Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў тэрмін дзеяння праграмы сямейнага капіталу на наступны пяцігадовы перыяд з 2025 па 2029 год з захаваннем дзеючых умоў для яго назначэння. Адпаведны ўказ Кіраўнік дзяржавы падпісаў 30 кастрычніка.
Дакументам пашыраюцца магчымасці выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў. Так, даецца права іх датэрміновага выкарыстання пры будаўніцтве жылля незалежна ад наяўнасці накіравання мясцовага органа ўлады на такое будаўніцтва. Не ўлічваюцца ў агульнай плошчы жылля, якое знаходзіцца ва ўласнасці сям’і, жылыя памяшканні, якія не адпавядаюць санітарным і тэхнічным патрабаванням. Прадугледжваецца магчымасць датэрміновага выкарыстання сродкаў на набыццё долі (або долей) жылых памяшканняў, калі ў сям’і ўжо ёсць ва ўласнасці долі гэтых жылых памяшканняў. Дазваляецца таксама датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу на пагашэнне крэдытаў, выдадзеных на падставе дагавораў аб рэфінансаванні крэдытаў на ўзвядзенне, рэканструкцыю, набыццё жылых памяшканняў, долі (або долей) у праве ўласнасці на іх.
Ва ўказе ўпершыню замацоўваюцца правы дзяцей (у тым ліку пры разводзе бацькоў) на жылыя памяшканні, пабудаваныя або набытыя з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу.
Устанаўліваецца магчымасць аплаты навучання за наступны навучальны год пры накіраванні сямейнага капіталу на атрыманне адукацыі (а цяпер толькі за бягучы і папярэдні гады). Пашыраецца пералік сродкаў, прызначаных для сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў, якія можна набыць з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу.
Акрамя таго, дакументам прадастаўляецца права на назначэнне сямейнага капіталу замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, пры набыцці імі грамадзянства не пазней, чым за адзін год з дня нараджэння (або ўсынаўлення, удачарэння) трэцяга і наступных дзяцей.
Указ прыняты ў мэтах паляпшэння ўмоў жыццядзейнасці мнагадзетных сем’яў і іх доўгатэрміновай дзяржаўнай падтрымкі.
У сакавіку гэтага года падчас размовы з актывам Беларускага саюза жанчын Аляксандр Лукашэнка заявіў аб намеры падоўжыць
праграму сямейнага капіталу. Прэзідэнт адзначыў, што на момант пачатку рэалізацыі гэтай праграмы (2015 год. — заўвага рэд.) у Беларусі было каля 63 тыс. мнага- дзетных сем’яў, а цяпер іх колькасць перасягае 120 тыс.
“Мяркуйце самі. Мы вырашаем найважнейшае пытанне. Няма больш важнага пытання, чым прыбаўленне, прырост нашага насельніцтва. У нас з гэтым праблемы. Я часта кажу: 15 млн, а то і 20 млн наша Беларусь з нашымі працаздольнымі людзьмі і рэсурсамі змагла б накарміць, улічваючы геапалітычнае наша становішча, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я з задавальненнем прыму рашэнне аб падаўжэнні гэтага сямейнага капіталу”.
Сямейны капітал прызначаецца ў беларускіх рублях са штогадовай індэксацыяй. Памер сямейнага капіталу на 2025 год бу- дзе апублікаваны на сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны не пазней за 31 студзеня 2025 г.
Захаваны падыходы па ўмовах назначэння сямейнага капіталу катэгорыям асоб, якія маюць права на такую падтрымку, а таксама напрамках для яго датэрміновага выкарыстання.
Так, сямейны капітал прызначаецца пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей. Права на такую падтрымку маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць у рэспубліцы.
Датэрмінова сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаны на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі і медыцынскіх паслуг, набыццё тавараў для членаў сям’і з інваліднасцю.
Пашыраны таксама магчымасці датэрміновага выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу і іншыя новаўвядзенні.
Жыллё
Датэрмінова выкарыстоўваць сямейны капітал пры ўзвядзенні жылля, пры будаўніцтве жылля ў шматкватэрных жылых дамах можна будзе самастойна, без накіравання мясцовага органа ўлады (сёння накіраванне на будаўніцтва — абавязковая ўмова).
Спрасціліся ўмовы па ўліку ва ўласнасці жылля для прадастаўлення права на датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу для паляпшэння жыллёвых умоў.
У агульнай плошчы жылля, якое знахо- дзіцца ва ўласнасці сям’і, не будуць улічвацца жылыя памяшканні, прызнаныя не адпаведнымі ўстаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням.
Дадзена магчымасць датэрмінова выкарыстоўваць сямейны капітал на набыццё долі (долей) жылых памяшканняў, калі ў сям’і ўжо ёсць ва ўласнасці долі гэтых жылых памяшканняў, замацаваныя за некалькімі членамі сям’і. Напрыклад, доля кватэры належыць бацьку і дзецям, а астатняя частка — іншай асобе. зараз яе можна будзе выкупіць за сродкі сямейнага капіталу.
Таксама прадастаўлена права датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу на вяртанне крэдыту, атрыманага ў парадку рэфінансавання для пагашэння запазычанасці па раней заключанай крэдытнай дамове на фінансаванне ўзвядзення, рэканструкцыі, набыцця жылля.
Такое права будзе давацца пры выкананні наступных умоў: пастаноўка на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і адсутнасць ва ўласнасці жылля, агульная плошча якога 15 кв. метраў (у г. Мінску — 10 кв. метраў) і больш на аднаго чалавека, і інш.
