў чарговы раз, а значыць мы сталі яшчэ больш дружнымі. І няхай перамога ў конкурсе дасталася іншым, мы радаваліся за пераможцаў, бо з кожнай жыццёвай сітуацыі трэба выносіць урок на будучыню, а пацярпеўшы няўдачу, ісці далей і з усмешкай сустракаць новыя падзеі, якія абавязкова будуць добрымі.
Іна ВАСІЛЕВІЧ.