Згодна з распараджэннем Нясвіжскага райвыканкама, на працягу кастрычніка па суботах на цэнтральным рынку Нясвіжа праходзяць асеннія кірмашы па продажы сельскагаспадарчай прадукцыі. У суботу, 19 кастрычніка, сельгаспрадпрыемствы раёна, фермерскія гаспадаркі нашага і суседніх рэгіёнаў прапанавалі спажыўцу збожжа, бульбу, капусту, моркву, буракі, перац, яблыкі, грушы і іншае.
Каля грузавых машын ААТ “Грыцкевічы” і “17 Верасня”, якія прывезлі на кірмаш збожжа і кукурузу, адразу з’явілася чарга. Пшаніцы, якую прадавалі па 49 і па 50 капеек за 1 кг адпаведна, некалькі тон збожжа разабралі за паўгадзіны. Кукурузу коштам 50 капеек за 1 кг (21 рубель мяшок) гаспадары бралі таксама для патрэб асабістай гаспадаркі, але менш актыўна.
Гутару з несвіжанінам Уладзімірам Андрэевічам.
— Заўсёды наведваю асеннія кірмашы. На гэты раз хацеў для курэй купіць мяшок пшаніцы, для дастаўкі і веласіпед узяў, але не хапіла. Дамовіўся на наступныя выхадныя, абяцалі прывезці, — тлумачыць пенсіянер.
Цэлымі сеткамі запасаюцца наведвальнікі рынка бульбай, цыбуляй, буракамі. Сваю прадукцыю прапаноўваюць ветлівыя гаспадары.
— Маю 40 сотак зямлі, ёсць дачы, і каля дома выкарыстоўваем участак, — расказвае гаспадыня з Нясвіжа. — Ураджай вырасцілі добры, таму прывезлі лішкі на кірмаш. Капусту прадаём па 1,3 рубля за 1 кг, буракі і моркву — па 1,2 рубля. Цыбулю — па 1,5 рубля. Пакупнік на нашу прадукцыю ёсць, — запэўніла жанчына.
Людна каля машын гаспадароў з Капыльшчыны і Клеччыны, якія прывезлі капусту, бульбу і моркву.
— Добрым попытам сёння карысталася бульба. Кірмаш толькі пачаўся, а прадалі ўсе сеткі. Добра бяруць і капусту на засолку, прыходзяць пакупнікі, якія нас ведаюць па мінулым годзе. Прыемна. Значыць, якасць тавара задавальняе, — падзяліліся прадаўцы з суседняга Клецкага раёна.
Тут жа гандлёвыя кропкі невялікіх прыватных гаспадарак, земляробаў з Затур’і, фермераў з Дунайчыц Клецкага раёна, КФГ “Ніва”. Капусту і моркву на кірмашы гандляры прапаноўвалі ад аднаго рубля да 1,3 рубля, бульба каштавала 90 капеек за кілаграм, цыбуля — 1,3 рубля, буракі — ад рубля і даражэй. Гародніну пакупнікі набывалі цэлымі сеткамі, з задавальненнем пакідаючы прыветлівых прадаўцоў. А некаторыя пакупнікі прызнаваліся, што гародніну бяруць у нясвіжскіх магазінах, дзе морква, напрыклад, каштуе танней — 75 капеек за кілаграм.
Як заўсёды, добрым попытам на кірмашы карысталася прадукцыя рыбгаса “Альба”. Таўсталобіка прадавалі па 5,83 рубля, белага амура — па 8,25, а карп каштаваў 8,50 рубля за 1 кг. Адзін з пакупнікоў зрабіў запыт на карася, адлоў якога плануецца ў бліжэйшы час.
Гаспадар з Нясвіжа прадаваў садавіну: яблыкі “каштэль”, “мядовы хруст”, “чараўніца”, “антэй” — па 3 рублі, грушу — па 3,5 і 5 рублёў.
Побач — грэцкі арэх у мяхах. Кошт — 6 рублёў за кілаграм. Галоўку часныку бралі па рублю — на пасадку і для засолкі.
Многія пакупнікі былі задаволены і таварам, і ветлівасцю гаспадароў гандлёвых кропак. Некаторыя выказвалі пажаданні, каб на кірмашы было больш прапаноў для пакупніка. А некаторыя наведвальнікі цэнтральнага рынка канкрэтна ўдакладнялі, ці прывязуць на наступныя выхадныя тую ці іншую прадукцыю.
Сезон кірмашоў у Нясвіжы блізіцца да завяршэння. А ў суботу, 26 кастрычніка, на цэнтральным рынку ў Нясвіжы можна будзе набыць прадукцыю сельскагаспрадпрыемстваў нашага раёна. Гандлёвыя кропкі ААТ “Грыцкевічы”, “17 Верасня”, “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”, “Нясвіжскія Астроўкі” і іншых сельгаспрадпрыемстваў будуць прапаноўваць свой тавар і ў першую чаргу збожжа.
Калі ж час не церпіць, то да суботы можна звярнуцца ў Нясвіжскую сортавыпрабавальную станцыю, дзе для дамашняй гаспадаркі можна купіць зерне: пшаніцу — па 61 капейцы за 1 кг, ячмень і трыцікале — па 0,55 рубля. Даведкі па тэлефоне ў буднія дні — 2-37-65.
Іна ВАСІЛЕВІЧ.