Згодна з заканадаўствам гэтыя ўмовы разглядаюцца на дату заключэння першаснай крэдытнай дамовы, атрыманай на ўзвядзенне, рэканструкцыю, набыццё жылля.
Зменшана колькасць дакументаў, якія прадстаўляюцца грамадзянамі для датэрміновага распараджэння сямейным капіталам на ўзвядзенне і рэканструкцыю індывідуальнага жылля.
З пераліку дакументаў, якія прадстаўляюцца грамадзянамі, выключана пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі зямельнага ўчастка (акт на права ўласнасці на зямлю або на права пажыццёвага спадчыннага валодання зямлёй). Звесткі, якія змяшчаюцца ў гэтых дакументах, будуць запытвацца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.
Набыццё тавараў для членаў сям’і з інваліднасцю
Пералік тавараў, якія можна набыць для членаў сям’і з інваліднасцю (з парушэннямі зроку), дапоўнены электроннымі асістыўнымі прыладамі для арыентацыі, акустычнымі асістыўнымі прыладамі для навігацыі і асістыўнымі прыладамі для прагляду (відэасістэмы, якія павялічваюць выяву).
Указам замацаваны асобныя пытанні па расходаванні сродкаў сямейнага капіталу.
На паляпшэнне жыллёвых умоў
Пры набыцці аднакватэрных жылых дамоў, кватэр у блакіраваных жылых дамах, долі (долей) у праве ўласнасці на іх, сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаны як на самі жылыя памяшканні з улікам кошту зямлі, якая знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, так і на гаспадарчыя, якія набываюцца разам з імі, пабудовы і элементы добраўпарадкавання прыдамавой тэрыторыі.
Пры пагашэнні запазычанасці па крэдытах, пазыках арганізацыі, выдзеленых на ўзвядзенне, рэканструкцыю, набыццё жылля, сродкі сямейнага капіталу могуць выкарыстоўвацца незалежна ад віду крэдыту (уключаючы льготны) і даты заключэння крэдытнага дагавора, дагавора пазыкі (у тым ліку раней за 2015 год).
На атрыманне медыцынскіх паслуг
Канкрэтызавана, што права датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу на атрыманне платных медыцынскіх паслуг прадастаўляецца пры ўмове патрэбнасці ў іх атрыманні.
Патрэбнасць у атрыманні стаматалагічных паслуг будзе па-ранейшаму вызначацца на падставе заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя, а на набыццё медыцынскіх вырабаў і лекавых сродкаў — заключэння ўрачэбнага кансіліуму дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя, у склад якога ўваходзіць прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя.
Удакладнена, што за кошт сродкаў сямейнага капіталу можна набыць лекавыя сродкі, за выключэннем тых, якімі грамадзяне забяспечваюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў у адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове здароўя.
Іншыя змены
Замацаваны маёмасныя правы дзяцей на жылыя памяшканні, пабудаваныя або набытыя з выкарыстаннем сямейнага капіталу, у тым ліку пры разводзе бацькоў.
Пры пералічэнні сродкаў сямейнага капіталу на ўзвядзенне або набыццё жылля гэтыя сродкі будуць з’яўляцца сродкамі ўсіх членаў сям’і, якія сумесна паляпшаюць жыллёвыя ўмовы: бацькоў і дзяцей у роўных долях.
У такіх выпадках усе члены сям’і будуць мець права патрабаваць прызнання за імі права ўласнасці на адпаведную іх удзелу долю ў праве агульнай уласнасці на такое жылое памяшканне або выплаты ім грашовай кампенсацыі ў памеры кошту іх долі.
У іншых выпадках сродкі сямейнага капіталу будуць з’яўляцца сродкамі таго члена сям’і, у адносінах да якога яны пералічаны. Гэта адносіцца да выпадкаў выкарыстання сямейнага капіталу (у тым ліку датэрміновага) на ўзвядзенне або набыццё жылля для аднаго члена сям’і. Напрыклад, калі жыллё ўзводзіцца, набываецца не для сумеснага выкарыстання членамі сям’і, а для кагосьці аднаго. Гэта датычыцца і рэканструкцыі жылля, і вяртання (пагашэння) крэдытаў, пазык, прадастаўленых на паляпшэнне жыллёвых умоў, на адукацыю, на медыцынскія паслугі, на тавары для членаў сям’і з інваліднасцю.
Уведзена забарона на паўторную пастаноўку на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў на працягу 5 гадоў пасля дзяржаўнай рэгістрацыі права ўласнасці на жыллё — пры датэрміновым выкарыстанні сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў.
Да заканчэння 5-гадовага тэрміну пастаноўка на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў магчыма толькі ў выключных выпадках. Сярод іх — павелічэнне складу сям’і ў сувязі з нараджэннем (усынаўленнем, удачарэннем) дзяцей. А таксама пераезд ваеннаслужачых, асоб радавога і начальніцкага складу сілавых ведамстваў (Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, органаў унутраных спраў, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях) у іншы населены пункт пры назначэнні іх на пасаду.
Прадастаўлена права на назначэнне сямейнага капіталу для грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія не мелі беларускага грамадзянства на дату нараджэння (усынаўлення) трэцяга або наступнага дзіцяці, але атрымалі грамадзянства Рэспублікі Беларусь на працягу 12 месяцаў пасля яго нараджэння (усынаўлення).
Указ уступае ў сілу з 1 студзеня 2025 г.
Падрыхтавала Ірына ЕФІШОВА.



