У НЯДЗЕЛЮ — ДЗЕНЬ РАБОТНІКАЎ КУЛЬТУРЫ
Штогод у другую нядзелю кастрычніка адзначаецца Дзень работнікаў культуры. Да гэтага свята, якое было зацверджана ў Беларусі ў 1998 годзе, маюць дачыненне дзясяткі тысяч беларусаў. Гэта людзі, якія звязалі сваё прафесійнае жыццё з творчасцю — мастакі і рамеснікі, клубныя работнікі і супрацоўнікі музеяў і іншыя — тыя, хто пастаянна знаходзіцца ў цэнтры самых значных сучасных падзей, адначасова захоўваючы багатую спадчыну народа.
Сёння пра сваё прафесійнае жыццё расказвае Тамара Кобусь. Роўна тры дзесяцігоддзі аддала яна сферы культуры, большую частку з іх — як дырэктар Гарадзейскага пасялковага Дома культуры.
Сваё жыццё з гэтай работай яна звязала не адразу. Гартаючы старонкі біяграфіі, Тамара Анатольеўна ўспамінае, як вучылася ў Гарадзейскай школе, які ўплыў на яе выхаванне ў той час аказваў дзядуля, пакуль мама была занятая на рабоце (яна працавала на мясцовым ільнозаводзе). З усмешкай мая гераіня расказвае пра свае юнацкія шляхі-дарогі, калі пасля паспяховага заканчэння школы выбрала для атрымання прафесійнай адукацыі тэхналагічны тэхнікум (дарэчы, з адабрэння дзядулі), але разам з сяброўкай трапіла ў вучылішча чыгуначнікаў. Вельмі ж ужо спадабалася форма навучэнцаў на дзяўчатах, за якімі і ўскочылі ў сталічны трамвай №11 (да гэтага часу памятае нумар) Тамара і яе сяброўка. Атэстаты ў дзяўчат былі добрыя, таму перашкод ніякіх не было, паступілі. Пасля заканчэння ўстановы адукацыі некалькі гадоў запар пад стук колаў цягніка яны ў той форме, што некалі так упадабалі з першага погляду, сустракалі і праводзілі пасажыраў па накірунках на Маскву, Адлер, Кіславодск, Данецк і інш.
А пазней маладой дзяўчыне лёсам было наканавана пераехаць назад на малую радзіму. На той час вярнуўся з арміі любы чалавек, маладыя ўзялі шлюб, а пазней сям’я папоўнілася дзецьмі.
Праз некаторы час Тамары, якую ведалі як актыўную пявунню, прапанавалі працу ва Ужанкаўскім сельскім клубе, дзе маладая жанчына адказна ўзялася за справу, і адразу ўпэўнілася, што вопыт і маладосць у спалучэнні даюць добры плён у працы.
— Сельскі клуб з задавальненнем наведвалі і дзеці, і дарослыя. Развівалася мастацкая самадзейнасць. З часам стварылі там фальклорны гурт, куды ўвайшлі жанчыны паважанага ўзросту з вёскі Маляўшчына.
— Памятаю, як праводзілі рэпетыцыі ў хаце адной з гаспадынь, як хораша спявалі яны. На жаль, усе яны пайшлі з жыцця, але і сёння ва ўспамінах мясцовых жыхароў жывуць песні Марыі Паўлаўны Дарафей, Ганны Паўлаўны Рудлеўскай, Марыі Паўлаўны Клімко і іншых, — расказвае мая суразмоўца.
— Праз пяць гадоў мне прапанавалі пасаду дырэктара пасялковага дома культуры ў Гарадзеі. На той час я скончыла Мінскае культпрасветвучылішча.
Вядома, хвалявалася, ці спраўлюся, бо работа патрабавала вялікай адказнасці і самаадданасці. Выкананне дзяржаўнай культурнай палітыкі, папулярызацыя розных відаў мастацтва жыхароў пасёлка і проста наяўнасць зносін з людзьмі ва ўстанове культуры, наладжванне масавых гулянняў патрабавалі многа часу і клопатаў.
Мы стараліся зацікавіць жыхароў пасёлка, унесці ў іх жыццё нейкую лёгкасць. Выкарыстоўваючы таленты мясцовых жыхароў, стваралі вакальныя групы, ансамблі, гурткі, якія з часам пашырыліся да аб’яднанняў па інтарэсах.
Памятаю, што добрую падтрымку адчувала дзякуючы Івану Іванавічу Буглаю, які працаваў у ДК акампаніятарам. Менавіта па яго ініцыятыве была створана мужчынская вакальная група, творчасць якой упрыгожвала многія мерапрыемствы раёна.
У нашым Доме культуры працавалі дзесяць калектываў, сярод якіх вакальна-інструментальны ансамбль, драмгурток, лялечны тэатр і іншае.
Напрыклад, у аб’яднанні па інтарэсах “Бураціна” займаліся падрыхтоўкай пастановак розных твораў, у майстэрні ла- дзілі касцюмы для герояў сцэны.
У клуб “Падлетак” прыйшлі школьнікі, з якімі займаліся самадзейнасцю яшчэ ва Ужанкаўскім СДК. Вельмі я любіла сваіх юных спевакоў. Сярод іх — былая супрацоўніца “НН” Даша Піваварская, Уладзіслаў Кутас, Даша Касмовіч, Вікторыя Шыцікава, Віктар Шыманскі і іншыя.
