Меню
Курс $  3.05 | €  3.53 | ₽100  3.8 |
Погода 9 °C

Калі праца табе цікавая, працаваць лягчэй

Нясвіжскія навіны 9 месяцев назад 0 39

Пост опубликован: 28.07.2024

У нядзелю — дзень работнікаў гандлю

Нагрудным знакам “Выдатнік гандлю” з нагоды прафесійнага свята ўзнагароджана галоўны бухгалтар УП “Магазін №10” Іна Блашкевіч.

Іна Іванаўна нарадзілася і вырасла на Брэстчыне, але, стаўшы жонкай ваеннага, пабывала разам з ім вельмі далёка ад радзімы, нават на Далёкім Усходзе, і воляй лёсу апынулася ў Нясвіжы, куды быў накіраваны муж па месцы службы.



— Першую вышэйшую адукацыю я атрымала па спецыяльнасці “Інжынер-тэхнолаг. Будаўнік”, — расказала мая суразмоўца ў нашай гутарцы. — Калі мне прыйшлося выходзіць на работу з адпачынку па доглядзе за дзіцём, у Нясвіжы такіх прадпрыемстваў не было, таму што я вучылася на тэхнолага па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў для домабудавання. Стала відавочнай неабходнасць перападрыхтоўкі, і ў цэнтры занятасці мне далі на яе накіраванне. Цэлы год вучылася ў БДУ, дзе атрымала дыплом аб перападрыхтоўцы па спецыяльнасці “эканаміст-юрыст”. Гэта было ў 1997 годзе. І ў гэтым жа годзе прыйшла на работу ў дзяржаўнае прадпрыемства гандлю “Магазін №10”, якому быў патрэбны бухгалтар.

Праз год, калі вызвалілася месца галоўнага бухгалтара, на гэту пасаду прызначылі яе. Там Іна Іванаўна і працуе па сённяшні дзень.
Незаўважна праляцелі 27 гадоў. За гэты час вырасла дачка гераіні гэтага аповеду, з’явіліся ўнукі. А прадпрыемства пераўтваралася, пераназывалася, стала ўнітарным прадпрыемствам “Магазін №10”.

— Калі я прыйшла на гэтае прадпрыемства, тут быў вельмі дружны, згуртаваны калектыў, — узгадвае І.І. Блашкевіч. — Мае калегі — і прадаўцы, і таваразнаўцы, і сама тагачасны дырэктар Іраіда Валянцінаўна Салава мелі вялікі досвед працы і цярпліва ўводзілі мяне ў спецыфіку працэсу гандлю. Бухгалтарскі ўлік — праца, на першы погляд, руцінная, гэта праца з лічбамі, якія трэба лічыць і ўлічваць. Але ў ёй нельга быць добрым спецыялістам без пастаяннай самаадукацыі, нельга сядзець на адным месцы. Бухгалтар налічвае заробак, зводзіць баланс, супастаўляе лічбы, што дазваляе наглядна ўбачыць, паспяховая ці не праца прадпрыемства. Бухгалтарскі ўлік патрабуе парадку не толькі ў дакументах, але і ў думках, у справах, у настроі. Часам я задавала сабе пытанне, ці мая гэтая справа? І прыходзіла да высновы, што так. Мне падабаецца працаваць з лічбамі. А каб гэтая праца ішла яшчэ больш паспяхова, у 2020 годзе атрымала яшчэ адну вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “бухгалтарскі ўлік і аналіз” у БДЭУ.

Гэты факт пацвярджае словы маёй гераіні пра тое, што добры спецыяліст павінен пастаянна вучыцца — калі не ў адпаведнай установе, то самастойна.

Сёння на дапамогу бухгалтару прыходзяць спецыяльныя праграмы, якія значна палягчаюць працу, але іх трэба асвойваць. Трэба асвойваць і некаторыя паралельныя веды: бухгалтар сёння не толькі эканаміст, але часткова і юрыст. Ён павінен ведаць працоўнае права, бо пры налічэнні зарплаты без працоўнага кодэкса — нікуды. Гэта нялёгка, але цікава. Нельга забываць і пра заканадаўства, якое пастаянна змяняецца, дзе важна нічога не прапусціць, дакладна ацаніць сітуацыю.

— Наша прадпрыемства стабільна развіваецца, — гаворыць Іна Іванаўна. — У 2013 годзе мы прайшлі рэарганізацыю шляхам далучэння магазінаў №24 і 14. Цяпер іх плошчы здадзены ў арэнду. Быў час, калі пад маім кіраўніцтвам працавалі пяць бухгалтараў, цяпер — адзін. У любым выпадку галоўны бухгалтар павінен ве- даць усе ўчасткі працы, каб іх кантраляваць і ў выпадку адсутнасці падначаленага якасна зрабіць і яго работу.

На пытанне аб прафесійным выгаранні мая суразмоўца адказала, што ёсць меркаванне, што ў такім выпадку трэба мяняць месца працы. Але, на яе думку, калі работа чалавеку цікавая, то яно яму не пагражае. Да таго ж, значна лягчэй працаваць, калі побач ёсць надзейнае плячо, правераныя часам людзі. Ні для каго не сакрэт, што на працы мы право- дзім большую частку нашага жыцця, таму ад таго, з кім побач ты працуеш, залежыць вельмі шмат.

— Мне ў гэтым плане вельмі пашанцавала, — адзначыла мая суразмоўца. — Як бы там ні было, у любой працы трэба шукаць пазітыў і разумець, што тое, што ты робіш, — гэта важна і камусьці трэба. І калі я аналізую дзейнасць свайго прадпрыемства і бачу, што яно спрацавала добра, што ёсць прыбытак, гэта вельмі радуе. Бо калі ёсць прыбытак, значыць, у работнікаў павысіцца зарплата, а гэта добра не толькі для іх саміх, але і для іх сем’яў.

У гэтым годзе рэспубліка святкуе 100-годдзе органаў гандлю. Гэта найважнейшы складнік эканомікі краіны. Але разам з гэтым гэта і вельмі складаная галіна, гэта праца з людзьмі. Работнікі гандлю ўвесь час сутыкаюцца з пакупнікамі, знаходзяцца ў бесперапынных зносінах з імі і з пастаўшчыкамі. Праца работніка гандлю нялёгкая, але ўдзячная, бо ўсё ж такі задаволеных пакупкай і абслугоўваннем наведвальнікаў магазінаў значна больш, чым незадаволеных.
Асобныя цёплыя словы Іна Іванаўна прысвяціла нашаму гораду, які стаў для яе родным.

— Большая частка майго актыўнага, працоўнага жыцця прайшла ў Нясвіжы. Мы самі выбралі гэты горад, калі вярталіся пасля распаду Савецкага саюза ў Беларусь і ніколі не пашкадавалі аб гэтым. Тут цудоўная атмасфера, добрыя людзі, тут вырасла мая дачка. Калісьці я нават не магла паду- маць, што буду так паспяхова працаваць у гандлёвым прадпрыемстве, але зараз бачу, што ўсё было не дарма.
Дзякуй усім, хто так высока ацаніў маю працу, і няхай нашы крамы будуць багатымі на тавар і шчаслівых пакупнікоў!

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!