Сёння, адсочваючы лёсы нашых выхаванцаў, вельмі радуюся, што яны выраслі культурнымі, адукаванымі, таленавітымі. У некаторых падлеткавыя хобі перараслі ў справу жыцця.
Вялікую цікавасць на той час выклікаў і клуб “Відэафокус”. Здымалі відэасюжэты, паказвалі іх мясцовым жыхарам перад мерапрыемствамі. Памятаю, што адным з самых цікавых відэасюжэтаў у рамках работы “Сямейнага клуба” быў сюжэт пра сярэбраных юбіляраў — сям’ю Туравец.
Шчырую зацікаўленасць сярод гарадзейцаў выклікаў клуб па інтарэсах “Гаспадынька”, які пазней перарос у аб’яднанне “Гурман”, прыхільнікі якога разам з жыхаркай Гарадзеі Наталляй Ярашэвіч дзяліліся рэцэптамі страў на розныя густы. Шмат новых цікавых ідэй у работу нашага Дома культуры ўносіла Рыната Лелік.
У нашых майстроў і артыстаў самадзейнай творчасці ў ДК можна было не толькі многаму навучыцца, але і правесці час з сапраўднай асалодай. Ды і выставы нашых дзяўчат на раённых мерапрыемствах з мноствам страў беларускай нацыянальнай кухні і салодкімі прысмакамі атрымлівалі найлепшыя водгукі наведвальнікаў.
Мнагалюдна было ў Гара- дзеіі на святы. Шырокамаштабна адзначалі Дзень Перамогі: ушанаванне памяці загінулых у час Вялікай Айчыннай вайны землякоў, мітынгі-рэквіемы і мерапрыемствы ў гонар святочнай гадавіны і міру сённяшніх дзён.
Ладзілі масавыя гулянні на Юр’я і Сёмуху, Іллю і Каляды. Рыхтуючыся да святаў, раіліся з мясцовымі святарамі, каб разу- мець што трэба данесці лю- дзям, як правільна пабудаваць сцэнарый, каб не парушаць традыцыі продкаў.
Цікава праходзіў і Дзень моладзі. Успамінаю, як рыхтаваліся да конкурсу “Каханне з першага погляду”, які быў “нашчадкам” папулярнай на той час тэлеперадачы. Весела было, цікава. Вядома, удзельнікаў заахвочвалі падарункамі, пра якія клапаціўся аддзел культуры райвыканкама. Добрую падтрымку заўсёды адчувалі і ад Гарадзейскага льнозавода, і ад Гарадзейскага пасялковага і сельскага выканаўчых камітэтаў.
Сёння Тамара Анатольеўна з удзячнасцю ўспамінае гады працы ў Гарадзейскім ПДК, і людзей, з якімі давялося працаваць, ад якіх увесь час адчувала падтрымку і разу- менне, запальвалася творчым агеньчыкам. Сярод іх — Мікалай Іванавіч Сялецкі, Леаніда Мікалаеўна Віхрова, якія, на жаль пайшлі з жыцця, Таццяна Іванаўна Лук’янчык, Ганна Дзмітрыеўна Віннічак і іншыя.
— Мне вельмі шанцавала на людзей у жыцці. Сёння я знаходжуся на заслужаным адпачынку, сачу за культурнымі падзеямі раёна і разумею, наколькі ярка свецяць зоркі нашай Нясвіжчыны, наколькі шматгранныя таленты нашай малой радзімы! — адзначыла мая суразмоўца.
Здаецца, калі расказваеш пра работніка культуры, то адразу згадваюцца вясёлыя мерапрыемствы, канцэрты, фестывалі, урачыстыя цырымоніі. Іх работа здаецца штодзённым святам. Але за ўсім гэтым на самой справе стаіць карпатлівая праца, дзеля якой іншы раз прыходзіцца нават нечым ахвяраваць.
Пра дзесяцігоддзі жыцця, прысвечаныя працы на ніве культуры, Тамары Кобусь нагадваюць яе заслужаныя ўзнагароды розных гадоў — Ганаровая грамата як мастацкаму кіраўніку Ужанкаўскага СДК за актыўную работу па развіцці самадзейнай мастацкай творчасці, Падзяка старшыні райвыканкама і Ганаровая грамата аддзела культуры Нясвіжскага райвыканкама як дырэктару Гарадзейскага ПДК за шматгадовую добрасумленную працу па адраджэнні народных святаў і абрадаў, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, арганізацыю культурнага адпачынку насельніцтва, развіццё самадзейнай творчасці, актыўную канцэртную дзейнасць і іншае.
У канцы нашай гутаркі Тамара Анатольеўна шчыра прызналася, што сёння на першым месцы ў яе сям’я. Разам з мужам яны ідуць побач 46 гадоў. Жанчына ўдзячна і сёння свайму гаспадару і дзецям за разуменне і дапамогу, што яна адчувала ва ўсе гады працы. Калі ў выхадныя радня збіраецца разам, то кожны лю- біць бавіць час ля кветак гаспадыні — ружаў, цыній, лілей, якія ствараюць пазітыўны настрой.
Менавіта пазітыву ў жыцці Тамара Анатольеўна жадае ўсім работнікам культуры напярэдадні свята і падкрэслівае:
— Галоўнае — каб кожны жыў з аптымізмам, тады і яркіх момантаў, якія натхняюць на творчасць, будзе больш. Няхай усім шчасціць у жыцці, а нашы дзеці жывуць пад мірным небам.
Іна ВАСІЛЕВІЧ.